Музыка з Мінска Віктар Сямашка пачаў публікаваць у сеціве серыю запісаў пад агульным загалоўкам Pramzona.
Аўдыёсесіі адбываліся цягам 2010-ых гадоў у розных пунктах Беларусі (Мінск, Ракаў, Мазыр) і Польшчы (Гайнаўка). За гэты час у праекце паўдзельнічалі каля двух дзясяткаў інструменталістаў.
Па словах Віктара, «для супольнага грання ў рэжыме строгае сакрэтнасці абіраліся пераважна прамысловыя аб’екты рознае ступені занядбанасці, лакацыі мусілі мець адметную акустыку і спадручнае для здабывання гуку начынне».
Для праслухоўвання ўжо выкладзеныя дзве часткі серыі. У першай гучаць сольныя імправізацыі Віктара ў розных кропках Менску ад метро да даху БДУ. У другой прадстаўлены септэт на аснове фолк-гурта Essa, запісаны ў прамысловым ангары ў Ракаве.
Візуальнае афармленне Pramzony выканаў музыка і дызайнер з Падляшша Юрка Асеннік.
Старонка праекту ў сеціве.
Бліжэйшы выступ Віктара Сямашкі з удзелам Кацярыны Ваданосавай пройдзе 25 красавіка ў Беластоку ў бары Beer4u (Legionowa 14/16 lok.2).
Фотаздымкі Вольгі Кастрамінавай, Леаніда Нарушэвіча, Хрыстафора Ангельчыка, Фрыдрыха Самотнага, Уладзя Лянкевіча.