Кучынскі пра дыпламатычны пратакол: Бываюць казусы, калі сустрэча пацвярджаецца ў апошні момант

tsikhanouskaya.org

Калі размова заходзіць пра міжнародныя адносіны, дзяржаўныя службоўцы часта кажуць пра дыпламатычны пратакол, які нашмат спрашчае камунікацыю бакоў. Але што гэта такое, як працуе і чаму гэта важная акалічнасць у палітыцы? «Цэнтру новых ідэй» распавядае Дзяніс Кучынскі.

Дзяніс Кучынскі – дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях дыпламатыі

Навошта гэта патрэбна? 

Гэта можа выглядаць як збор нейкіх непатрэбных правілаў, для кагосьці – з мінулых часоў і эпох. Асабліва ў Беларусі, дзе пра замежную палітыку, нейкі дыпламатычны пратакол ніхто ніколі не чуў. Зацікаўленасць да замежнай палітыкі ў нас заўсёды была мінімальнай. Але калі казаць агулам, што гэта такое і навошта патрэбна, то гэта сістэма сфармаваных міжнародных традыцый, правілаў, цырыманіялаў. 

Уласна, увесь пратакол падзяляецца на цырыманіялы і этыкет. Кожны з гэтых элементаў мае пэўныя нормы, якія вызначаюць, як мусіш сябе паводзіць у розных сітуацыях, якой мовай маеш карыстацца. Цырыманіял – гэта нормы правядзення мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў. Звычайна яны абагульняюць працоўны парадак, які існуе ў пэўнай сферы міжнародных стасункаў, правядзення візітаў, сустрэчаў. Шмат што з гэтага акрэслена яшчэ са старых часоў: вельмі даўно існуе традыцыя выяўляць увагу да кіраўніка ўрада ці чалавека, які прадстаўляе сваю краіну. 

Калі казаць пра візіты (я на іх шмат працую), яны таксама дзеляцца на пэўныя катэгорыі: дзяржаўныя, працоўныя, візіты праездам і г.д. І ад гэтага таксама залежыць, які пратакол будзе ўжыты, што будзе адбывацца падчас візіту ці сустрэчаў. Насамрэч пратакол дапамагае разумець, што ў цябе існуе мінімальная імавернасць сустрэцца з хаосам. Пасля таго, як я арганізаваў 100-150 візітаў, я зразумеў, што гэта вельмі спрашчае задачу. Ты ведаеш, што будзе, як гэта будзе і паводле якога сцэнарыя мае адбывацца. Няма ніякіх неспадзяванак – зразумела, як цябе сустрэнуць і як будзе працякаць візіт ці сустрэча. Ты проста можаш спакойна займацца мэтай свайго візіту, а не адцягвацца на непатрэбныя клопаты.

А што гэта дае непасрэдна прадстаўнікам краін? 

Зразумела, ад краіны да краіны дэталі адрозніваюцца. Але збольшага ўсё сінхранізавана. Ты не будзеш адчуваць вялікіх адрозненняў паміж Літвой ці Латвіяй. Аднак, напрыклад, я нідзе больш не бачыў такога правіла, як у італьянскім парламенце: кожны, хто заходзіць у будынак Сената, мусіць мець гальштук і пінжак. Калі мы былі на адным з візітаў, з намі быў фатограф і каманда відэёграфаў – яны здымалі дакументальны фільм пра Святлану Ціханоўскую. Звычайна для творчай каманды пратакол дрэс-коду можа быць больш мяккім, але ў Італіі іх не прапусцілі. І гэта, відавочна, настолькі распаўсюджаная праблема, што яны вырашылі выдаваць на ўваходзе пінжакі і гальштукі памеру XXL напракат. Пра такое правіла я не ведаў, і гэта было цікава. 

У астатнім, калі казаць пра цырыманіяльныя рэчы, яны праводзяцца, каб была выказана пашана адной краіны да другой. Калі арганізоўваюцца візіты на вышэйшым узроўні (напрыклад, калі адзін прэзідэнт прыязджае да другога), ты бачыш, што гэта робіцца з ганаровай вартай, з асаблівым падыходам, з падпісаннем дамоваў. Гэта падкрэслівае і важнасць візіту, і пашанлівыя стасункі аднаго боку да іншага. Такія візіты рыхтуюцца месяцамі, каб пралічыць усе дэталі. І тады гэта дапамагае нармалізаваць агульныя дыпламатычныя стасункі і разумець, што цябе не будуць чакаць сюрпрызы. 

Калі б ва ўсіх было ўсё па-рознаму, напрыклад розная рассадка за сталом, іншыя практычныя моманты, сітуацыю было б складаней кантраляваць. Калі парадак не акрэслены, ты мусіш марнаваць час, каб зразумець, хто куды павінен ісці, што рабіць і г.д. Або калі, напрыклад, адбываецца сустрэча і нехта пачынае прамаўляць, а іншы – перапыняць і перабіваць, то гэта ператвараецца ў штосьці незразумелае. Каб не было ў тым ліку і такіх сітуацый, патрэбны пратакол. 

Пра самыя складаныя аспекты працы 

Самыя непрыемныя неспадзяванкі здараюцца, калі ты кудысьці спазняешся – бывае штосьці з самалётам ці з вулічным рухам. Тады трэба ўсё ў праграме рэзка скарачаць і змяняць. Зразумела, што з часам ты і тут вучышся, як ставіцца да такіх рэчаў. Аднак, калі ты моцна спазняешся, гэта таксама можа быць успрынята як непавага. У нас было некалькі казусаў напачатку. Тая ж сустрэча з Олафам Шольцам мусіла быць гадзіну, а мы скончылі на паўгадзіны пазней. 

Звычайна ўсё вельмі строга, існуюць пэўныя знакі з боку гаспадароў, якімі паказваюць, што сустрэчу трэба заканчваць. Напрыклад, у кагосьці гучыць спецыяльны звон пасярэдзіне сустрэчы, але, хутчэй за ўсё, заходзіць нехта адказны за пратакол з боку гаспадароў і тым самым паказвае, што сустрэча скончаная. Дарэчы, у тым ліку і праз гэта бок, які прымае, заўсёды сядзіць тварам да выйсця: калі б нехта ўвайшоў і паказаў, што трэба заканчваць, гаспадары былі б паінфармаваныя і пачалі б падводзіць размову да канца. Гэта вельмі важна, каб у цябе была магчымасць паспець на наступныя сустрэчы. 

Бываюць розныя казусы, звязаныя з лакацыяй ці зменай часу, калі штосьці пацвярджаецца ў апошні момант. Ёсць шэраг краін, дзе магчымасць трапіць на размову з прэзідэнтам з’яўляецца ў сам дзень сустрэчы. І гэтыя выпадкі, вядома, складаныя з гледзішча кантролю і арганізацыі. Мае калегі таксама распавядалі, што ў іх губляўся багаж. Такі выпадак здарыўся са спікеркай аднаго з еўрапейскіх парламентаў: яна прыляцела і зразумела, што ў яе з сабой толькі красоўкі і джынсы. Яна пайшла ў краму Zara, купіла гарнітур і так выйшла з сітуацыі. Таму, хутчэй, гэта ўсё нагадвае звычайныя людскія сітуацыі – стасункі прэм’ераў і прэзідэнтаў мала чым адрозніваюцца ад адносінаў простых людзей. 

Таццяна Ашуркевіч, newideas.center