Сейм Літвы не падтрымаў прапанову абмежаваць беларусам з ВНЖ колькасць паездак на радзіму. Раней такую прапанову зарэгістравала група дэпутатаў, якая лічыць, што частыя візіты дадому грамадзян Беларусі пагражаюць нацыянальнай бяспецы балтыйскай краіны.
У аўторак парламентарыі пачалі разглядаць прапанову аю абмежаванні паездак на радзіму беларусаў, якія пражываюць у Літве, піша lrt.lt. Разгляданы праект прадугледжваў, што грамадзяне Беларусі, якія маюць від на жыхарства ў Літве, змогуць вяртацца ў Беларусь не часцей за адзін раз на тры месяцы. Тым, хто будзе перасякаць мяжу часцей, будзе адмоўлена ў ВНЖ.
Аднак большасць дэпутатаў Сейма папраўкі не падтрымалі.
20 дэпутатаў прагаласавалі за пазбаўленне дазволу на часовае пражыванне ў Літве тым расіянам і беларусам, якія выязджаюць у РФ і Беларусь больш за адзін раз на год, 47 былі супраць, 45 дэпутатаў устрымаліся.
За прапанову дазволіць адну паездку ў тры месяцы выказаўся 41 член Сейма, супраць — 37, устрымаліся — 39 дэпутатаў.
Таксама разглядалася прапанова спыніць прыём візавых заяў грамадзян Расіі і Беларусі ў візавых службах Літвы за мяжой, за выключэннем выпадкаў, калі пасярэднікам у гэтым выступае МЗС.
«Мы абапіраемся на справаздачы нашых спецслужбаў. Яшчэ летась у гадавой справаздачы згадвалася і падкрэслівалася, што перасячэнне мяжы так часта і ў такой колькасці і ў такі час уяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і ў той жа час, магчыма, спрыяе кансалідацыі сетак спецслужбаў Расіі і Беларусі ў Літве і за яе межамі», — пракаментаваў у аўторак журналістам прапанову кансерватар Аўдронюс Ажубаліс, які падаў першапачатковы варыянт праекта.
Паводле яго слоў, калі абмежаваць колькасць разоў, калі расіяне і беларусы, якія жывуць у Літве, змогуць ездзіць на радзіму, сітуацыя стане больш празрыстай. На думку Ажубаліса, пры меншай колькасці людзей, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу, літоўскім службам будзе лягчэй іх правяраць і кантраляваць патокі.
«Трэба паглядзець, хто, чаму і для чаго ездзіць туды-сюды. <…> У прапанове ёсць кампраміс і ў цяперашнім, ухваленым камітэтам нацыянальнай бяспекі і абароны (НСДК) законапраекце. А ў маёй прапанове выразна паказана, што яно не распаўсюджваецца на выпадкі, выкліканыя пэўнымі абставінамі, у тым ліку няшчаснымі выпадкамі», — растлумачыў Ажубаліс.
Тым не менш палітык заявіў, што падтрымлівае варыянт амаль поўнай забароны расійцам і беларусам з ВНЖ, на выезд на радзіму: «Я быў бы рады, калі б было прынятае абмежаванне на тры месяцы. Прапанова, якая вылучаецца спецслужбамі — раз на год — на мой погляд таксама дарэчная, але ведаючы перавагі некаторых калегаў, наўрад ці такая пастанова будзе прынятая», — сказаў дэпутат.
У выніку, як вядома, папраўкі не былі зацверджаны, і беларусы Літвы захавалі магчымасць наведваць сваякоў на радзіме. Нагадаем, ВНЖ у Літве маюць больш за 60 тысяч грамадзян Беларусі.