25.04: У Віленскім Беларускім Доме прэзентуюць зборнік твораў беларускіх палітвязняў 2020-2023

25 красавіка ў Віленскім Беларускім Доме мае адбыцца прэзентацыя зборніка твораў беларускіх палітвязняў 2020-2023. У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52 зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах, большасць з якіх і цяпер знаходзіцца за кратамі. Прадмову да кнігі напісала выбітная беларуская пісьменніца Ева Вежнавец (Святлана Курс).

Ілюстрацыйны здымак

Ева Вежнавец (Святлана Курс):

«Калі скласці беларускія лёсы, беларускія сны за апошнія 30 год, атрымаецца збор страшных казак. Нашая рэальнасць пагаршалася з году ў год і дайшла да таго, што за размову па-беларуску можна атрымаць у твар, пад дых, быць зняволеным ці забітым. Нібыта нашую гісторыю піша бязлітасны геній, які церпіць на маніякальна-дэпрэсіўны сіндром, і мы вымушаныя жыць у ягоным сцэнарыі, хаця мы, па-сутнасці, хацелі б толькі аднаго – нармальнасці і свабоды.

Святлана Курс. Фота: Facebook

Творчасць беларускіх палітвязняў – гісторыя асвойвання траўматычнага досведу, неаднакроць блізкага да смяротнага, і гісторыя пераўтварэння гэтага досведу ў высокае, простае і светлае, што асабліва добра відно з цёмнага лёху. Дзмітрый Юртаеў піша:

Мы встретимся там, где нет темноты,
Где пахнут, как мёд, полевые цветы,
Где солнце встаёт в лесных берегах
И лодка плывёт по воде в облаках
Мы встретимся там, где нету обид,
От глаз ледяных на душе не знобит,
Где взгляды не лгут, а манят светлом
И даже в мороз согревают теплом.
<…>
Где к дому в траве тропинка бежит,
Как тонкая нить под названием жизнь.

Такія простыя і недасяжныя жаданні ў XXI стагоддзі, якое мелася стаць векам міру, часам вывучаных гістарычных урокаў. А тут ствараецца ўражанне, што чытаеш Юліуса Фучыка, ягоны «Рэпартаж з пятлёй на шыі». Дрыжыць-дрыжыць высокі градус спакутаванай чалавечай душы, і згадваюцца іншыя словы: «Людзі людзям згатавалі такі лёс».

У такі час чалавек падымае вочы ўгару і глядзіць у неба з нямым дакорам: «Дзе Ты, як Ты такое дапусціў?» А ўласная памяць падказвае: а што, па сутнасці, новага Ён дапусціў? У ХХ стагоддзі і не тое было, чым жа я лепшы ў сваёй экзістэнцыйнай самоце і няволі?

У гэтай празрыстасці бачна, як дыхае горад,
сцішана ў золата ўзняўшы мільёны вачэй.
Вочы чакаюць на знак, на Збавіцеля подых.
Вочы спрабуюць забыцца, што будзе далей.
Бачна наскрозь, нам нібы адкачалі паветра
ды запалілі святло: усё бачна, глядзі!
Хто той Збавіцель?
Ён – ты, які проста паверыў,
што у празрыстасці горада
ты не адзін.

                                           Андрэй Аляксандраў

 Кацярына Андрэева-Бахвалава нібыта адказвае Андрэю Аляксандраву:

Ужо не страшна,
       Ужо не смешна,
Ужо ніякай
       Няма бяды
У тым, што сціхлі
       Навокал песні,
А замест песняў –
       Хрусцяць хрыбты.
У любым краі,
       Дзе на прадвесні
У вакно астрога
      Мне ззяеш Ты. 

 Аўтарка – не толькі бліскучая прафесіяналка ў журналістыцы, яна яшчэ і маладая прыгожая жанчына ў сваёй найлепшай квітнеючай пары. Яе маладосць, каханне, свабоду,

кар’еру, юныя гады зажаваў Звер, але і ў ягонай пашчы яе пастава застаецца бясстрашнай. Маленькі беленькі чалавек у сківіцах пажару – які біблейскі вобраз, у якія вялікія

і цяжкія часы нам прыпала жыць! Адседзела два гады і верагодна спадзявалася выйсці на волю, але бяссудным правам атрымала 8 год і тры месяцы ва ўмовах узмоцненага рэжыму (чытай – няспынных катаванняў).

Задума, верагодна, заключаецца ў тым, каб мы на ўмоўнай свабодзе не пераставалі жыць у страху і траўме, не ведаючы, што з нашымі блізкімі, таварышамі, калегамі.

Многіх мы ўбачылі ўжо ў труне, як Вітольда Ашурка альбо Алеся Пушкіна. Такі страх агортвае нас месяцамі – мы не ведаем, якія катаванні церпяць нашыя найлепшыя людзі, такія, як Максім Знак:

Яны думалі – нас пахавалі...
А мы – бульба! Як нас пахаваць?
Мы зялёным зямлю прабівалі,
Спрабавалі да неба дастаць.
Яны рэзалі нас на кавалкі,
Але кожны прарваўся наверх.
Стала болей нас! Неспадзяванка!
Вось! Трымайце яшчэ адзін мех! 

Неаднойчы сутыкалася з такім феноменам – людзі з няволі падбадзёрвалі нас, тых, хто жыве ў нашмат лепшых умовах і валодае параўнальнай свабодай. 

Чым яны трымаюцца, у чорных лёхах без надзеі, калі Бог не дапамог, калі мы не вырвалі іх з турмы, а паз’язджалі ў эміграцыю або стаіліся ў падполлі, у марным, здавалася б, чаканні? Адказ я знайшла ў вершы Аляксандра Фядуты.

Быў. Ёсць. Буду.

                                                                                         У.С. Караткевіч

Он жил. И в нём идея жила.
И, быть может, не только в нём.
Одного он в этом мире желал –
Победы добра над злом.
И в душе его не прошёл излом,
Он смеялся, не ведая грусть.
В его мире зло оставалось злом,
А добром была Беларусь.
Он мечтал о будущем светлом дне,
Что рождался в труде и огне.
И как колос он прорастал во мне,
И, конечно, не только во мне.

Што мы павінны нашым вязням і вязынкам, з глыбіні нашае нявольнае віны? Гэтую кнігу, прынамсі. Нашу памяць пра іх, нашую барацьбу, каб іх пакуты не заставаліся марнымі.

Няшчасная беларуская гістарычная спіраль зайшла на новы віток. Але мацнее ў змроку ірацыянальная надзея, што гэты віток апошні – і мы ўрэшце выстралім у горнія вышыні беларускае свабоды і справядлівасці. Нездарма недзе ў лімба, цяжкім ама-нябыце філосаф Мацкевіч думае Беларусь:

«Моя личная «современность» начинается в 1994 году, с возвращения в Беларусь. Тогда передо мной уже стояли эти вопросы, и я дал на них свой персональный философско-методологический ответ, определив объект и предмет собственного философствования. Его сегодня уже все знают: «Думать Беларусь». Я выделил и выбрал объект, который никогда и нигде не был предметом философствования. Это стало моей современностью (в смысле «здесь и сейчас»)».

Жыве Беларусь!»

Падчас прэзентацыі асобнік кнігі можна будзе атрымаць у падарунак.

novychas.online