Прызавы фонд навуковай прэміі «Бізон Гіґс» фармуецца цалкам з унёскаў супольнасці навукоўцаў і прыхільнікаў. Таму рэдакцыя зіна Pamyłka запрашае кожнага на працягу лістапада-снежня падтрымаць лаўрэатаў фінансава.
«Бізон Гіґс» — прэмія супольнасці беларусаў для беларускіх навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук, або навук пра Зямлю. Кожны, хто пажадае, зможа прыняць удзел.
— Прэмію мы жартам назвалі «Бізон Гіґс». Па аналогіі з базонам Хігса – часціцай, дзякуючы якой іншыя часціцы набываюць масу. Таму і назвалі бізонам — гэта адсылка да беларускага зубра.
Мы падгледзелі, што ў беларускіх пісьменнікаў, у іншых творчых суполках існуюць свае ўзнагароды, а навукоўцы нічога падобнага не маюць,
— расказвала сайту БАЖ галоўная камунікатарка выдання Pamyłka Святлана Волчак. — Але самае прыкрае — беларусы не ведаюць жывых навукоўцаў, якія нешта робяць (можа, людзі старэйшага веку некага і ўспомняць). Насамрэч сярод нас хапае разумных людзей, якімі мы можам ганарыцца.
Кампанія па стварэнні і прасоўванні прэміі і закліканая вырашыць гэтую недарэчнасць.
Арганізатары прэміі называюць тры спосабы, якімі можна спрычыніцца да кампаніі.
Ужо цяпер можна заявіць беларусаў, якія працуюць у галіне навукі і нечага дасягнулі ці бяруць удзел у чымсьці важным. Заяўкі прымаюцца цягам снежня.
Рэдакцыя будзе фармаваць прызавы фонд з унёскаў навуковай супольнасці і прыхільнікаў. Таму кожны жадаючы можа зрабіць свой унёсак у стварэнне прызавога фонда праз buymeacoffee.com ці праз Гронку. Арганізатары збіраюць грошы на прэмію ў лістападзе-снежні 2024 года.
У студзені-лютым 2025 года з’явіцца спіс намінантаў, і любы зможа прагаласаваць за свайго навукоўца.
На 15 сакавіка 2025 года плануецца цырымонія ўзнагароджання пераможцы.