Футбалісткі Літвы пагадзіліся на штрафы і паразы, каб не гуляць з Беларуссю

Літоўская жаночая зборная па футболе / lff.lt

УЕФА зацвердзіла рашэнне жаночай зборнай Літвы, якая адмовілася гуляць супраць зборнай Беларусі ў адборы чэмпіянату Еўропы. Два матчы паміж зборнымі скасаваныя, перадае федэрацыя футбола Літвы.

Як распавядала Еўрарадыё на кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы ў сакавіку літоўскія футбалісткі трапілі ў адну групу з беларускамі. Тады ж  прэзідэнт Федэрацыі футбола Літвы Эдгарас Станкявічус заявіў, што яны не будуць выходзіць на адно поле з прадстаўніцамі Беларусі

УЕФА адмяніла матчы, прызначаныя на 31 траўня і 4 чэрвеня. Літоўкам прысудзілі дзве тэхнічныя паразы з лікам 0:3. Літоўскую футбольную федэрацыю аштрафавалі на 5000 еўра.

Станкявічус выказаў задаволенасць тым, што каманду не даскваліфікавалі: “Мы атрымалі санкцыі, якія маглі ўявіць, і самае галоўнае, што для нашай зборнай не закрыты шлях да таго, каб фінішаваць у адборы на чэмпіянат Еўропы і згуляць два апошнія матчы”.

Ён падкрэсліў, што літоўская каманда была гатовая на санкцыі і грашовы штраф, каб яшчэ раз нагадаць пра сваё стаўленне да вайны і агрэсараў.

euroradio.pl