Цэнтральны апарат Следчага камітэта распачаў крымінальныя справы супраць тых, хто балатуецца ў Каардынацыйную Раду, фігурантамі сталі 257 чалавек, паведамляе прэс-служба ведамства.
Справы пачатыя па артыкулах пра змову з мэтай захопу ўлады, закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі, стварэнні “экстрэмісцкага” фармавання і садзейнічанні “экстрэмісцкай” дзейнасці.
“Паводле наяўнага алгарытму, у рамках расследавання крымінальнай справы атрыманая інфармацыя пра аб’екты нерухомасці і маёмасці на тэрыторыі краіны. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы”, — сказана ў паведамленні СК.
Выбары ў КР, якая пазіцыянуе сябе як парламент на эміграцыі, павінны прайсці 25—27 траўня. У Каардынацыйную раду балатуецца 12 спісаў, што ўключаюць 257 чалавек. Раней усе спісы былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.