Пасьля нападу мігранта на польскага вайскоўца Туск анансаваў аднаўленьне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю

Дональд Туск. Архіўнае фота

Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск пабываў ля мяжы зь Беларусьсю ў Дубічах Царкоўных (Падляскае ваяводзтва).

Раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца з нажом напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Вайскоўца шпіталізавалі. Праз час прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў сувязі са здарэньнем на ахову мяжы зь Беларусьсю накіравалі дадатковыя сілы.

29 траўня стала вядома, што стан пацярпелага ад нападу польскага жаўнера цяжкі. Ён змагаецца за сваё здароўе і жыцьцё, паведаміў намесьнік кіраўніка Мінабароны Польшчы Цэзары Томчык.

Прэмʼер-міністар Туск у сваю чаргу выказаў вялікае спачуваньне сямʼі параненага вайскоўца і заявіў, што польскі ўрад зробіць усё, што ад яго залежыць, каб блізкія пацярпелага атрымалі эфэктыўную дапамогу. Ён падкрэсьліў, што, на жаль, такія напады на вайскоўцаў не навіна.

«Сёньня мы прынялі рашэньне разам з вайсковым камандаваньнем, памежнай аховай і паліцыяй аб актывацыі усіх мераў ў пляне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і абсталяваньня, каб зрабіць вашу службу бясьпечнай з пункту гледжаньня дзяржавы, бясьпечнай настолькі, наколькі гэта магчыма таксама і з вашага пункту гледжаньня», — адзначыў Туск, зьвяртаючыся да жаўнераў.

Ён паведаміў, што памежнікі рэкамэндавалі прадстаўнікам ураду як мага хутчэй аднавіць 200-мэтровую буфэрную зону ад мяжы зь Беларусьсю

«І разам зь міністрамі нацыянальнай абароны і ўнутраных спраў, усім урадам мы прымем такое рашэньне на пачатку наступнага тыдня», — сказаў кіраўнік ураду.

svaboda.org