200 гадоў таму Адам Міцкевіч пачаў пісаць “Гражыну”

200 гадоў таму, у 1821 годзе, пісьменнік Адам Міцкевіч пачаў працу над сваёй вядомай класічнай эпічнай паэмай “Гражына”. Асноўнай тэмай паэмы з’яўляецца тэма любові да Бацькаўшчыны.

У аснову сюжэту пакладзены адзін з эпізодаў барацьбы літоўскага народа з нямецкімі крыжакамі. У цэнтры паэмы – вобраз Гражыны, адважнай гераіні-літвінкі. Усімі ўчынкамі Гражыны кіруе яе любоў да Радзімы. Гэты доўг перад Айчынай яна ставіць вышэй за сваё асабістае шчасце і каханне.

Паклаўшы ў аснову сваёй паэмы падзеі нацыянальна-гістарычнага характару, Адам Міцкевіч надаў ім ярка выяўленую рамантычную афарбоўку. Сярэднявечны замак, акружаны таямнічай імглой, які ледзь-ледзь асвятляецца святлом месяца, цёмныя пераходы, высокія валы – вось абстаноўка дзеяння, апісаннем якой адкрываецца паэма.

У рамантычным тоне нададзены і апісанне герояў паэмы. Перш за ўсё гэта адносіцца да самой гераіні, якая адрозніваецца ад усіх навакольных прыгажосцю, адвагай, мужнасцю і незвычайнай для жанчыны рашучасцю і сілай.

02-Grazhyna.jpg

Тыпова рамантычнай з’яўляецца і кампазіцыя паэмы. Паэт апісвае толькі самыя значныя, вузлавыя моманты дзеяння, не імкнецца да дэталёвага і поўнага раскрыцця сувязі паміж імі. Элемент таямніцы, недаказанасці прысутнічае на ўсім працягу развіцця дзеяння. І толькі ў эпілогу ўсе падзеі атрымліваюць поўнае тлумачэнне. Такая пабудова паэмы надае ёй і займальнасць, і драматызм.

«Беларускае Радыё Рацыя»