Сёння роўна чатыры гады, як арыштавалі Міколу Статкевіча

Мікола Статкевіч. Верасень 2019 года

Палітыка затрымалі 31 мая 2020 года, за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, калі ён ехаў на пікет Святланы Ціханоўскай.

Праз паўтара года, у снежні 2021 года, яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Палітык адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, і ўжо 15 месяцаў, з лютага 2023 года, пра яго няма ніякіх звестак.

Адміністрацыяй калоніі Мікола Статкевіч летась неаднаразова падвяргаўся дысцыплінарным спагнанням, акрамя таго на яго сабраны матэрыял для завядзення ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 411 КК Беларусі («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»).

Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу

Статкевіч ужо двойчы дагэтуль адбываў пакаранне. У 2005-2008 гадах ён адбываў хімію за ўдзел у акцыі пратэсту 17 кастрычніка 2004 года супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, а ў маі 2011 года быў асуджаны на да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у пратэстах падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Быў вызвалены ў жніўні 2015 года.

7 чэрвеня будзе чатыры гады з моманту арышту Паўла Севярынца, 18 чэрвеня 2020 года арыштавалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, 25 чэрвеня — Ігара Лосіка.

nashaniva.com