Гэта ня першае здарэньне на мяжы за апошнія дні. 28 траўня пасьля нападу мігранта з нажом польскага вайскоўца шпіталізавалі. Паведамлялася, што ён у цяжкім стане.
За апошнія два дні ў Падляскім аддзяленьні Памежнай аховы Польшчы зафіксавалі больш як 300 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы: у сераду 152, а ў чацьвер — 155.
Мігранты спрабавалі незаконна перасячы беларуска-польскую мяжу на ўчастках, якія ахоўваюцца памежнымі пастамі ў Белавежы, Дубічах Царкоўных, Нараўцы, Міхалове і Чаромшы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, двое жаўнераў атрымалі раненьні.
«Агрэсіўна настроеныя іншаземцы за тэхнічным бар’ерам некалькі разоў нападалі на польскія службы. У выніку агрэсіўных дзеяньняў двое жаўнераў атрымалі раненьні і былі дастаўленыя ў шпіталь», — гаворыцца ў паведамленьні польскай памежнай службы.
- Раней, раніцай 28 траўня на польскага вайскоўца з нажом напаў мігрант, які спрабаваў у складзе вялікай групы незаконна перасячы мяжу з боку Беларусі. Вайскоўца шпіталізавалі.
- Празь нейкі час прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што ў сувязі са здарэньнем на ахову мяжы зь Беларусьсю накіравалі дадатковыя сілы.