Польскія ўлады ня бачаць падстаў адкрыць памежны пераход у Баброўніках

Пераход у Баброўніках

Бягучая сытуацыя ў адносінах Польшчы і Беларусі не дазваляе адкрыць пераход у Баброўніках (зь беларускага боку — Бераставіца), паведаміла польскае агенцтва РАР са спасылкай на міністра замежных спраў Радослава Сікорскага.

Пра тое, што Варшава не выключае адкрыцьця памежнага пераходу ў Баброўніках, заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, адзначаючы, што гэта дазволіла б «разблякаваць важную частку польскага малога і сярэдняга бізнэсу». Тады сама Туск агаварыўся, што ня пойдзе на такое рашэньне, калі вайсковае і памежнае камандаваньне будзе мець адмоўнае меркаваньне на гэты конт.

Польшча закрыла пераход «Баброўнікі» 10 лютага 2023 году, неўзабаве пасьля вынясеньня ў Беларусі палітычна матываванага прысуду журналісту, дзеячу неафіцыйнага Саюза палякаў Анджэю Пачобуту. Яму прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы працуюць толькі два пункты пропуску: для пасажырскіх перавозак — Берасьце (з другога боку — Тарэспаль), для грузавых — Казловічы (Кукурыкі).

3 чэрвеня кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што ў параўнаньні зь мінулым годам колькасьць спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы павялічылася ўдвая, адзначыўшы рост агрэсіі мігрантаў «у адносінах салдатаў і афіцэраў».

«Кіданьне галін, камянёў, стрэлы ў польскіх афіцэраў павінны знаходзіць адэкватны адказ», — падкрэсьліў ён.

У першыя дні чэрвеня краіны Эўразьвязу спынілі амаль на 20% больш спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь Беларусі, чым у пачатку траўня, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз зьвестак іх памежных службаў.

Віцэ-прэм’ер Польшчы — міністар нацыянальнай абароны Ўладыслаў Касіняк-Камыш напярэдадні заявіў, што буфэрная зона на мяжы зь Беларусьсю будзе адноўленая 4 чэрвеня. Яна ахопіць пераважна Гайнаўскі павет і ў значна меншай ступені Беластоцкі павет Падляскага ваяводзтва.

Улады Польшчы апошнімі днямі паведамілі пра некалькі выпадкаў нападу мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю, у выніку якіх было паранена агулам тры вайскоўцы і два памежнікі.

svaboda.org