Польскае МЗС выказалася пра магчымасць адкрыцця Баброўнікаў

Беларусь застаецца ў спісе краін, наведванне якіх для палякаў вельмі непажаданае, сказалі ў МЗС польскаму медыя Polskie Radio24. Пераглядаць гэтую рэкамендацыю ведамства не плануе.

Напярэдадні абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця памежнага пераходу на польска-беларускай мяжы ў раёне Баброўнікаў. Пра гэта 24 траўня казаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Аднак ён адзначаў, што прыслухаецца да меркавання Памежнай службы і войска. І ўжо ў чэрвені кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што цяперашняя сітуацыя ў адносінах з Мінскам не дазваляе зноў адкрыць пераход. 

“Цяперашні ўзровень перасцярог супраць паездак у Беларусь (максімальна магчымы) з’яўляецца прымальным і мы не бачым неабходнасці яго мяняць. Карыстаючыся выпадкам, просім паставіцца да яго вельмі сур’ёзна”, — сказалі ў МЗС. 

Журналісты польскага медыя таксама пацікавіліся, ці можа рашэнне пра адкрыццё пераходу ў Баброўніках быць выкарыстанае ў перамовах з Менскам наконт вызвалення палітзняволенага грамадзяніна Польшчы Анджэя Пачобута. У МЗС запэўнілі, што Варшава пастаянна робіць крокі па вызваленні польскага актывіста і журналіста.

racyja.com