Беларускім студэнтам у Польшчы не выплачваюць стыпендыю больш за паўгода. Што адбываецца?

Калаж «Нашай Нівы»

Праграма EU4Belarus накіраваная на тое, каб падтрымаць рэпрэсаваную акадэмічную супольнасць у краінах Еўрасаюза. Але студэнтам з Польшчы пакуль нічога не выплацілі, хоць акадэмічны год заканчваецца. Даведаліся, з чым звязаная затрымка і ці будзе набор на праграму ў наступным годзе.

«Моцна расчараваныя»

Студэнты розных ВНУ ў Польшчы і Чэхіі расказалі нам, што стыпендыю мусілі пачаць выплачваць з кастрычніка. Але гэтага не адбылося. Адзін са студэнтаў патлумачыў «Нашай Ніве» сітуацыю:

«Паступіў ва Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані. А ў жніўні даведаўся, што атрымаў стыпендыю. Было шмат абяцанак.

Спачатку сказалі, што затрымкі будуць, але ў снежні дакладна выплацяць. Потым казалі, што пад Новы год заплацяць, потым — што ў лютым. І гэтак далей.

Яшчэ нам сказалі, што патрэбна будзе падпісаная рэктарам даведка, што ты ў другім семестры вучышся, каб заплацілі не толькі за першы».

Іншыя студэнты казалі, што яны моцна расчараваныя такой затрымкай. Хоць стыпендыя і параўнальна невялікая, каля 450 еўра на месяц, але яна стала б вельмі важнай фінансавай падтрымкай для тых, хто апынуўся ў эміграцыі.

«Робім усё магчымае»

ЕС ужо даўно выдзеліў грошы на праграму, але за размеркаванне грошай адказвае кампанія СРМА (Central Project Management Agency).

У Польшчы яе мусіла прадстаўляць NAWA (Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў). Праз невядомыя разыходжанні ўзнікла праблема з заключэннем дамовы паміж CPMA і NAWA, дамову ў выніку са скрыпам заключылі ў маі.

Мы запыталіся ў прадстаўніцы СРМА, што адбываецца і калі студэнты могуць разлічваць на стыпендыю:

«Праграма EU4Belarus — SALT з 2021 года дае стыпендыі для студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах або змушаных выехаць па палітычных матывах.

З моманту запуску стыпендыі атрымалі сотні студэнтаў. Выплачана агулам болей за два мільёны еўра.

Па тэхнічных прычынах у дзвюх з чатырох краінаў-удзельніц працэс выдачаў зацягнуўся. Мы робім усё магчымае, каб у найбліжэйшы час пытанне вырашылася, і інфармуем удзельнікаў пра прагрэс, а таксама стараемся адказваць на пытанні. Мы спадзяемся, што неўзабаве здолеем сказаць канкрэтныя даты.

На наступны год набор па гэтай праграме не плануецца».

Грошы пакуль не выплацілі

Мы атрымалі адказ ад CPMA напрыканцы мая 2024 года. Праблема вырашылася толькі ў Чэхіі, але таксама былі складанасці.

А вось грошы польскім студэнтам пакуль так і не выплацілі.

«Праз тое, што праграма ў Польшчы праходзіць праз NAWA, а яны маюць свае патрабаванні, нам трэба яшчэ раз падавацца на стыпендыю праз іхнюю сістэму. Яны папрасілі даслаць нам паўторнае пацверджанне, што мы студэнты.

Цяпер мы штомесяц мусім слаць ім пацверджанне таго, што мы вучымся, прычым не на электронную пошту, а на звычайную. Цяпер чакаем дамову паміж студэнтамі і NAWA, каб атрымаць грошы.

Тэрміны нам невядомыя і незразумелыя. NAWA таксама не кажа, калі гэта адбудзецца», — кажа адзін са студэнтаў, якія чакаюць стыпендыі.

nashaniva.com