Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон, які палегчыць жыццё некаторым беларусам

У Варшаве, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам. Інфармацыя пра гэта з’явілася напярэдадні на сайце канцылярыі польскага прэзідэнта. Дакумент спросціць жыццё і некаторым беларусам.

 У прыватнасці, вырашаецца праблема з прызнаннем атэстатаў аб адукацыі. Адна з паправак прадугледжвае, што атэстат, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала пагадненні з Польшчай аб прызнанні дакументаў аб адукацыі, можна будзе пацвердзіць у Польшчы. Гэта датычыцца дакументаў аб пачатковай, няпоўнай сярэдняй, сярэдняй адукацыі, у тым ліку прафесійнай. 

Нагадаем, да гэтага часу пацвердзіць атэстат такім чынам — праз адміністрацыйную працэдуру ў Польшчы — маглі толькі асобы, якія атрымалі статус бежанца або дадатковую абарону, і члены іх сем’яў, а таксама асобы, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў і іншых гуманітарных крызісаў. Беларусь прыпыніла пагадненне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі ў лютым 2023 года.

euroradio.fm