Беларусы Нью Ёрку, Нью Джэрзі і Філадэльфіі сабраліся ў беларускім цэнтры ў Нью Джэрзі каб адзначыць парафіяльнае сьвята.

5 чэрвеня штогод адзначаецца Дзень Сьв. Эўфрасіньні Полацкай – заступніцы перад Богам нашай зямлі і нашага беларускага народу. Імя Сьв. Эўфрасіньні носіць беларуская праваслаўная царква, што знаходзіцца ў вядомым  Беларускім цэнтры ў Саўт Рывэры (Нью Джэрзы). Для вернікаў гэтай царквы – беларусаў, што здаўна жывуць у гэтым горадзе, Дзень Сьв. Эўфрасіньні ёсьць парафіяльным сьвятам. Сёлета 5 чэрвеня прыпадала на працоўны дзень у сераду і таму сьвяткаваць сабраліся ў нядзелю  9 чэрвеня. На сьвята звычайна запрашаюцца ўсе жадаючыя як з Нью Джэрзі і так з бліжэйшых гарадоў і мясцовасьцяў. Гэтым разам прыехалі беларусы з Філадэльфіі і Нью-Ёрку. Грамаду з Нью-Ёрку прадстаўлялі ў бальшыні парафіяне Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне на 401 Атлантык Авэню, а таксама ад беларускай царквы ў Квінсе на 104 Атлантык Авэню. І для гэтага ёсьць асаблівая прычына. 

Для Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага на 401 Атлантык Авэню сьвяткаваньне Дня Сьв. Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца таксама ў пэўным сэнсе парафіяльным сьвятам. Як сьведчаць гістарычныя крыніцы, будынак Сабору быў закладзены менавіта 5 чэрвеня 1850 году, праўда не беларусамі, але пратэстантамі, якія доўгі час валодалі будынкам. Аднак, пазьней  сталася так, што іхная парафія заняпала і яны вымушаны былі прадаць будынак. І, зразумела, што нікому іншаму, як па справядлівасьці, менавіта беларусам (дазволім сабе прыпусьціць, што з падтрымкі Сьв. Эўфрасіньні з нябёсаў). Паваенныя эмігранты, якія самі яшчэ нічога не мелі, сабралі  патрэбныя грошы і ў 1957 годзе набылі будынак, які да сёньня зьяўляецца не толькі царкоўным, але і культурным цэнтрам для беларусаў Нью-Ёрку і ваколіцаў. Сучасная эміграцыя клапатлівае ўтрымлівае і даглядае гэты нашу здабытую старэйшымі  беларускую маёмасьць у “сталіцы сьвету”, дзе сёньня можна пабачыць на будынку тры сьцягі: наш бел-чырвона-белы, зорна-паласаты амэрыканскі  і блакітна-жоўты украінскі.

Сярод сучаснай эміграцыі неўзабаве знайшоўся чалавек – сп. Ігар Вырвіч, які па ўласнай ініцыятыве вырабіў добрую мастацкую копію знакамітага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, якая цяпер захоўваецца ў Саборы і канчаткова замацоўвае беларускую прысутнасьць у гэтым старадаўнім будынку, які на 33 гады старэйшы чым знакаміты Бруклінскі мост.

Вось так імя Сьв. Эўфрасіньні абьядноўвае дзьве беларускія грамады з Нью-Ёрку і Саўт Рывэру. Пра гэта гаварыў у сваім прывітальным слове да гасьцей сьвята стараста Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага сп. Аляксандр Хомчанка.

Сьвята распачыналася Багаслужбаю ў царкве, а потым працягнулася на пляцоўцы перад будынкам Цэнтру. Сьвяточны пікнік был адмыслова падрыхтаваны прыхажанамі. Усё было прыгожа абстаўлена, смачнымі стравамі госьці частаваліся з вялікай ахвотаю і дзякавалі гаспадарам. Цёплае, камфортнае  надвор’е спрыяла добраму настрою. Праграму ўпрыгожылі беларускія мелёдыі, які выконвалі дуэтам Тацьцяна і Валянцін Дзямешчыкі. Шмат хто ўволю патанчыў, а некаторым было больш цікава пагаварыць з сябрамі за сталом ці набыць новых знаёмых. Сьвята атрымалася душэўным, сяброўскім і ўзьняло настрой нашым людзям, што сёньня перажываюць смутак і неспакой з-за падзеяў на Бацькаўшчыне і ў цэлым сьвеце.

На сёньня мы маем у бліжэйшай дасягальнасьці чатыры беларускія асяродкі – Сабор Сьв. Кіраўскага і Беларускі цэнтр у Нью-Ёрку на 401 Атлантык Авэню, дзе месьцяцца таксама офісы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньн (БАЗА) і рэдакцыі газэты “Беларус”, Царкву на 104 Атлантык Авэню ў Нью-Ёрку, Беларускі цэнтр і Царкву ў Саўт Рывэры і Беларускую царкву ў Гайленд Парку. Вельмі важна, што беларусы маюць гэта у цэнтральным рэгіёне Амэрыкі. Мы маем добрую матэрыяльную базу дзеля актыўнай беларускай грамадзкай і нават палітычнай дзейнасьці, дзеля падтрымкі жыцьця эміграцыі і для дапамогі Бацькаўшчыне ў  гэты цяжкі лёсавызначальны час. Мусім захаваць усё гэта дзейсным, як мага больш эфэктыўным для нашай нацыяльных патрэбаў і мэтаў. Патрэбна мацавць нашыя сувязі, абьядноўваць магчымасьці і сілы ўсіх чатырох асяродкаў, ладзіць разам агульныя акцыі, агульныя праекты, агульныя дзеяньні.

Вось такія думкі кружыліся ў маёй галавек пад час побыту ў Саўт Рывэры і па дарозе дамоў. Спадзяюся, што мяне падтрымаюць і іншыя, хто адчуў, як гэта важна быць разам як пад час сьвятаў, так і пад час агульных справаў. Той жа прыклад Саўт Рывэра мае і іншыя праявы. Хлопцы з Філадэльфіі дапамаглі адрамантаваць Помнік змагарам за Беларусь на тэрыторыі Цэнтру. Яны ж прыязджаюць і дапамагаюць Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага у рамонтных  работах. Дэманструюць тым выдатны прыклад салідарнасьці і ўзаемнай дапамогі, што ёсьць добрым прыкладам для ўсіх нас.

Ганна Сурмач, bielarus.info