У нямецкай вёсцы Трэбніц прайшоў Другі з’езд беларускіх незалежных кінематаграфістаў. Там прэзентавалі вынікі першага Інкубатара мікрабюджэтнага кіно. Гэта творчая майстэрня, якая дапамагае беларускім рэжысёрам здымаць поўнаметражныя фільмы з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі.
Стваральнікам праекта ўжо ёсць чым ганарыцца — фіналісты першага конкурсу зрабілі два фільмы, а ўдзельнікі другога ўжо рыхтуюцца да здымак.
«Еўрарадыё» наведала мерапрыемства і распавядае, як працуе інкубатар і якія фільмы з яго дапамогай здымаюць беларускія рэжысёры.
“У тактычным сэнсе гэта эфектыўны метад”
Адсутнасць грошай — сталая і пакуль што невырашальная праблема беларускага кіно. Улада праз Мінкульт кантралюе працэс фінансавання кінавытворчасці. Усе дзяржаўныя грошы перадаюць “Беларусьфільму” ці прыватным студыям, якія гатовы ствараць на замову патрэбны дзяржаве ідэалагічны прадукт.
Усе, хто не згодны працаваць па такіх правілах, ужо тры дзесяцігоддзі застаюцца па-за межамі творчага працэсу і вымушаныя самастойна шукаць магчымасці для самарэалізацыі.
Стваральнікі арганізацыі BFN (Беларускай сеткі фільммейкераў) прапанавалі радыкальнае вырашэнне праблемы, арганізаваўшы ў мінулым годзе Інкубатар мікрабюджэтнага кіно.
Яго мэта ў тым, каб здымаць дэбютныя поўнаметражныя аўтарскія стужкі за самыя сціплыя грошы — дзве з паловай тысячы долараў.
Узначаліў майстэрню пісьменнік і рэжысёр Уладзімір Казлоў, які ў Расіі і Беларусі такім чынам зняў дзесяць ігравых і дакументальных стужак.
“Калі да 2020 года былі спадзевы, што дзяржава пойдзе насустрач незалежным кінематаграфістам і пачне размяркоўваць грошы на стварэнне кіно, то цяпер яны цалкам зніклі. Мы паўсталі перад пытаннем — зноў чакаць акна магчымасцяў ці прыняць сённяшнія складаныя ўмовы і пачаць у іх працаваць. Мы абралі апошняе”, — казаў Казлоў падчас прэзентацыі.
На ініцыятыву Інкубатара актыўна адгукнулася больш трыццаці аўтараў, даслаўшы ідэі і сцэнары будучых стужак. З іх замежныя і беларускія эксперты спачатку адабралі шорт-ліст з 10 праектаў, а потым двух фіналістаў. Яны атрымалі па 2,5 тысячы долараў на здымкі ад нямецкіх фундатараў і ментарскую падтрымку з боку BFN.
Пры гэтым далёка не ўся кінасупольнасць пагадзілася з такім своеасаблівым творчым падыходам.
На думку часткі кінематаграфістаў, мікрабюджэтны падыход размывае працу вялікай колькасці спецыялістаў, вымушаных дзейнічаць на паліве энтузіязму, які хутка знікае. А таксама наўмысна ці не дэмпінгуе, прымушаючы астатніх аўтараў пад уплывам канкурэнцыі скарачаць бюджэт уласных праектаў.
З гэтымі хібамі пагаджаецца прадзюсар і сустваральнік BFN Леанід Каліценя, але дадае, што не бачыць іншага выйсця.
“Мы стала засяроджваемся на грашовым пытанні, забываючы пра сацыяльны рэсурс. Шмат спецыялістаў — аператараў, сцэнарыстаў, гукарэжысёраў, асвятляльнікаў — хочуць паспрабаваць свае сілы ў кіно, але не ведаюць як гэта зрабіць. Таму варыянт мікрабюджэту дае магчымасць напрацаваць сабе партфоліа, упісацца ў праект, які можа атрымаць фестывальную гісторыю. Так, стратэгічна тут няма куды расці, але ў тактычным сэнсе гэта эфектыўны метад. Гэта даказвае другі набор на Інкубатар, куды падалі не меншую колькасць цікавых праектаў, чым у першы раз. Мы будзем і далей развіваць і ўдасканальваць гэты напрамак”.
“Раны і ўпрыгожванні” і “Лебядзіная песня Фёдара Озерава”
Зараз у распрацоўцы Інкубатара знаходзяцца стужкі “Лебядзіная песня Фёдара Озерава” і “Раны і ўпрыгожванні”.
Першы праект у Варшаве зняў са сваёй камандай Юры Сямашка, пераможца шматлікіх незалежных беларускіх фестываляў і прэмій, сумяшчаючы ў сваіх працах ігравое кіно і элементы анімацыі.
Яго поўнаметражны праект таксама не стаў выключэннем. У трагікамічнай форме стужка распавядзе пра музыканта, які на фоне чутак пра пачатак трэцяй сусветнай вайны становіцца апантаны пошукамі швэдра, у якім, як ён лічыць, да яго прыходзіць натхненне.
“Лебядзіная песня” знаходзіцца на стадыі постпрадакшна: рыхтуецца колеракарэкцыя, гук, саўндтрэк.
На праект ужо звярнулі ўвагу замежныя кінавытворцы. Літоўскі прадзюсар бескаштоўна выдаткаваў на постпрадакшн тыдзень працы ў студыі і пагадзіўся дапамагчы ў прасоўванні адборшчыкам фестываляў. Таксама фільм адабралі ў секцыю “працы ў распрацоўцы” на фестывалі ў нямецкім горадзе Котбус, які спецыялізуецца на фільмах з постсавецкай прасторы.
Такім жа інтрыгоўным выглядае фэнтэзі “Раны і ўпрыгожванні” — фільм з элементамі магічнага рэалізму пра двух братоў, якія ператвараюць фізічныя калецтва ў сапраўдныя ўпрыгожванні.
Пра аўтараў і здымачную каманду пакуль немагчыма нічога распавесці публічна, паколькі яны жывуць у Беларусі, дзе, дарэчы, і здымаўся праект.
Як і “Лебядзіная песня”, “Раны і ўпрыгожванні” знаходзіцца на стадыі постпрадакшна: рыхтуецца яго гукавы і музыкальны мантаж, праводзіцца каларызацыя працоўных матэрыялаў.
Прадстаўнікі Інкубатара не кажуць, калі фільмы трапяць на экран. Але можна дапусціць, што гэта дакладна адбудзецца ў наступным годзе.