13 чэрвеня набыла моц пастанова МУС Польшчы аб увядзеньні часовай забароны на знаходжаньне на пэўнай тэрыторыі ў зоне, прылеглай да дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю.
Абмежаваньне ўводзіцца на 90 дзён і ахоплівае ўчастак працягласьцю каля 60,67 км, разьмешчаны ў межах тэрыторыі памежных пастоў у Нараўцы, Белавежы, Дубічах Царкоўных і Чаромсе.
Пры гэтым на працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Аднак на ўчастку даўжынёй прыкладна 16 км, разьмешчаным у зоне запаведнікаў, зона шырэйшая і складае прыкладна 2 км.
«Меркаваная тэрыторыя буфэрнай зоны, як правіла, ня будзе ўключаць у сябе населеных пунктаў і турыстычных маршрутаў, каб наступствы ўведзеных абмежаваньняў былі як мага менш цяжкімі для жыхароў, турыстаў і іншых суб’ектаў, якія ажыцьцяўляюць прафэсійную дзейнасьць», — удакладнялі раней у МУС Польшчы.
На думку польскіх уладаў, прапанаваныя рашэньні накіраваны на гарантаваньне бясьпекі як староньніх, так і супрацоўнікаў паліцыі, памежнікаў і вайскоўцаў, а таксама на абмежаваньне дзейнасьці груп кантрабандыстаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.