Марат Маркаў прызначаны новым міністрам інфармацыі Беларусі. Былы вайсковец і супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, апошнім часам кіраваў дзяржаўным тэлеканалам АНТ, знаходзіцца ў санкцыйных спісах Еўрапейскага звязу і Вялікабрытаніі.
Медыя-эксперт і палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі, каментуе гэтае прызначэнне
РР: Марат Маркаў загадам Лукашэнкі прызначаны міністрам інфармацыі Беларусі. Для вас асабіста гэта нейкая нечаканая інфармацыя, здзіўленне выклікала?
Паўлюк Быкоўскі: Само па сабе гэта не выклікае здзіўлення, бо Марат Маркаў сапраўды някепскі медыя-менеджар. І тое, што на гэтую пасаду трапіла такая асоба, – нічога дзіўнага. Маркаў працаваў і ў Fдміністрацыі прэзідэнта, і быў у шэрагу праектаў, ён быў у БелТА, у Белтэлерадыёкампаніі, у АНТ. І ў прынцыпе гэта асоба, на якую Аляксандр Лукашэнка можа абапірацца, якую ён ведае. Акрамя таго, гэта асоба выглядае даволі паспяховай.
Калі казаць пра тое, што кіраўніком АНТ адносна лёгка можна было быць, бо Белтэлерадыёкампанія захавала ўсе рысы такога дзяржаўнага тэлебачання з пэўнай яго драўлянасцю і з тым, якая павінна быць іерархія навінаў, як выказвацца пра чыноўнікаў, пра Лукашэнку. На АНТ часам яны гулялі ў тое, што гэта сямейны тэлеканал, спрабавалі рабіць не такія драўляныя, больш жывыя сюжэты. Натуральна, што гэта не заўсёды атрымлівалася, але сам па сабе такі падыход у іх быў, і Маркаву дасталася і спадчына такая, больш-менш жывога канала. І гэты тэлеканал у ягоных руках такім і застаўся. Калі казаць пра міністэрства інфармацыі, то тут будзе трохі іншая сфера дзейнасці, бо міністэрства інфармацыі ў Беларусі адказвае не за тэлеканалы, тэлеканалы з’яўляюцца вотчынай прэс-сакратара прэзідэнта, а міністр інфармацыі больш адказвае за стратэгічнае планаванне ў медыясферы. Гэта тое, чым Маркаў можа займацца. Адказвае за рэгіянальныя СМІ, калісьці Маркаў быў аўдытарам БелТА, таму, можа, ён зможа разабрацца, што яшчэ скараціць у дзяржаўных раёнках.
Калі казаць пра ідэалагічную працу, то ён не цураўся і некалі працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, таму тут усе пазлы складаюцца.
Іншае пытанне, што я натуральна не прадказваў такога рашэння, але ў нас рашэнні прымаюцца ў “чорнай скрыні”, таму такія кадравыя перастаноўкі, асабліва калі на папярэдніка “не вешаюць усіх сабак”, і не кажуць, што ён недзе правініўся, то прадказаць даволі складана.
РР: Я яшчэ дадам, што ў біяграфіі Марата Маркава быў таксама вайсковы перыяд даволі вялікі, больш за дзясятак гадоў ён адслужыў у войску. Не ведаю, як гэты факт уплывае на яго кар’еру, але тым не менш варта яго зазначыць.
Паўлюк Быкоўскі: Тут ёсць сапраўды смешны момант, калі згадаць, што Маркаў заканчваў Менскае вышэйшае зенітна-ракетнае вучылішча супрацьпаветраных сіл, то ў нейкай ступені гэта метафара таго, чым займаецца міністэрства інфармацыі. Яно, паводле афіцыйнай версіі, займаецца супрацьдзеяннем злаякаснага замежнага ўплыву на інфармацыйную сферу Беларусі. Вось тое рабілася пры дапамозе ракет і зенітак, а гэта будзе рабіцца з дапамогай блакіровак у інтэрнэце і распрацоўкі заканадаўства.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, racyja.com