Пры гэтым кожны кейс будзе разглядацца індывідуальна. Калі швейцарскія ўлады палічаць, што нашаму суайчынніку небяспечна вяртацца ў Беларусь для абмену дакумента праз пагрозу пераследу, яму будзе выдавацца швейцарскі праязны дакумент.
Трэба зазначыць, што гэтая норма закона – не новая і ўжо даволі даўно замацаваная ў швейцарскім заканадаўстве аб статусе замежных грамадзян. Тым не менш раней у нас “не было дакладнай інфармацыі пра алгарытм дзеянняў у такой сітуацыі для беларусаў”, гаворыць адзін з лідараў беларускай дыяспары ў Швейцарыі Алесь Вашкевіч:
— Не так даўно наша асацыяцыя RAZAM.CH звярнулася да швейцарскіх улад датычна сітуацыі з беларускімі пашпартамі. Як вядома, гэта сур’ёзная праблема для нашых суайчыннікаў: у консульствах Беларусі за мяжой беларусы свае дакументы аднаўляць больш не могуць, а ехаць на радзіму не кожны можа праз пагрозу пераследу.
У афіцыйным адказе ад Дзяржаўнага сакратарыята па міграцыі і Федэральнага дэпартамента замежных спраў, які мы нядаўна атрымалі, прапісаны канкрэтны алгарытм дзеянняў: як цяпер беларусы мусяць дзейнічаць у такой сітуацыі. У прыватнасці, швейцарскія ўлады прапануюць нашым суайчыннікам звяртацца ў кантанальныя міграцыйныя органы з хадайніцтвам на атрыманне швейцарскага пашпарта для замежнікаў і абгрунтоўваць немагчымасць вяртання ў Беларусь.