Андрэй Еўдакімаў пра праект Дыяфільмы Live і вучобу ў дзвюх польскіх акадэміях

Пасля 2020 года беларускі музыкант Андрэй Еўдакімаў вымушана з’ехаў у Польшчу. Мінула тры гады, Андрэй працягвае займацца творчасцю, развівае праект Дыяфільмы Live, піша музыку, грае ў розных гуртах, а яшчэ – вучыцца: у магістратуры Музычнай акадэміі ў Быдгашчы па спецыяльнасці кампазіцыя кіно і тэатра. Адукацыю ж гукарэжысёра атрымлівае ў Акадэміі журналістыкі і гукарэжысуры ў Варшаве. Паразмаўлялі з Андрэем пра жыццё творчае і звычайнае.

Чаму ў праекта Дыяфільмы Live атрымалася прыжыцца тут, у эміграцыі?

Не ўсе ўдзельнікі праекта ў Польшчы. У Варшаве толькі я, частка каманды ў Беларусі і ў Познані. Так атрымалася, што 5 з 6 чалавек сабраліся ў Варшаве і мы вырашылі гэтым скарыстацца і зладзіць паказ. Амаль усе на імпрэзе былі беларусы, частка гледачоў была з Украіны і некалькі чалавек з Польшчы.

Што такое Дыяфільмы Live? Як можна растлумачыць ідэю праекта чалавеку, які ніколі пра яго не чуў?

Звычайна, мы кажам, што гэта немагчыма растлумачыць, гэта трэба ўбачыць. Мы паказваем стужкі з дыяфільмамі з савецкага часу. Некаторыя гэта ўяўляюць як у дзяцінстве, дома. Але мы паказваем дыяфільмы на вялікім экране з акцёрамі і жывой музыкай. Выкарыстоўваем толькі аналагавы праектар і старыя плёнкі.

Фотa Яўген Малашкевіч. Крыніца: facebook.com/diafilm.live
Фотa Яўген Малашкевіч. Крыніца: facebook.com/diafilm.live

Дыяфільмы – гэта, канешне, пра ўспаміны, пра дзяцінства. Тут, у эміграцыі, ты часта пра яго згадваеш?

Для мяне гэта пытанне не столькі пра дзяцінства, колькі пра адчуванне дома, пра блізкіх людзей. Але я рана з’ехаў ад бацькоў, паехаў вучыцца і з 17 гадоў жыў асобна. Мне здаецца, гэтае адчуванне дзяцінства недзе і адарвалася на гэтым моманце. Быў час суму па людзях, па месцах, па справах, якімі я займаўся. Але зараз, напэўна, калі б я прыехаў у Мінск, не так шмат сяброў і знаёмых я б там сустрэў. Шмат хто з’ехаў. Таму гэта такі эксзістэнцыянальны сум.

Ты пачынаў як прафесійны гітарыст. Музыка даўно выйшла за межы аднаго інструмента?

Напэўна, за межы яна выйшла акурат з праекта Дыяфільмы Live. Падчас паказаў я граю пераважна на гітары, але таксама ўжываю і розныя эфекты. Хацелася трошкі пашырыць межы, у нейкі момант пачаў штосьці прапісваць да спектакляў. Так што гэта заўсёды мікс жывога гуку і фанаграмы, часта з гучаннем бэнда. 

Зараз ты вучышся ў Музычнай акадэміі ў Быдгашчы па спецыяльнасці кампазіцыі кіно і тэатра. Чым адрозніваецца гэты накірунак ад звычайнай кампазіцыі?

Галоўны прадмет – гэта непасрэдна кампазіцыя кіно і тэатра. Падчас навучання даюць фрагменты фільмаў, анімацыі, спектакляў для аналізу. У асноўным я працую ў камп’ютары з сэмпламі, запісамі, міксамі і гд.

Для мяне быў цікавы такі прадмет, як музыка электраакустычная, цікава было паглядзець на гэты напрамак з тэхнічнага боку. Якія праграмы выкарыстоўваюць, як граюць лайв электроніку. Адзін з важных прадметаў – эстэтыка гука кіно. Гэта былі такія доўгія заняткі па 3-5 гадзін у кіназале з высокай якасцю гука. Мы глядзелі рознае кіно і абмяркоўвалі яго з выдатным выкладчыкам.

Чаму акрамя Акадэміі ў Быдгашчы з’явілася ў жыцці яшчэ і Акадэмія журналістыкі і гукарэжысуры ў Варшаве?

Першапачаткова я хацеў вучыцца па напрамку гукарэжысуры. Але мая праца складаецца і з кампазіцыі, і з гукарэжысуры. У выніку выпадкова атрымалася гэта спалучыць. Я планаваў навучанне ў адным універсітэце, пасля з’явіўся іншы. Неяк так атрымалася, што я дамовіўся на дзве вучобы і вырашыў паспрабаваць. Спачатку здавалася, што гэта катастрофа, а пасля я адаптаваўся.

Ты зараз шукаеш працу. Прачытаўшы твой пост, я была захопленая тым, як шмат ты ўсяго паспеў зрабіць. Але каб была такая шчаслівая магчымасць выбраць – на чым бы ты спыніўся з усіх тых рэчаў, якімі ўмееш займацца?

З таго,што я зрабіў, самы варты для мяне праект – гэта Дыяфільмы Live. Засталіся мы б усе разам, то я б працаваў над гэтым і надалей, шукаў штосьці новае. А калі казаць агульна… Напэўна, я з вялікім задавальненнем займаўся бы нейкім творчым праектам, дзе можна было б спалучыць гукарэжысуру, кампазіцыю, аранжыроўку і канцэрты.

Фотa Яўген Малашкевіч. Крыніца: facebook.com/diafilm.live

Што новага ты даведаўся пра польскую музыку за гэтыя 3 гады?

Тут вельмі моцная кампазітарская школа. Што тычыцца сучаснай музыкі, то тут я больш прыхільнік нямецкіх артыстаў і мне цяжка кагосьці канкрэтнага вылучыць.

З якім пачуццём ты жывеш апошні час?

Відавочна, што зараза цяжкі час. Я імкнуся глядзець наперад, каб бачыць тых, хто побач і заўважаць штосьці цікавае і прыгожае навокал. Напрыклад, я кожны тыдзень знаходжу вельмі файных новых музычных артыстаў. Шмат прыгожыў месцаў у Польшчы. Падабаецца прыязджаць у Познань ці ў Гданьск.

Файна, што ёсць шмат знаёмых якія пераехалі. Гэта, канешне, не вельмі добра, што людзі вымушаны з’язджаць з Беларусі, але класна, што пакуль мы тут, мы можам быць разам і падтрымліваць адзін аднаго.

Поўную размову з Андрэем Еўдакімавым слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm