На пісьменніцкі стэндап Сашы Філіпенкі ў Варшаве былі прададзеныя ўсе квіткі, а па подпіс у кнігах выстраілася доўгая чарга. У аўтара скончыўся тур па Польшчы, да гэтага выступы праходзілі ў іншых краінах Еўропы. «Белсат» скарыстаўся нагодай і паразмаўляў з пісьменнікам перад варшаўскім «творчым вечарам»: акурат за дзень да гэтага з’явілася навіна, што сваю будучую кнігу Саша Філіпенка мае намер выдаць па-беларуску.
– У «Фэйсбуку» жартуюць, што ты ўжо не Саша, а Алесь, з нагоды таго, што твая будучая кніга выйдзе спачатку на беларускай мове.
– З гэтага зрабілі такую навіну, хаця я доўга намагаўся выдаць свае кнігі ў перакладзе на беларускую мову, і беларускія выдаўцы казалі мне, што гэта нікому не трэба, бо іх ужо прачыталі па-расейску. Урэшце мы ўсё-ткі зрабілі пераклады і вырашылі, што будучая кніга выйдзе альбо на дзвюх мовах адначасова, альбо на беларускай нават раней. У выніку напісалі, што я яшчэ і пачаў размаўляць па-беларуску, хаця я ўсё жыццё размаўляў па-беларуску.
– Тваё стаўленне да беларускай мовы ў параўнанні з расейскаю неяк змянілася за апошні час?
– Усё тое сама. Усе разумеюць, што трэба размаўляць на беларускай мове і рабіць нешта для таго, каб палепшыць яе становішча, бо ў Беларусі яна знішчаная. Але ў мяне ступар, калі кажуць, што сапраўдныя беларусы размаўляюць толькі па-беларуску. Быццам тыя, хто сядзіць у турмах і размаўляе па-расейску, несапраўдныя. Як ва Украіне кажуць, што сапраўдныя ўкраінцы размаўляюць на ўкраінскай мове, то бок тыя, хто на фронце, але размаўляюць па-расейску, а там кожны другі салдат ваюе на расейскай мове, несапраўдныя. Калі я з табою размаўляю па-беларуску, я сапраўдны беларус, а калі мая кніжка выходзіць па-расейску, – несапраўдны. Мой бацька, які пабываў на Акрэсціна, нібыта несапраўдны беларус. Гэта знявага да людзей, якія ў Беларусі адчуваюць сябе беларусамі і пераважна размаўляюць па-расейску, а хтосьці з Варшавы ім кажа, што яны несапраўдныя.
– Ты не стаў больш размаўляць па-беларуску?
– Я заўсёды размаўляў па-беларуску, напрыклад, з сябрамі, якія размаўляюць па-беларуску. Цяпер я жыву ў горадзе, дзе кожны дзень даводзіцца размаўляць па-французску, англійску і нямецку – ты ўвесь час пераключаеш мовы і ніхто не задаецца пытаннем, а чаму ён пачаў размаўляць на той ці на іншай.
– Так ці інакш прыемна бачыць навіну пра тое, што твая будучая кніга можа выйсці адразу на беларускай, такога раней не было. Чаму гэта табе падалося важным?
– Бо я бачу, як стараюцца беларускія выдаўцы, і калі я магу нешта зрабіць, трэба рабіць. Я не чытаю спрэчак у сеціве, але мой агент час ад часу мне нешта дасылае. Бывае, тое, буду я пісаць па-беларуску ці не, становіцца галоўным пытаннем беларускай літаратуры, хаця яна і без мяне добра жыла і будзе жыць. Калі я выступаў, здаецца, у Лісабоне, у мясцовым чаце быў анонс імпрэзы, і ўдзельнікі пачалі сварыцца, я беларускі пісьменнік ці не, і так перасварыліся, што на наступны дзень не святкавалі разам Дня Волі.
– То бок беларуская мова – выбуховая тэма цяпер.
– Але мне здаецца, гэта штучна: яна выбуховая для беларусаў, якія з’ехалі, але не вельмі выбуховая для беларусаў, якія засталіся ў краіне, у іх іншыя праблемы.
– Бо тыя, хто размаўляе па-беларуску, у Беларусі падазроныя.
– Вядома, мы гэта разумеем. Такім чынам трэба, каб кніжкі выходзілі на беларускай мове, каб іх чыталі на беларускай мове, калі захочуць. Першы тыраж маіх кніг на беларускай разышоўся, прададзены ўвесь «Былы сын» і ўвесь «Крэмулятар», яны дадрукоўваюцца і перакладаюцца іншыя кнігі.
– Новую кнігу ты пішаш адразу па-расейску?
– Так, вядома. Я чытаў зробленыя перакладчыцаю пераклады – я не магу так пісаць па-беларуску, у мяне няма гэтай моцы, папросту няма такога вакабуляру, бо мы ўсё-ткі кажам пра літаратуру. Гэта як бы футбалісту, які гуляе праваю нагою, сказалі, што ён павінен біць толькі леваю. Нядаўна Швейцарыя абірала кніжкі, каб прэзентаваць на Канскім кінафестывалі, і выбрала 4 швейцарскія і адну маю – «Цкаванне». Я размаўляў з міністаркаю культуры Швейцарыі і кажу, што пішу па-расейску, а яна кажа, маўляў, нам увогуле ўсё роўна, на якой мове ты пішаш, нам важна, што ты займаешся мастацтвам у Швейцарыі, што ў тваіх сюжэтах праскоквае Швейцарыя, пішы хоць па-партугальску, хоць па-французску. На фоне вайны нам кажуць, што расейская мова таксічная, але я з гэтым нязгодны: пра жудасныя рэчы, што адбываліся ў Расеі, мы ведаем таксама ад расейскіх пісьменнікаў – ад Шаламава, Салжаніцына, Яўгеніі Гінзбург. Я бачу ў гэтым вялікае какецтва, бо з такімі санкцыямі, як сёння, Расея можа весці вайну яшчэ сто гадоў, і мы такія: давайце будзем адмяняць канцэрты Чайкоўскага і Рахманінава, але пасылаць Расеі сто мільярдаў еўраў за энергарэсурсы. Швейцарыя як купляла вугаль з расейскіх шахтаў, так і купляе, проста цяпер ён ідзе праз Казахстан і Эстонію, і каштуе даражэй.
– Можаш расказаць падрабязнасці пра новы раман?
– Ён будзе пра выбар, пра тое, як чалавек сябе паводзіць, як заўсёды ў мяне – пра чалавека, пра грамадства.
– У беларускім кантэксце?
– У еўрапейскім. Гэтая гісторыя магла б адбыцца ў любой краіне, яна будзе зразумелая ўсім, хаця ў ёй вялікае рэха людзей, што не заўважаюць вайны. Я думаў, што «Крэмулятар» – мая апошняя кніжка, я два з паловаю гады не пісаў, пісаў толькі тэксты пра Беларусь.
– Раней ты казаў, каб пачаць новую кнігу, трэба знайсці яе інтанацыю.
– Я яе не знайшоў, знайшоў толькі сюжэт. Я кожны дзень раблю чарнавікі, штосьці пішу, але інтанацыю яшчэ шукаю. Гэта мяне вельмі турбуе, я пакуль не разумею, як буду пісаць.
– Але ты ўсё-ткі пачаў. Што цябе натхніла?
– Мне падаецца, гэта вельмі крутая гісторыя. Я як Стэнлі Кубрык. Я напісаў вытворчы раман, раман-сталенне, гістарычны раман. Наступная кніга, мне падаецца, будзе нечаканай, і мне гэта падабаецца. Некалькі маіх выдаўцоў кажуць, маўляў, Саша, мы чакаем ад вас новы гістарычны раман. Калі ад мяне нехта штосьці чакае, я не хачу гэтага рабіць, я хачу толькі рабіць тое, што хачу. Калі ўжо пісьменнікі не будуць адчуваць сябе свабоднымі… Мне падаецца, я б хутчэй пачаў пісаць па-беларуску, калі б мне ніхто не казаў, што я мушу пісаць на беларускай мове. Гэта інфантылізм, падлеткавы пратэст, але вельмі важны для пісьменніка пратэст. Увогуле, каб усё было добра з беларускаю моваю, трэба проста размаўляць з дзецьмі па-беларуску.
– Ты размаўляеш са сваім сынам?
– Час ад часу – так.
– А ён?
– Яму цяжка, у яго салат з нямецкай, французскай, англійскай, але калі ў яго запытваюць, хто ён, ён кажа, што напалову беларус, адчувае сябе беларусам. Я ні разу яму не сказаў: давай вывучаць беларускую мову. Але ён, бывае, прыходзіць, маўляў, тата, я паглядзеў тое на беларускай мове і тое. Ён чуе, што я з сябрамі размаўляю, яму цікава.
– У цябе трывае тур па Польшчы ў кантэксце выступаў агулам у Еўропе. Як ідзе тур, ці збіраеш стадыёны?
– Я не думаў пра гэта, але прыходзяць людзі, так. Можа, гэта проста настальгічнае, маўляў, а, ну беларусік, трэба схадзіць. Можа, цікава, што я не проста расказваю пра літаратуру, але і жартую. Мне здаецца, важна паказваць, што літаратура – гэта не зусім сумна, не зусім страшна. Я запытваў у сваіх падпісчыкаў у «Тэлеграме», ці могуць яны яшчэ 2-3 гадзіны чытаць кніжку, не зазіраючы ў тэлефон. Хіба 63 адсоткі адказалі, што не могуць. Таму гэта таксама змаганне за літаратуру – вечар, калі мы размаўляем пра літаратуру, але ён не сумны як лекцыя ва ўніверсітэце.
– Ты зарабляеш на туры?
– Так, безумоўна. Ёсць агентка, яна кажа: ты едзеш туды, туды і туды. І за кожны выступ я атрымліваю грошы. Людзі не заўсёды разумеюць, колькі табе каштуе кніжка. Яны думаюць, што ты як Кэры Брэдшо ў «Сексе ў вялікім горадзе» – сеў і проста пішаш. «Крэмулятар» каштаваў як сапраўдны дакументальны фільм, мне трэба было працаваць у архівах, і паколькі я заўсёды раблю тое, што рабіў галоўны герой, пабываў у Турцыі, Расеі, ва Украіне, у Францыі, Нямеччыне, каб паўтарыць ягоны маршрут, ягоны лёс. А ў гэты ж час трэба за кватэру плаціць, ніхто не думае, дзе пісьменнік знаходзіць грошы. Мае кнігі перакладзеныя на амаль 20 моваў, і ўсё роўна патрэбныя грошы, каб рабіць новыя праекты.
– Як ты даеш рады працягваць публічную дзейнасць з улікам ціску на тваю сям’ю?
– Калі бацька апынуўся на свабодзе, з тыдзень усе выдыхалі, а потым мы паразмаўлялі і пастанавілі, што я буду працягваць рабіць тое, што раблю. Гэта вельмі бязглузда б выглядала: я 10 гадоў кажу пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а калі кранулася маёй сям’і, быццам адразу змоўк. Нельга спыняцца, бо гэта не толькі пра маю сям’ю, а пра сотні тысяч сем’яў у Беларусі. Бацька ходзіць на допыты, мне здаецца, у яго стакгольмскі сіндром, бо ён мне сказаў: «У цябе такая добрая следчая». Яна ў яго запытала, «ці ганарыцца Саша Беларуссю», і бацька адказаў, што так, вядома, Саша ганарыцца Беларуссю і было б добра, каб Беларусь пачала ганарыцца ім. Гэта цяжкае пытанне, кожны дзень ты разумееш, што пасля якога-кольвек чарговага інтэрв’ю яго могуць ізноў затрымаць.
– Ты таксама «пісьменнік лістоў» і «пісьменнік для дыпламатаў» у пытанні Беларусі. Якія асноўныя тэзісы цяпер намагаешся прасоўваць?
– Кожны раз розныя, галоўнае – увесь час казаць пра Беларусь. Адзін нямецкі журналіст мне неяк кажа: «Як добра, што ў вас у Беларусі нармалізавалася сітуацыя». Я, такі: «У сэнсе?» Ён кажа, ну, маўляў, пратэстаў ужо няма. Я намагаюся казаць, што сітуацыя не змянілася, рэпрэсіі працягваюцца штодзень, што з дыктатураю нельга гандляваць – на гэтае цяжкае пытанне, ці варта выкупляць палітычных вязняў. Адной з умоў вызвалення Наталлі Хершэ было тое, што Швейцарыя нібыта прызнае рэжым Лукашэнкі і ўручае яму даверчы ліст. Але мы разумеем, што ўжо на наступны дзень на месцы Хершэ будзе іншая жанчына. На маю думку, нельга гандляваць людзьмі. Да таго ж гэта не так, што еўрапейскія дыпламаты не прыходзяць з прапановамі пра вызваленне Калеснікавай ці яшчэ некага. Праблема ў тым, што ва ўладаў Беларусі няма прапановаў насустрач. Там такі снежны ком санкцыяў – за вайну, за катаванні, – што зняцце часткі абмежаванняў за вызваленне ста палітвязняў рэжыму нецікавае. Усе палітвязні мусяць быць на свабодзе без аніякіх умоваў.
– Як адзін з галасоў Беларусі ў Еўропе ты адчуваеш, што не страціў сувязі з тым, што адбываецца на тэрыторыі краіны?
– Вядома, я не адчуваю гэта так, як адчувалася б у Беларусі, але я кожны дзень размаўляю з тымі, хто там. У гэтай бурбалцы ёсць людзі, якія кажуць, што хопіць, мы стаміліся ад вашай барацьбы за новую Беларусь, хай спыняцца рэпрэсіі, мы хочам проста жыць. Але рэпрэсіі адбываюцца не праз тое, што я штосьці пішу. І кожны беларус сам вырашае, што яму рабіць. Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь і буду рабіць тое, што лічу патрэбным, а ў беларуса, які жыве ў Беларусі, можа быць іншы погляд, і ён можа рабіць штосьці іншае.
– Ты ў адным інтэрв’ю сказаў, што да пісьменнікаў усё радзей прыслухоўваюцца, хаця яны ўжо ў 2010 і 2014 гадах пісалі, што гэтая вайна адбудзецца. Пра што цяпер пішуць пісьменнікі такога, да чаго варта было б прыслухацца?
– Пра трэцюю сусветную, пра тое, што будзе, калі попел асядзе. У лютым я выступаў у Берліне, там быў вялікі беларускі фестываль. Мой выступ павінен быў пачацца а шостай, я прыйшоў, сяджу, і тут прыязджаюць нямецкія палітыкі. Яны казалі пра Беларусь вельмі правільныя словы, і гэта цягнулася 45 хвілінаў. Калі я нарэшце выйшаў, сказаў, што гэты свет быў бы трошку лепшым, калі б палітыкі выступалі пасля пісьменнікаў. Не тое што я суперастар, нават калі б я быў ноўнэйм-пісьменнікам: чаму я мушу іх слухаць, калі а шостай мушу выступаць? І яны не засталіся, усе сышлі.
– Значыць, заўважны матыў – пра трэцюю сусветную?
– Мы да яе ідзём, мне падаецца. Не? У Беларусі хіба пра гэта не пішуць. Максім Знак напісаў найцудоўнейшую кнігу. Калі мне яе даслалі, я думаў, магчыма, прыйдзецца прыдумляць, што добрага сказаць, але прачытаў – і думаю: як яму як пісьменніку пашанцавала, што ён за кратамі, бо ён здолеў гэта так крута апісаць. Цяпер Беларусь – гэта тое, што Знак апісвае ў «Зэкамероне». У мяне пытаюцца, ці буду я пісаць новую кнігу пра Беларусь, а я адказваю: навошта, калі «Былы сын» актуальны і ёсць Максім Знак. Думаю, у Беларусі ёсць пісьменнікі, якія пакуль нічога не агучваюць, але намацваюць, намацваюць – і потым нешта напішуць.
– Такім чынам ты ўпэўнены, што нам варта чакаць трэцяй сусветнай вайны?
– Я не ўпэўнены, мне проста падаецца, што, калі людзі нешта прыдумляюць, агучваюць, аднойчы гэта здараецца. Калі людзі так шмат сказалі, што гэта будзе, так шмат разоў пра гэта падумалі… У Капэнгагене я сустрэўся з славутаю дацкаю пісьменніцай, ёй 80 гадоў. Я ў яе спытаўся: людзі сталі лепшыя ці горшыя? І яна кажа, маўляў, вядома, становяцца ўсё лепшыя і лепшыя. Я потым ішоў і разважаў пра гэта. Яшчэ некалькі гадоў таму мы не маглі ўявіць таго, што адбываецца сёння, але цікава мець і такую оптыку. Можа, сапраўды, усё будзе толькі лепш?