У Беластоку адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава

 У Беластоку не маглі прамінуць такую падзею, якую адзначаюць беларусы ва ўсім свеце, – 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Васіля Быкава.

У кавярні Fama, сіламі Цэнтра беларускай культуры і фонду «Камунікат», была наладжана вялікая вечарына памяці. Пачалася яна з паказу фільма пра пісьменніка і яго развагаў пра літаратуру.

– На вайне адбыўся ўвесь комплекс чалавечых перажыванняў і чалавечых праблем. Там і жыццё, і смерць, і нараджэнне, і станаўленне, і самасцвярджэнне, і гераізм, і яго антыпод баязлівасць і здрада. Усё там было. І калі б наша грамадства існавала ў дэмакратычнай атмасферы і наша б літаратура развівалася б нармальна, як яна павінна развівацца ў дэмакратычным грамадстве, усё гэта так ці інакш было б даследавана і выяўлена ў літаратуры.

Вяла вечарыну намесніца кіраўніка Цэнтра беларускай культуры Ілона Карпюк:

 І варта было, каб у Беластоку таксама адсвяткаваць супольна стагоддзе Васіля Быкава. Што гэта азначае “святкаваць”? Па-першае, сустрэцца, слухаем тых, хто асабіста быў знаёмы з Васілём Быкавым, Уладзіміра Арлова. Гэта адно. З другога боку ў мінулым годзе  з’явілася біяграфічная кніга ў польскім перакладзе “Дарога дадому”. І такім чынам  вырашылі запрасіць Яанну Бернатовіч, якую гэтую кнігу пераклала.

Падчас вечарыны сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава дзяліўся Уладзімір Арлоў, пра кнігу «Доўгая дарога дадому», выдадзеную па-польску, расказала яе перакладчыца Яанна Бернатовіч. Кіраўнік Фонда «Камунікат» Яраслаў Іванюк прадставіў выдадзеную ім кнігу Быкава з аповесцямі “Бліндаж” і “Афганец”. Гучалі таксама дуда і спевы ў выкананні Яўгена і Вольгі Барышнікавых.

racyja.com