У Польшчы плануюць вырабляць карэйскія танкі і вывучыць досвед карэйцаў у ахове памежнай тэрыторыі, паведамляе выданне польскага Мінабароны polska-zbrojna.pl.
У польскім горадзе Кельцы на восень 2024 года запланаваная вытворчасць паўднёвакарэйскіх танкаў К2. Згодна з кантрактам, падпісанне якога чакаецца ў верасні, будзе выраблена 180 гэтых вайсковых машынаў.
Пра рыхтаванае падпісанне стала вядома пасля сустрэчы віцэ-прэм’ера Польшчы Владыслава Касіняк-Камыша з міністрам абароны Паўднёвай Карэі Шын Ўон Сікам.
«Палітыкі абмеркавалі і магчымую перадачу тэхналогіяў, датычных вытворчасці абсталявання», – гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя кантракту, датычнага вытворчасці танкаў, удзельнікі перамоваў абмеркавалі магчымасць вытворчасці на тэрыторыі Польшчы і іншага паўднёвакарэйскага ўзбраення.
«Мы пастанавілі працаваць разам, каб другі выканаўчы кантракт, датычны гаўбіцаў K9 і ракетных сістэмаў «Chunmoo», увайшоў у сілу цягам года. Таксама мы дамовіліся прыкласці намаганні, каб падрыхтаваць умовы фінансавання і перадачы тэхналогіяў на аснове ўзаемнага даверу», – заявіў Шын Ўон Сік.
У сваю чаргу, прысутны на сустрэчы намеснік міністра Павэл Бэйда падкрэсліў, што вядуцца перамовы і наконт экспарту польскага абсталявання ў Паўднёвую Карэю.
Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі сітуацыю на польска-беларускай мяжы. Владыслаў Касіняк-Камыш сказаў, што ў Польшчы плануюць вывучыць досвед карэйцаў у ахове памежнай тэрыторыі.
«Яны выкарыстоўваюць вельмі сучасныя тэхналогіі, ужываюць штучны інтэлект для маніторынгу мяжы і рэагавання. Я хацеў бы, каб мы скарысталі гэты досвед», – сказаў Владыслаў Касіняк-Камыш.
Нагадаем, 13 чэрвеня ў некаторых прымежных раёнах Польшчы пачала дзеяць буферная зона, дзе забараняецца прысутнічаць староннім асобам. Такі адмысловы рэжым увялі дзеля бяспекі польскіх памежнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў, а таксама для абмежавання дзейнасці кантрабандысцкіх групаў, якія спрыяюць нерэгулярнай міграцыі.