22 чэрвеня 50-гадовы юбілей святкуе вядомы беларуска-амерыканскі грамадскі дзеяч і праваабаронца Вячаслаў Бортнік!
З 1995 года спадар Вячаслаў у родным Гомелі актыўна ўдзельнічаў у беларускім праваабарончым руху і ў першай палове 2000-х узначальваў Беларускую філію Amnesty International, зазнаўшы за сваю дзейнасць пераслед з боку беларускіх уладаў.
У 2008 годзе, яшчэ за пяць гадоў да сталай эміграцыі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, Вячаслаў Бортнік далучыўся да Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА), працаваў там на розных пасадах і пэўны час нават узначальваў Вашынгтонскі аддзел ды быў намеснікам старшыні Галоўнай управы БАЗА. Акрамя гэтага, з 2016 па 2019 гады выконваў абавязкі Сакратара Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, будучы абраны сябрам Прэзідыюму Рады БНР.
Эміграцыя не перарвала і праваабарончай дзейнасці спадара Вячаслава. У Amnesty International USA з 2012 года ён быў спецыялістам па Беларусі, Малдове і Украіне, а з 2015 да 2020-га – старшынём Каардынацыйнай групы па Еўразіі. Да ўсяго, сталыя чытачы беларускіх СМІ добра ведаюць яго па рэгулярных заявах, артыкулах і каментарах у падтрымку правоў ЛГБТ.
Вядома, такая працяглая, шматгранная і карысная дзейнасць не магла застацца без увагі, таму Вячаслаў Бортнік лаўрэат шматлікіх амерыканскіх прэзідэнцкіх узнагародаў, быў узнагароджаны Медалём да стагоддзя БНР, а ў 2017 г. – абраны ў Вялікую Раду Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“.
Разам з сябрами і паплечнікамі спадара Вячаслава мы шчыра віншуем з юбілеем „нашага чалавека ў Вашынгтоне“, дзякуючы якому Дзень Волі ў гэтым горадзе ўжо два гады як адзначаецца афіцыйна. Моцна абдымаем і зычым новых дасягненняў у плённай працы на карысць Бацькаўшчыны і Беларушчыны!
ЗБС „Бацькаўшчына“