“Прававая ініцыятыва” ладзіць у розных краінах падзеі, прысвечаныя Тыдню супраць катаванняў.
Адна з імпрэз адбылася ў Варшаве – паказ монаспектакля Паўла Гарадніцкага “Паслязаўтра будзе заўтра”. Пра пастаноўку, Тыдзень, а таксама іншыя тэматычныя мерапрыемствы racyja.com размаўляе з прадстаўніцай “Прававой ініцыятывы” Настассяй.
– У межах Тыдня супраць катавання адбываюцца розныя імпрэзы ў Літве, у Польшчы, анлайн-імпрэзы, і размаўляць пра правы чалавека і катаванні заўсёды не проста. Мы шукаем розныя спосабы камунікацыі з людзьмі, і сёлета вырашылі паспрабаваць сябе ў тэатры, як новым для нас, такім эксперыментальным спосабе кантакту з людзьмі.
РР: Як паўстала гэтая супраца, менавіта з Паўлам Гарадніцкім?
Настасся: Павел Гарадніцкі – гэта дастаткова вядомы акцёр сярод беларускай супольнасці, таму ў нас адразу ўзнікла прапанова з ім супрацоўнічаць. І мы ведаем яго па Свабодным тэатры, ведаем рэжысёрскія пастаноўкі, якія ён ставіў, таму вырашылі даверацца яму. Павел са свайго боку быў вельмі зацікаўлены паспрабаваць сябе ў плане рэжысёра і акцёра адначасова.
РР: Гісторыя, якая была паказаная, заснаваная на рэальных падзеях. Як вы зараз сябе адчуваеце як арганізацыя, якая збірае такія самыя складаныя гісторыі? Наколькі шмат актыўнасцяў зараз праяўляецца з боку былых палітвязняў, наколькі яны гатовыя распавядаць пра тое, што адбывалася?
Настасся: Зараз няпросты момант, калі адчуваецца не так шмат надзеі і веры ў аднаўленне справядлівасці, таму мы спрабуем новыя фарматы, каб паразмаўляць з людзьмі. І нам вельмі важна, каб гісторыі, якія мы збіраем, не былі забытыя.
РР: Ці можаце прыгадаць нейкія такія яркія моманты, якія насамрэч выклікаюць шмат эмоцый – гісторыі катаванняў, гісторыі здзекаў з палітвязняў?
Настасся:Ведаеце, кожная гісторыя выклікае эмоцыі, таму што тое, пра што праходзяць людзі, гэта сёння ў нашай рэчаіснасці з’яўляецца пэўнай нормай. Мы шмат чуем, што людзі не ўспрымаюць свае гісторыі як нейкія гісторыі, якія ёсць цяжкімі на фоне таго, што адбываецца. Але гэта паказвае тое, што за апошні час наша разуменне нормы і стаўленне да чалавека, да чалавечай годнасці вельмі змянілася. Таму мы лічым вартым паказваць і нагадваць тое, што ёсць сёння. Гэта не нармальна. І нам вельмі важна збіраць, дакументаваць гэтыя гісторыі, каб у будучыні была ўсталяваная справядлівасць.
РР: Ці можна вызначыць, якая аўдыторыя найбольш гатовая штосьці распавядаць? Гэта маладыя людзі альбо не толькі?
Настасся: Мы збіраем гісторыі зусім розных людзей, гэта і маладыя людзі, гэта і пенсіянеры. І адносна ўзросту тут няма нейкай пэўнай вызначанасці, хутчэй гісторыі людзей 25-35 гадоў, іх больш, таму што менавіта гэтая аўдыторыя праяўляла найбольшую актыўнасць, за якую і мусіла пакутваць.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле: