Беларуская адукацыя ў Польшчы мае шмат праблем, якія тычыцца і нацыянальнай меншасці, і беларускай дыяспары. Аднак існуюць і шматлікія спробы іх вырашэння, у тым ліку дзякуючы дзейнасці Аліны Коўшык – прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета.
РР: Днямі вы, як прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета, правялі сустрэчу ў Міністрэстве нацыянальнай адукацыі Польшчы. Можа на пачатку размовы пра гэтыя сустрэчы? З якімі ўражаннямі з іх выйшлі? Наколькі вам бачыцца гэтае супрацоўніцтва з міністэрствам будзе надалей пазітыўным і будзе працягвацца?
Аліна Коўшык: Так, сапраўды ў нас адбылася сустрэча з дырэктаркай дэпартамента міжнароднай супрацы Міністэрства народнай адукацыі Польшчы. І гэта была звычайная працоўная сустрэча, якіх мы праводзім дастаткова багата дзеля таго, каб падтрымліваць беларускую павестку, каб абараняць правы тых беларусаў, якія зараз знаходзяцца ў Польшчы. І гэта адна з нашых задачаў як сяброў Аб’яднага пераходнага кабінету.
З Міністэрствам народнай адукацыі ў нас ёсць ужо сталы кантакт яшчэ з часоў папярэдняга польскага ўраду. Мы таксама сустракаліся з новым кіраўніцтвам і ўжо пачалі супрацаваць. Ёсць некалькі пытанняў вельмі важных, вырашэння якіх мы хацелі б дамагчыся на міністэрыяльным роўні. Па-першае, гэта вырашэнне справы беларускіх ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску. Гэтая справа цягнецца, яна пачалася ўжо прыкладна год таму, і, на жаль, выключэнне абавязковасці беларускай мовы з прадметаў, якія выкладаюцца ў гэтых ліцэях, можа прывесці да таго, што літаральна праз некалькі год гэтыя ліцэі, які працуюць на Падляшшы ўжо 70 гадоў, могуць страціць сваю свядомасць, страціць сваё месца на беларуска-польскай адукацыйнай пляцоўцы. І мы ў сталым кантакце з дырэктарамі школаў і таксама з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы, каб дапамагчы абараніць гэтыя ліцэі.
Пакуль ідзе вывучэнне сітуацыі з боку польскага заканадаўства, і мы ведаем, што на наступным тыдні павінен адбыцца разгляд праз міністарку адукацыі скаргі на куратара, якая была складзена прадстаўнікамі меншасці. Будзем сачыць за гэтай сітуацыяй. Мы патлумачылі прадстаўнікам міністэрства, чаму так важна падтрымліваць беларускую адукацыю.
Іншая справа – гэта навучанне беларускай мове для тых дзяцей, якія зараз вучацца ў Польшчы, а гэта, паводле апошніх дадзеных, якія мы мелі ад міністэрства, гэта 26 тысяч беларускіх дзяцей. Нам хацелася б, каб у іх была магчымасць навучацца беларускай мове. Гэтае пытанне мы ўздымалі. Шукаем магчымасці знайсці, як гэта заарганізаваць.
На дадзены момант тое, што мы прапануем беларусам, гэта запісваць дзяцей у суботнія школкі, якія існуюць у прынцыпе ва ўсіх асноўных асяродках, дзе жывуць беларусы ў Польшчы, ва ўсіх буйных гарадах. Мы перакананы, што гэта дапаможа захаваць беларускую мову і таксама падвучыць тыя прадметы беларускай школьнай праграмы, якія недасяжныя ў Польшчы. І гэта дазволіць дзецям, пры вяртанні ў Беларусь, не паўтараць школьную праграму, не паўтараць класы другі раз. Так што ў гэтым бачым вельмі вялікі сэнс.
РР: А як у вас склалася асабістае ўражанне, наколькі гэтыя асобы, з якімі вы сустракаліся з міністэрства, наколькі яны на гэты момант наогул абазнаныя ў гэтай сітуацыі – і беларускай адукацыі, і нацыянальнай меншасці, і дыяспары?
Аліна Коўшык: Я хачу сказаць, што міністэрства ў прынцыпе добра арыентуецца ў гэтых тэмах, таму што мы працуем з гэтымі тэмамі даўно, і нягледзячы на тое, што кіраўніцтва ў міністэрстве змянілася, але ў прынцыпе людзі, якія займаліся гэтымі пытаннямі, яны далей працуюць. Таму яны кансультуюць новых кіраўнікоў, і гэта дазваляе падтымліваць стабільную заангажаванасць у гэтыя тэмы.
Хацелася б бачыць больш палітычнай волі ў вырашэнні гэтых пытанняў. Над гэтым мы будзем далей працаваць.
Цалкам размова: