28 і 29 чэрвеня ў Беластоку праходзіла канферэнцыя «Беларуская мова і мовазнаўства: стан, выклікі, практычныя захады», дзе абмяркоўваліся праблемы, што стаяць перад беларускай мовай і спецыялістамі ў галіне яе развіцця. Асабліва ва ўмовах, калі на тэрыторыі Беларусі большасць беларускамоўнага атрымлівае адзнаку «экстрэмісцкага». «Белсат» пабываў на канферэнцыі і сабраў найбольш цікавае з выстуаленняў, а таксама папрысутнічаў на гістарычным моманце падпісання дэкларацыі аб стварэнні Інстытуту беларускай мовы.
Самае важнае пытанне
Праграма двухдзённай канферэнцыі была насычанай, арганізатары сфармавалі яе такім чынам, каб падчас выступленняў узняць звышактуальныя пытанні развіцця беларускай мовы і ейнага функцыянавання – як у замежжы, так і ўнутры Беларусі. Гэта і беларуская мова ў сферы ІТ і віртуальнай прасторы, пытанні моўнай палітыкі і сацыялінгвістычная праблематыка, праблема выкладання беларускай мовы ў школе, ВНУ, моўных курсах і даследаванне беларускіх гаворак для сілкавання літаратурнай мовы і інш.
Як гэта заўсёды бывае на мовазнаўчых канферэнцыях, было месца падчас дыскусіяў для абмеркавання больш шырокіх моўных праблемаў – такіх заўсёды актуальных тэмаў, як выкарыстання «тарашкевіцы» і «наркамаўкі», кірыліцы і лацінкі, так і больш вузкаспецыяльных пытанняў, кшталту напісання у кароткага пасля запазычаных словаў ці тэрміналогіі ў ІТ-галіне.
У той жа час, няхай і не заўсёды яўна, але адным са скразных пытанняў падчас большасці выступленняў было «Як мы можам захаваць беларускую мову і што трэба рабіць дзеля гэтага тут і цяпер?» На яго і спрабавалі шукаць адказы выступоўцы.
Пра што былі дыскусіі
Пасля вітальных словаў і некалькіх дакладаў пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі падзялілася па чатырох секцыях: «Моўная палітыка і сучасныя сацыялінгвістычныя працэсы ў беларускім грамадстве», «Стан беларускага мовазнаўства. Прыярытэтныя кірункі даследаванняў», «Інстытуцыйна-дыдактычнае забеспячэнне моўных патрэбаў беларускіх меншасцяў і «новай дыяспары» і «Матывацыя захавання беларускай моўнай ідэнтычнасці».
Выкладчыца і даследчыца беларускай мовы з Літвы Лілея Плыгаўка, расказваючы аб праблеме выкладання беларускай мовы дзецям і дарослым у кантэксце адукацыйнай парадыгмы, закранула пытанне, якое апошнім часам гучыць усё часцей: быццам для беларускіх дзяцей (у тым ліку з сем’яў беларускай меншасці за межамі Беларусі) трэба ўжываць падыход навучання беларускай мове як замежнай. Бо нібыта яны ўжо не засвойваюць мову ад сваіх бацькоў і рэдка чуюць у звычайным выкарыстанні.
Спікерка была катэгарычна нязгодная з такім падыходам: на яе думку, беларускія дзеці адчуваюць беларускую мову добра на генетычным узроўні і ўжо праз кароткі час з лёгкасцю засвойваюць і ўзнаўляюць усе яе парадыгмы і катэгорыі. Даследчыца прапанавала ўжываць сімбіёз падыходаў у такіх сітуацыях: спалучаючы прынцыпы выкладання беларускай мовы – і як замежнай, і як роднай.
Мова – гэта маркетынгавы прадукт
Даследчыца з Чэхіі Іна Каліта выступіла з дакладам «Экалогія як асноўны канцэпт моўнай і дзяржаўнай адбудовы Беларусі», у якім агучыла цікавы падыход да беларускам мовы як да маркетынгавага прадукту. На яе думку, на сённяшні дзень у прасоўванні і распаўсюджанні беларускай мовы не дзейнічаюць старыя схемы. Даследчыца сцвярджае, што сёння варта ўлічваць, як змяніліся фарматы прасоўванне розных прадуктаў у апошні час, і інтэграваць усе новыя падыходы для распаўсюджання і папулярызацыі беларускай мовы.
У размове з «Белсатам» Іна Каліта адзначыла, што сёння «прайшоў час, каб жаліцца, якая мы гаротная нацыя», як гэта нам прывівалі на ўроках літаратуры ў савецкі час. На яе думку, беларусам трэба падыходзіць да мовы як да канцэпту, як да маркетынгавага прадукту і спрабаваць выкарыстоўваць такія стратэгіі, якія да гэтага яшчэ не прымяняліся.
«Важна проста працаваць над тым, што ёсць мэта, да якой можна ісці рознымі спосабамі. Не тымі, якімі мы прывыклі. Новы час, не працуюць старыя схемы – ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы нельга дамовіцца аб тым, на што мы раней маглі раней разлічваць», – тлумачыць Іна Каліта.
Суразмоўніца адзначыла, што такім чынам мы можам «пазбавіцца ад усяго гэтага болю, ад усіх гэтых нараканняў, якія мы прывыклі звычайна чуць і ў беларускай класіцы, і зараз у тым ліку на гэтай новай хвалі падзеяў». «Проста эмоцыі пакінуць недзе ў шуфлядцы, памятаць, што гэта ў нашай гісторыі ёсць, але ісці новым шляхам», – кажа Іна Каліта.
Мова сілкуецца з гаворак
Польскі даследчык Міраслаў Янковяк звярнуў увагу на важнасць вывучэння беларускіх гаворак, у тым ліку на памежжы Беларусі з іншымі краінамі – у Літве, на Падляшшы ў Польшчы, у Латвіі. На ягоную думку, носьбіты беларускай мовы часта, імкнучыся адысці ад зрусіфікаванасці, кідаюцца ў бок слоўных адпаведнікаў, бліжэйшых да польскай мовы. У той жа час уласнабеларускіх словаў, якія ёсць у беларускіх гаворках, вельмі шмат, і імі абавязкова трэба карыстацца. Для гэтага важна праводзіць працу па іх вывучэнні.
Аднак, кажа даследчык, зараз сітуацыя з гэтым не самая лепшая. Колькасць даследчыкаў, якія займаюцца дадзенай праблематыкай, па-за межамі Беларусі выглядае не вельмі ўсцешліва: так, у Літве яму вядомы адзін даследчык, у Латвіі – таксама адзін, на Падляшшы даследаваннем беларускіх гаворак займаюцца пяцёра навукоўцаў, а «ва Украіне – ніхто».
У той жа час Міраслаў Янковяк падкрэсліў, што беларускія гаворкі – гэта той варыянт беларускай мовы, які, у адрозненне ад мовы літаратурнай, развіваецца бесперапынна.
«Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і адлюстроўваюць гэты беларускі свет, які людзі вёскі бачаць навокал сябе. На мой погляд, вельмі важна даследаваць беларускія гаворкі, асабліва лексіку, каб не было праблем з напаўненнем слоўнікавага саставу беларускай літаратурнай мовы», – адзначыў Міраслаў Янковяк.
Моўныя праблемы ў ІТ-сферы
Выступоўца Кацярына Сакалоўская, якая працуе ў ІТ-кампаніях у якасці перакладчыцы, акцэнтавала ўвагу на тым, што беларуская мова ў тэхналагічнай сферы сутыкаецца з мноствам разнастайных пытанняў. Адно з асноўных – брак добра распрацаванай і ўніфікаванай тэрміналогіі, а таксама крыніцаў і рэсурсаў, на якія б можна было спасылацца. Выступоўца падкрэсліла вялікі недахоп лінгвістаў, з якімі можна было б аператыўна пракансультавацца наконт таго ці іншага пытання.
Іншыя ўдзельнікі канферэнцыі, у сваю чаргу, пагадзіліся, што беларуская мовазнаўчая навука вельмі павольна рэагуе на патрабаванні часу ў справе распрацоўкі новай тэрміналогіі.
Што да выкарыстання штучнага інтэлекту, выступоўца прывяла прыклад сацыяльнай сеткі «Facebook», у якой штучны інтэлект праходзіць навучанне на аснове допісаў саміх карыстальнікаў. Але з улікам таго, што самі беларускія карыстальнікі не заўсёды валодаюць мовай добра, то і навучанне штучнага інтэлекту будзе праходзіць не вельмі якасна. Таму вельмі важна, каб беларусы, па-першае, актыўна ўжывалі беларускую мову пры выкарыстанні штучнага інтэлекту, а па-другое, для навучання штучнага інтэлекту варта выкарыстоўваць цэлыя пласты якасных тэкстаў.
Стварэнне Інстытуту беларускай мовы
Адным з найбольш інтрыгоўных момантаў канферэнцыі стала прэзентацыя канцэпцыі Інстытуту беларускай мовы (ІБМ) і падпісанне дэкларацыі аб яго стварэнні.
Прэзентавалі канцэпцыю ініцыятары гэтага амбіцыйнага праекту – мовазнавец Вінцук Вячорка і філосаф Павел Баркоўскі, які таксама актыўна займаецца пытаннямі мовазнаўства.
Паводле Вінцука Вячоркі, перадумовамі для стварэння інстытуту сталі такія фактары, як архаічнасць методык і метадычных інструментаў выкладання беларускай мовы, тое, што дзяржава перастала быць матыватарам стварэння беларусазнаўчых кірункаў даследаванняў і выкладання за мяжой, спыніла супрацу з замежнымі адукацыйнымі ўстановамі з выкладаннем па-беларуску або беларускай мовы як прадмету. Мовазнавец адзначыў, што адначасова дзяржава не стварае рынак попыту на паслугі па-беларуску, а ў выніку гэтага глабальныя тэхналагічныя карпарацыі ігнаруюць або маргіналізуюць беларускія прадукты.
У сувязі з гэтым мэтай дзейнасці інстытуту было вызначана спрыянне зберажэнню беларускай мовы як асноўнага чынніка нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і рэальнага сродку камунікацыі як унутры краіны, так і на эміграцыі. У якасці задачы было пазначана забеспячэнне асновы для беларускай моўнай палітыкі і моўнага планавання для ўсіх магчымых сфераў бытавання беларускай мовы праз стварэнне аўтаномнага незалежнага ад палітычнай кан’юнктуры і ўстойлівай навукова-практычнай і адукацыйнай установы.
Першачарговыя формы дзейнасці бачацца ініцыятарам ІБМ як стварэнне агульных і спецыялізаваных курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства для розных аўдыторыяў: як універсітэцкі модуль для бакалаўраў і магістраў, як форма пасляўніверсітэцкай падрыхтоўкі (у тым ліку для палітолагаў), як курсы для выхавацеляў дашкольных установаў і настаўнікаў школ, а таксама для вольных слухачоў.
Прэзентатары вызначылі і некалькі груп, якія ў перспектыве будуць займацца навукова-практычным забеспячэннем у інстытуце: метадычнай, тэрміналагічнай, групы стандартаў і кадыфікацыі, лексікаграфічнай, анамастычнай і ІТ-групы. Але было падкрэслена, што гэта не фінальна акрэсленая колькасць магчымых груп – яны могуць дадавацца і трансфармавацца па меры неабходнасці.
У каментары для «Белсата» Вінцук Вячорка адзначыў, што ідэя гуртавання мовазнаўцаў і моўных практыкаў, якія апынуліся ў новых умовах, лунала ў паветры даўно. Бо іхны патэнцыял і намаганні трэба было акумуляваць, «каб беларуская мова глядзела ў будучыню і набывала новых носьбітаў».
«Мы задумаліся пра пэўнае сеткаванне, гарызантальныя кантакты, абмен ідэямі. І гэтая ідэя інстытуту была б увасабленнем такой садружнасці намаганняў», – сказаў суразмоўца.
Пры гэтым Вінцук Вячорка адзначыў, што, нягледзячы на тую плённую і важную працу, якую робіць Інстытут мовазнаўства пры НАНБ і спецыялісты пры кафедрах беларускай мовы ва ўніверсітэтах, сітуацыя застаецца няпэўнай: беларусазнаўчыя кірункі даследавання, як і беларускамоўнае выкладанне могуць быць пад пагрозай, бо назіраецца скарачэнне даследаванняў.
«Усё гэта вымушае думаць не пра альтэрнатыву, але пра падтрымку тых добрых справаў, якія рабіла беларускае мовазнаўства, каб яны не змарнаваліся, не прапалі. І каб патэнцыял навукоўцаў, калі не быў запатрабаваны беларускай дзяржавай, быў запатрабаваны беларускім грамадствам. Так што гэта [стварэнне ІБМ] не ў піку, не ў альтэрнатыву, а хутчэй наадварот – дзеля дапамогі і страхоўкі», – адзначыў Вінцук Вячорка.
Паказчык дасягнення мэтаў дзейнасці інстытуту Вінцук Вячорка паставіў бы ў першую чаргу дзейнасныя крытэры – гэта значыць абслугоўванне бягучых патрэбаў беларускай мовы: напрыклад, дапамога спецыялістам з ІТ-галіны ва ўпарадкаванні тэрміналогіі ці папулярызатарам беларускай мовы з методыкай, сцэнарамі, міні-слоўнікамі і г.д.
Гістарычны момант
29 чэрвеня, пасля падсумавання вынікаў канферэнцыі, удзельнікі мерапрыемства сумесна прынялі дэкларацыю аб стварэнні Інстытуту беларускай мовы. Кожны з прысутных мог дадаць у тэкст дэкларацыі свае прапановы і фармулёўкі. Як адзначыў, Павел Баркоўскі падчас стварэння дэкларацыі, «гісторыя пішацца на нашых вачах» у літаральным сэнсе.
Стварэнне Інстытуту беларускай мовы стала, на думку філосафа Паўла Баркоўскага, практычным вынікам канферэнцыі і спробай даць сістэмны адказ на дэкларацыі аб тым, што ў беларускім мовазнаўстве існуюць праблемы і мноства пытанняў.
Што да ахвочых далучыцца да ініцыятывы, то, паводле Паўла Баркоўскага, звязвацца з аргкамітэтам можна праз электронны адрас, указаны на сайце канферэнцыі, які неўзабаве будзе перароблены ў сайт самога Інстытута. У бліжэйшых планах будзе стварэнне тэлеграм-каналу, дзе будзе форма зваротнай сувязі. Таму праз адзін з гэтых каналаў дакладна можна будзе «дагрукацца», сказаў ініцыятар стварэння ІБМ, бо на дадзеным этапе інстытуту «патрэбныя ўсе» – як калегі-філолагі, так і папулярызатары, таму што на сённяшні дзень пытанне развіцця мовы – гэта перадавая барацьбы за тое, каб мова развівалася і не знікала.
Ну і відавочна, адзначыў Павел Баркоўскі, спатрэбіцца таксама дапамога саміх беларусаў, якія б бачылі патрэбу ў інстытуце і звярталіся ў яго са сваімі надзённымі пытаннямі і прапановамі.