Польшча спрасьціла для беларусаў парадак выдачы праязнога дакумэнту іншаземца

Польскі праязны дакумэнт іншаземца

Грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, будзе лягчэй атрымаць польскія праязныя дакумэнты для іншаземца. Зьмены ў заканадаўстве былі ўведзеныя дзьвюма пастановамі міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, якія набылі моц 1 ліпеня 2023 году.

На падставе першай з гэтых дзьвюх пастаноў грамадзяне Беларусі былі вызваленыя ад неабходнасьці аплачваць збор за выдачу польскага праязнога дакумэнту для іншаземца. Вызваленьне ад аплаты зьяўляецца бестэрміновым і будзе дзейнічаць да часу, пакуль гэтая пастанова будзе мець юрыдычную сілу. Урадавы сайт, разам з польскай вэрсіяй, падае і вэрсію па-беларуску.

Цяпер грамадзяне Беларусі могуць падаць заяву на выдачу польскага праязнога дакумэнту для іншаземца на прэфэрэнцыйнай аснове. У яе рамках павінны быць выкананы наступныя ўмовы:

  • іншаземец згубіў свой праязны дакумэнт, або яго праязны дакумэнт быў зьнішчаны ці зьяўляецца неактуальным (страціў дзеяньне), або ён ня меў да гэтага часу праязнога дакумэнту;
  • іншаземец мае пастаянны (бестэрміновы) дазвол на жыхарства, доўгатэрміновы дазвол на жыхарства рэзыдэнта Эўрапейскага зьвязу, гуманітарны дазвол на жыхарства, статус дадатковай аховы ці часовы дазвол на жыхарства (у апошнім выпадку незалежна ад падставы, на якой дакумэнт быў выдадзены).
  • Такім чынам, згаданая канкрэтная падстава для выдачы польскага праязнога дакумэнту для іншаземца адрозьніваецца ад падставы, якая акрэсьлена ў агульным палажэньні закону «Аб іншаземцах» тым, што:
  • з заявай на атрыманьне польскага праязнога дакумэнту для іншаземца можа зьвярнуцца таксама асоба, якая яшчэ ня мела праязнога дакумэнту;
  • ня трэба даказваць, што гэтая асоба ня можа атрымаць праязнога дакумэнту ад уладаў дзяржавы, грамадзянінам якой яна зьяўляецца;
  • асоба, што падае заяву на атрыманьне дакумэнту, можа таксама мець дазвол на часовае жыхарства, выдадзены на падставе, якая адрозьніваецца ад прадугледжанай пунктам Закону «Аб іншаземцах».
  • Умовай для таго, што грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць польскі праязны дакумэнт на гэтай прэфэрэнцыйнай падставе, зьяўляецца падача заявы на яго атрыманьне ў пэрыяд з 1 ліпеня 2023 году па 31 сьнежня 2024 году.

svaboda.org