Польшча правяла блакаду чыгункі на мяжы з Беларуссю

На працягу 33 гадзін Польшча блакавала чыгуначны рух на буйным мытным тэрмінале ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю. Афіцыйна пра блакаду не абвяшчалася: фармальна там праводзіліся “кантрольныя мерапрыемствы”, паведамляе RMF FM.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі гэтай блакадай рэжыму Лукашэнкі далі “выразны сігнал”, што чыгуначны транзіт з Беларусі ў ЕЗ можа быць перакрыты.

Падчас 33-гадзіннага перапынку польскі бок старанна правяраў змесціва кантэйнераў, якія накіроўваліся транзітам у Польшчу праз Беларусь. Паведамляецца, што большая частка грузаў паходзіла з Кітая.

Напярэдадні стала вядома, што Польшча плануе ўвесці вельмі старанны кантроль на мытным тэрмінале на мяжы ў Малашэвічах. Праз яго на захад ідзе ільвіная доля паставак з усходу, у тым ліку асноўныя сухапутныя пастаўкі з Кітая. Чыгункай яны накіроўваюцца ў краіны Еўразвяза, а таксама ў порт Гданьска, адкуль адпраўляюцца далей. Гэты транзіт з’яўляецца значнай крыніцай даходу для Беларусі.

У RMF FM сцвярджаюць са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы, быццам некалькі дзён таму па дыпламатычных каналах Варшава папярэдзіла Менск, што больш не будзе трываць міграцыйны ціск на мяжы. Таксама польскі бок заклікаў, каб рэжым Лукашэнкі вызваліў палітвязня Анджэя Пачобута. Адказу ад Беларусі не было.

racyja.com