Падаецца, што разважаючы пра беларускія куты, яна здолела і знайсці яго ў Польшчы.
У Варшаве 4 ліпеня адкрылася выстава беларускай мастачкі і перформеркі Надзеі Саяпінай «Pokuć» («Покуць»). Гэта ейная першая персанальная выстава ў Польшчы. Свой новы праект аўтарка «Лістоў да мамы» і цыклу перформансаў «Х Letters» прысвячае «пошуку беларускай ідэнтычнасці ў стане выгнання, міграцыі і каланізацыі». І робіць гэта праз вобраз кута, які мы так прагна шукаем і ў які так часта забіваемся ў безвыходнасці. «Белсат» схадзіў на адкрыццё выставы.
«Гэты праект – разважанні пра розныя значэнні і сэнсы кута. Пра тое, што мы, з аднаго боку, шукаем свайго кута як мігранты, сумуем па ім, а з другога боку – знаходзімся ў ім, як загнаныя ў нейкую безнадзейнасць, і не можам яго пакінуць», – казала на адкрыцці праекту Надзея Саяпіна.
«Чырвонакутнікі ў белай хаце»
«Разважанні» тут хіба адно з ключавых словаў. Бо аўтарка не дае простых адказаў на тое, як знайсці гэты кут беларусу на чужыне ці як вырвацца з кута. Ключ да разважанняў: хрэстаматыйны радок з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа («Мой родны кут, як ты мне мілы!..») і беларускія народныя прыказкі.
Але не толькі і не абавязкова вобразы і цытаты. Саяпіна гуляе таксама водбліскамі святла, водгукамі шэптаў і мовамі (нават правапісамі).
«Я называю сябе інтэрдысцыплінарнай мастачкай, таму што працую дзесьці на памежжы розных дысцыплінаў і медыяў. І абʼядноўвае мае працы тое, што я пачынаю даследаванне тэмы з розных інтэрвʼю, архіваў і працаў з камʼюніці, людзьмі і іх досведам. Працы паўстаюць з іх расповедаў і споведзяў», – кажа аўтарка праекту «Pokuć».
Сваю «Pokuć» (Саяпіна паслядоўна выкарыстоўвае толькі беларускую лацінку) мастачка будуе быццам з трох вымярэнняў. Гэта цыкл краявідаў «Krajaviedy» («Краяведы»), арт-абʼекты «Ciažar blukannia» («Цяжар блукання») і відэаперформанс «Pokuć». Як эпіграф успрымаюцца вершаваныя радкі беларускай паэткі Ганны Шакель, якія прачытваеш адразу, уваходзячы ў мастацкую прастору выставы: «Пакутнікі, вы покутнікі, вы чырвонакутнікі ў нашай белай хаце».
«Няма розніцы паміж краем польскім і беларускім»
Наведнікі выставы – «чырвонакутнікі» – шукалі сваю покуць у галерэі «Marszałkowska 18» у Варшаве ў самых розных месцах. А зрабіць гэта было цяжкавата, бо на адкрыццё прыйшло столькі беларусаў, што ў нейкі момант было не праціснуцца.
Адныя адразу на ўваходзе хаваліся па кутах і разглядалі белыя васковыя цагліны-свечкі з вершаванымі цытатамі (Якуб Колас, Антоні Адынец, Наста Кудасава, Ганна Шакель, Альгерд Бахарэвіч). Іншыя – адважныя – спускаліся па стромкай лесвіцы ў сутарэнні, каб зазірнуць у чароўнае люстэрка: твой твар становіцца мастацкім творам (і ў падвале гараць цагліны-свечкі).
А некаторыя адразу ішлі ў пакойчык, адкуль даносіліся шэпты, птушыныя спевы і трывожная музыка, якая нарастала, – у хіба самы камфортны беларускі кут («Ой, кіно і віно – тое, што трэба»), дзе на экране дэманстравалася відэаінсталяцыя «Pokuć».
«Відэа было знятае на памежнай тэрыторыі – на Падляшшы. І гэта такі зварот да роднага кута і зварот да рытуалаў, малітваў ды шэптаў, якія адбываюцца ў чырвоным куце. І звярніце ўвагу: на відэа няма розніцы паміж краем польскім і краем беларускім, які мы бачым у люстэрку», – тлумачыла пазней Надзея Саяпіна.
Напэўна, такое памежжа – гэта ідэальнае выйсце, калі не бачыш розніцы паміж «краем польскім і краем беларускім». Але гэта ўсяго толькі люстэрка. Мастацтва.
«Не хаваць сябе ў беларускім пухіры»
«Як выйсці з гэтага кута?» – пытаемся ў аўтаркі ўжо пасля вернісажу.
«Складанае пытанне. Каб выйсці – трэба, напэўна, зразумець, што не ўсё павінна быць пра Беларусь. І тут два бакі. З аднаго боку, мы спрабуем у эміграцыі пабудаваць сваю ідэнтычнасць. З іншага – каб выйсці з кута, нам трэба вырашыцца на адаптацыю, а значыць, даведацца пра іншую краіну, прастору і культуру, пагрузіцца ў яе, а не хаваць і захоўваць сябе ў беларускім пухіры. Для многіх гэта цяжка. Я думаю, не трэба цалкам замыкацца на сваёй трагедыі. Так, пра яе трэба гаварыць, асабліва калі гэта тычыцца не толькі нашай эміграцыі, але і зняволення, турмы, палітвязняў. Але адначасова трэба адкрывацца свету», – разважала ў размове з «Белсатам» Надзея Саяпіна.
Аўтарка эмігранцкага праекту «Лісты да мамы» і шматлікіх перформансаў цыклу «Х Letters» (паглядзіце хаця б «Hello, Home!») прызнаецца, што хацела ў «Покуці» адысці ад эмігранцкай тэматыкі, але не ўдалося. Хаця ўвайшла ў гэта трохі з іншага боку.
«Мне здавалася, што я ўжо даволі шмат сказала. Я вельмі доўга збірала цытаты. І мне здавалася, што ў мяне няма ўжо што сказаць. А паглыбляцца больш у нейкія дэталі эмігранцкага досведу было ўжо аж занадта і нецікава. Стала цікава, як мы ў [эміграцыі] штосьці спрабуем знайсці ці збудаваць», – кажа мастачка.
«Збудаваць яшчэ адзін беларускі кут?» – запытваемся. «Ой, так!» – смяецца Надзея.
Яна распавядае, што ідэя стварыць беларускую «Покуць» прыйшла да яе ў Нямеччыне падчас удзелу ў групавым праекце пра эміграцыю пад назваю «Часам я трымаюся за паветра».
«Тая выстава мне і падсвяціла гэты кут – і як форму, і як ідэю. Бо там у двух маіх відэа я ў куце. І фота валізак, якія я збірала, таксама ў куце. І самая інсталяцыя была зробленая з пабудаваным кутом. І з таго моманту я пачала больш і больш думаць пра гэты вобраз. Пра яго розныя сэнсы і пра тое, як яны звязаныя паміж сабой. Бо, здаецца, толькі беларусы называюць сваю радзіму кутом. Родны кут. Запытвалася ва ўкраінцаў, яны не кажуць так, у іх родны край», – тлумачыць аўтарка «Покуці».
«Цяжар блукання»
У Польшчы Надзея Саяпіна – з 2022 года. Да гэтага былі Украіна і Нямеччына. Як і мноства мігрантаў, краіны, дзе спрабавала знайсці свой кут, яна выбірала паводле прынцыпу «дзе можаш легалізавацца – там і жывеш». «Покуць» – першая сольная выстава Саяпінай у Польшчы. І яна прызнаецца, што для яе гэта вельмі важна, бо мастачка не адразу адчула і знайшла сябе ў новай культурнай прасторы і нават у беларускай супольнасці, а большасць праектаў выстаўляла ў Нямеччыне.
«Не ведаю, чаму так атрымалася. Два гады ўжо жыву тут, але калі мяне сустракаюць знаёмыя, то здзіўляюцца: о, а ты надоўга прыехала?» – смяецца мастачка.
У «Покуці» Саяпінай можна ціхенька маўчаць, маліцца (што традыцыйна і рабілі беларусы ў чырвоным куце пад абразамі), нашэптваць вершы, усміхацца незнаёмым і знаёмым наведнікам ці ўзяць на сябе «цяжар блукання». Або – заняцца расшыфроўваннем каліграмаў, якімі створаныя малюнкі цыклу «Краяведы»: «любіў добрае – палюбі ж і злое»; «хто новае не бачыць, той старому рады»; «будзе час, будзе і квас». А ўвогуле ж, «у родным краю – як у раю».
«Як думаеш, праз колькі дзён яны згараць?» – падслухоўваем дыялог аднаго знаёмага мастака з сяброўкай у цёмных акулярах, якая дакранаецца да адной з белых парафінавых цаглінак-свечак.
«Ніколі», – гучыць у адказ.
«Адчуваючы і перажываючы цяжар блукання па свеце, у новых закутках мы збіраем і запальваем свае рытуальныя агні», – гаворыцца ў рэлізе выставы.
Куратарам праекту «Pokuć» выступіў Артур Камароўскі, каардынатаркай была Карына Дудзіньска (Karina Dudzińska). Праект зрэалізаваны ў межах стыпендыяльнай праграмы «Free Belarus Center» і мастацкай рэзідэнцыі «Mochnarte». Увайсці ў «Покуць» можна ў галерэі «Marszałkowska 18» (апошні дзень выставы – нядзеля, 7 ліпеня). Але галоўнае – выйсці.
Падаецца, што Надзея Саяпіна, разважаючы пра беларускія куты, здолела і знайсці яго тут (у Польшчы), і выйсці з гэтага кута (на белы свет).
Надзея Саяпіна – беларуская мастачка і аўтарка шматлікіх перформансаў. За перформанс «Набытак» («Достояние»), які яна зладзіла ў ліпені 2020 года ў галерэі «Арт-Беларусь» у Менску, калі адтуль былі забраныя працы з калекцыі «Белгазпрамбанку», мастачка правяла 15 дзён на Акрэсціна.