Пасля ўвядзення новага пакета санкцый супраць Беларусі суседнія краіны Еўрасаюза паступова ўводзяць усё новыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх фізічных і юрыдычных асоб.
У Польшчу толькі на ўласным аўто
Палякі перасталі прапускаць праз сваю мяжу аўтамабілі на беларускай рэгістрацыі, калі ў салоне няма ўласніка аўто.
Па словах удзельнікаў памежных тэлеграм-чатаў, не прапускаюць нават пры наяўнасці даверанасці, у тым ліку генеральнай.
Таксама пад забарону на ўезд у Польшчу патрапілі транспартныя сродкі, якія належаць юрыдычным асобам.
Атрымліваецца, што заехаць у Польшчу не змогуць і тыя аўтамабілісты, якія набылі машыну ў лізінг.
На што спасылаюцца?
Новыя патрабаванні пачалі дзейнічаць з 9 ліпеня. Таксама ўдзельнікі чатаў адзначаюць, што з 10 ліпеня з Беларусі ў Польшчу больш нельга будзе везці цыгарэты і алкаголь. Такую інфармацыю агучваюць польскія мытнікі.
У прынятым 29 чэрвеня пакеце санкцый і тэхнічным рэгламенце ЕС гаворыцца, што кампетэнтныя органы могуць дазволіць на ўмовах, якія яны палічаць мэтазгоднымі, уезд у Саюз транспартнага сродку, на які распаўсюджваецца дзеянне мытнага коду CN 8703 (легкавыя транспартныя сродкі).
З гэтага вынікае, што кожная краіна Еўрасаюза мае права сама вызначаць правілы, па якіх яна будзе прапускаць на сваю тэрыторыю транспартныя сродкі з беларускай рэгістрацыяй.