Журналіст «Радыё Свабода» Сяргей Навумчык адгукнуўся на рэакцыю беларусаў адносна навін пра канфіскацыю кватэры ў былога супрацоўніка АНТ і нібыта высяленне адтуль яго пажылой маці. Рэакцыя гэтая нічога добрага пра беларусаў не гаворыць.
«Уразілі некаторыя каментары ў сацсетках (і не толькі) інфармацыі пра тое, што, разграміўшы і канфіскаваўшы кватэру былога вядучага дзяржаўнага тэлебачання, на вуліцу выставілі яго 78-гадовую маці, — піша Сяргей Навумчык у сваім ТГ-канале. — Месца дзе жыць у яе няма.
Сутнасць тых камэнтараў – ну вось, радавалася, калі сын абяляў рэжым на тэлеэкране, у той час як збівалі няўгодных, а цяпер хай адчуе, што гэты рэжым сабой уяўляе.
Эмацыйна гэта зразумела: катаванні палітвязняў і здзекі з іх родных, пераслед сем’яў “экстрэмістаў” (а “экстрэмістамі” могуць абвясціць кожнага нязгоднага з уладай) спараджаюць жаданне крыкнуць: “Каб і з вашымі дзецьмі, з вашымі бацькамі гэтак было!”.
Цалкам натуральная эмоцыя.
Але ж услед за эмоцыяй павінна надысці разважанне.
Існуе (павінна існаваць!) непарушнае правіла: у юрыдычным, прававым сэнсе дзеці не адказваюць за бацькоў, а бацькі — за дзяцей. Парушэнне гэтай нормы пераводзіць рэжым у якасна іншую катэгорыю, робіць яго абсалютна нечалавечым. Такім быў рэжым Сталіна, такім быў рэжым Гітлера. Такім ёсць і рэжым Лукашэнкі (і задоўга да 2000 года; майго цесця з-за мяне выгналі з працы, і ён нават не дажыў да пенсіі, цёшчы «невядомыя» асобы, якія ўварваліся ў дом, прыстаўлялі да скроні пісталет. Гэта здарылася больш як два дзесяцігоддзі таму, але не сказаць, каб было заўважана грамадствам, бо не клалася ў тэорыю «Позняка и Наумчика никто не преследует», якую падтрымлівалі і некаторыя лідары апазіцыі).
Цяпер пераслед семʼяў праціўнікаў рэжыму зрабіўся руцінай.
Калі сціхне эмоцыя і надыдзе час развагі, мы павінны памятаць: калі мы апладзіруем здзекам са старой маці палітычнага праціўніка (не істотна якога — мінулага ці цяперашняга) — мы робім ні што іншае, як апрыёры ўхваляем падобны (а, магчыма, і яшчэ горшы) здзек са сваіх бацькоў ды родных.
У 1994-м галоўны дэвіз кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі быў — «Адвесці народ ад бездані».
Беларусь пад Лукашэнкам даўно ляціць у бездань, рэжым прабівае і прабівае чарговае дно, і адзінае, да чаго яшчэ не дабраўся — масавыя расстрэлы (і зразумела чаму: у такім выпадку Захаду давялося б паўтарыць тое, што ў 1999-м было зроблена з рэжымам Мілошавіча за генацыд — прымяніць ваенную сілу).
Нашы магчымасці затрымаць ці запаволіць гэтае падзенне роўныя магчымасцям тых, хто быў вымушаны пакінуць нацысцкую Германію: яны блізкія да нуля. Але ў нас ёсць усе магчымасці не спадабляцца адэптам рэжыму».
Нагадаем, 12 ліпеня з’явіліся навіны пра тое, што ў былога вядучага АНТ і блогера Івана Падрэза канфіскавалі кватэру. Паводле яго слоў, у кватэры пражывала яго маці, якую «выкінулі з яе».
«У Беларусі, дзе ў мяне была кватэра, я цяпер “экстрэміст”. Кватэра, якой я афіцыйна валодаў, цяпер канфіскаваная. Маю 78-гадовую маму выкінулі з яе. Яна правяла тры тыдні ў шпіталях, а потым у сяброўкі… Гэта пекла. Гэта па-за ўсялякай мараллю. Выкінуць 78-гадовую жанчыну з дому. Як вы ўсё гэта трываеце?» — напісаў ён у сваіх сацсетках.
Пазней Падрэз зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» былы вядучы паведаміў, што яго маці ўсё ж «можа жыць у кватэры па праве пражывання».
«Аказваецца, і на тым баку ёсць людзі. Людзям — дзякуй. І дзякуй усім, хто перажываў. Няма падставы для суму», — напісаў ён.