Святлана Ціханоўская – да гадавіны затрымання Алеся Бяляцкага

«Тры гады, як рэжым паспрабаваў знішчыць «Вясну» – самую буйную беларускую праваабарончую арганізацыю. І для гэтага сфабрыкаваў крымінальныя справы, каб кінуць за краты чальцоў руху: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. 

Ім прысудзілі велізарныя тэрміны толькі за тое, што праваабаронцы юрыдычна дапамагалі беларусам, якія патрапілі пад пераслед. Для дэмакратычнага свету гэта прагучыць дзіўна і жудасна, але для Беларусі апошнія 4 гады – гэта штодзённая рэчаіснасць: знак «роўнасці» ставіцца паміж паняццямі «правы чалавека», «дапамога» і «злачынства».

Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», Нобелеўскі лаўрэат прэміі міру, чалавек, які заўжды актыўна падтрымліваў беларускую мову і культуру. Дасягненні Алеся Бяляцкага можна пералічваць бясконца. Ён – годнасць і гонар Беларусі. У іншых умовах краіна ганарылася б сваім выбітным грамадзянінам, але дыктатура ўспрымае яго як пагрозу – як і любога чалавека, што выказвае нязгоду з сістэмай, створанай Лукашэнкам, ды кідае ёй выклік. 

Мы даўно не атрымліваем навінаў ад Алеся і яго калегаў. Але мы захоўваем іх каштоўнасці і сэнсы, якія гучаць паўсюль: у словах аднадумцаў, прамовах праваабаронцаў і палітыкаў, у падзяках беларусаў і беларусак, якім дапамагла «Вясна». Я ганаруся тым, што знаёмая з ім асабіста і вельмі чакаю моманту, калі мы сустрэнемся ўсе разам – ужо ў вольнай Беларусі.

Алесь казаў: «Напісаўшы некалькі словаў у падтрымку, разам з апусканнем ліста ў паштовую скрынку, тыя, хто мяне падтрымліваюць, у гэта ж імгненне атрымліваюць і нябачны адказ» – і я часта ўзгадваю гэтыя словы.  

Напішыце палітзняволеным. Калі гэта магчыма – дапамажыце іх сем’ям. Калі для вас гэта бяспечна – распавядзіце пра іх сітуацыю ў сацсетках і заклікайце людзей навокал падтрымаць вязняў. Сёння кожны з нас можа зрабіць маленькае дзеянне – і тым самым паскорыць працэс вызвалення беларусаў з-за кратаў».

tsikhanouskaya.org