Расказваем, што плянуюць іншыя краіны і каго закране забарона.
У 8-м пакеце санкцый Эўразьвяз скарэктаваў абмежаваньні супраць Беларусі і сынхранізаваў іх з абмежаваньнямі, уведзенымі супраць Расеі. У адпаведнасьці з заканадаўствам Эўрапейскага Зьвязу Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі.
Забарона распаўсюджваецца на ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты. Новаўвядзеньне ня будзе пашырацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня ў руху дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў. Гэта значыць, трапіць у Латвію на машыне зь беларускімі нумарамі больш нельга. Чалавек з транспартным сродкам, зарэгістраваным у Беларусі, павінен будзе вярнуцца з памежнага пункту ў тую краіну, зь якой ён плянаваў уехаць у Латвію.
Што адбываецца на мяжы з Латвіяй
На адзіным памежным пункце пропуску Грыгораўшчына/Патэрніекі на мяжы Беларусі і Латвіі на 11 раніцы 16 ліпеня не было чаргі зь легкавых машын ні на ўезд у Беларусь, ні на выезд. Нуль машын, па зьвестках беларускага Памежнага камітэту. Аўтобусаў таксама больш не было. Чарга з грузавікоў — 430 машын на выезд зь Беларусі.
Раней празь некаторыя транспартныя кампаніі зь Беларусі ў Латвію арганізоўвалі трансфэр. Цяпер у адной з кампаній чытачу Свабоды паведамілі, што «па гэтым кірунку больш не выяжджаем».
Ці сапраўды ЭЗ рэкамэндаваў не пускаць беларускія аўтамабілі
Прымаючы рашэньне аб забароне на ўезд аўта зь беларускімі нумарамі, Латвія спаслалася на рэглямэнт ЭЗ 2024/1865, артыкул 1ra.
Там гаворыцца пра забарону набываць, імпартаваць ці перамяшчаць у ЭЗ канкрэтныя тавары са сьпісу, калі яны паходзяць ці экспартуюцца зь Беларусі.
У гэтым сьпісе больш за 100 пунктаў, сярод іх і легкавыя аўтамабілі. Аднак для аўтамабіляў ёсьць асобны пункт. Паводле яго, дзяржаўныя органы могуць дазволіць уезд на ўмовах, якія яны лічаць мэтазгоднымі. А менавіта ўезд на аўтамабілі ня з мэтай продажу могуць дазволіць:
— грамадзяніну дзяржавы — сябра ЭЗ або ягонаму блізкаму члену сям’і, які зьяўляецца рэзыдэнтам Беларусі і ўяжджае на транспартным сродку ў Эўразьвяз строга для асабістага выкарыстаньня:
— грамадзяніну Беларусі, які мае дзейную візу або дазвол на жыхарства, які дазваляе ўезд у Эўразьвяз, і ўяжджае на транспартным сродку ў ЭЗ строга для асабістага выкарыстаньня».
Значыць, асноўная ўмова — каб аўтамабіль не прадалі ў ЭЗ. Раней Свабода пісала, што цэны на машыны эўрапейскіх марак у Эўразьвязе значна ніжэйшыя, чым у Беларусі.
Літва ўводзіць зьмены з 18 ліпеня
З 00:00 18 ліпеня Літва таксама ўводзіць забарону на ўезд аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі. У літоўскай мытні спасылаюцца на пастанову № 765/2006 аб абмежаваньні імпарту.
Да 16 жніўня грамадзяне Беларусі, якія маюць візу ці дазвол на жыхарства, могуць заехаць у Літву на аўто зь беларускімі нумарамі, калі аўтамабіль прызначаны для асабістага карыстаньня. Гэтае выключэньне ня тычыцца аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камэрцыйных мэтах.
Тым, хто мае машыну на беларускіх нумарах у Літве, цяпер давядзецца перарэгістраваць яе ці выехаць. На гэта адводзіцца 6 месяцаў. З 18 студзеня 2025 году знаходжаньне ў Літве машыны на беларускіх нумарах будзе лічыцца парушэньнем закону.
Прынятая забарона ня тычыцца машын на дыпляматычных нумарах, транспартных сродкаў дыпляматычных радстаўніцтваў, а таксама міжнародных арганізацый, якія маюць імунітэт згодна зь міжнародным правам.
Паводле інфармацыі рэсурсу Motolko.help, на мінулым тыдні Эстонія таксама забараніла праезд машын на беларускіх нумарах празь мяжу з Расеяй.
Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў са сваіх крыніц дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька. Палітык спаслаўся на канкрэтныя выпадкі, калі людзей не пускалі ў Эстонію празь мяжу з Расеяй у машыне зь беларускімі нумарамі.
Свабода накіравала запыты ў мытныя службы Эстоніі і Польшчы з просьбай даць інфармацыю пра дзейныя ці будучыя захады ў дачыненьні да аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі. Адказаў пакуль няма.
Па кім ударыць забарона
Забарона на ўезд аўта зь Беларусі ўдарыць найперш па сярэдняй клясе, мяркуе экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык.
«Я лічу такія санкцыі шкоднымі. Асабліва ў частцы спажывецкіх тавараў. Яны ня могуць паўплываць на палітычную сыстэму ў Беларусі і Расеі. Гэта ўскладняе паездкі, ускладняе транспартаваньне. Для фірмаў гэта проста рост выдаткаў, што ў выніку адаб’ецца на цане. Гэтыя санкцыі б’юць па сярэдняй клясе, якая больш па-праэўрапейску скіраваная», — мяркуе экспэрт.
Таксама ён зьвяртае ўвагу, што прадаваць машыны зь Беларусі ў ЭЗ нявыгадна, у Беларусі яны даражэйшыя.
«У апошнім пакеце санкцый шмат таварных груп; каб не надглядаць кожную машыну, прасьцей адразу забараніць машынам уяжджаць», — дадае экспэрт.
На думку дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарляменцкім супрацоўніцтве Анатоля Лябедзькі, такія захады на руку Лукашэнку, а таксама гэта зьмяншае праэўрапейскія настроі ў Беларусі.
«У нечым палітыкаў можна зразумець. Памежных пунктаў стала менш, а нагрузка ўзрастае. Робіцца спроба закрываць шчыліны, якія зьяўляюцца ў рэалізацыі санкцый. Ёсьць грамадзкая думка, і шараговы абываталь думае пра бясьпеку, а наперадзе выбарчая кампанія. Аднак мы кажам нашым партнэрам, што трэба пралічваць наступствы. У Беларусі ўлады толькі парадаваліся такому рашэньню, ім трэба трымаць людзей пад жалезным купалам», — кажа Анатоль Лябедзька.
Палітык дадае, што такія захады пагаршаюць стаўленьне беларускіх грамадзянаў да ЭЗ і далей штурхаюць «Беларусь у абдымкі Крамля».
«Галоўная задача зараз — мець пастаянную сувязь з Рыгай, Талінам, Вільняй, Варшавай і Брусэлем і выкарыстоўваць правільную трактоўку рэглямэнту ЭЗ. Бо там няма прамой забароны на ўезд машын на беларускіх нумарах. Забаронена іх завозіць для продажу», — дадае палітык.
29 чэрвеня Эўразьвяз пашырыў санкцыі адносна Беларусі за саўдзел у расейскай вайсковай агрэсіі. Новыя абмежаваньні адносна Беларусі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу санкцый, якія ўжо існуюць.