«Уся гэтая сумная сітуацыя з вымушаным пераездам у той жа час ёсць такім вось blessing in disguise — схаваным добраславеннем. Бо гэта вельмі інтэнсіўны практычны курс жыцця ў дэмакратычнай супольнасці — з усімі яго добрымі бакамі і не вельмі добрымі. Цудоўны досвед, які можна потым перанесці ў стварэнне дэмакратычнай Беларусі».
Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча — установа з традыцыяй. Гэты беларускі навуковы і асветніцкі цэнтр працаваў у 1921–1945 гадах у Вільні па Вастрабрамскай, 9. У 2001 годзе намаганнямі Сержука Вітушкі ў Літве зарэгістравана грамадскае аб’яднанне «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча», у мэтах аднаўлення інстытуцыі пазначаныя даследаванне старажытнай гісторыі, фіксацыя гістарычнага працэсу і прэзентацыя гістарычных ведаў у грамадстве. Паводле заявы стваральнікаў, дзейнасць музея разумеецца «як працяг віленскай музейнай традыцыі», «падкрэсліваем — мы не проста ствараем — мы адраджаем Віленскі Беларускі Музей».
Улетку 2021 года музей атрымаў памяшканне па вуліцы Віленскай, 20. «Віленскае самакіраванне пайшло насустрач беларусам, якіх значна пабольшала ў Вільні, і вырашыла даць памяшканне для беларускіх ініцыятыў. Мы выйгралі гэты конкурс, і цяпер маем сваё месца ў самым сэрцы горада», — распавядала ўвесну мінулага года ў інтэрв’ю Budzma.org куратарка музея Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка.
Зараз Паўліна Вітушчанка атрымоўвае дактарат у Эстоніі, але й застаецца куратарам Віленскага беларускага музея — «зараз шмат што можна рабіць дыстанцыйна». У інтэрв’ю Budzma.org Паўліна Вітушчанка кажа, што дынамічнае развіццё ўстановы ў мінулым годзе — пра гэта кажуць вельмі многія, хто наведваў імпрэзы, выставы, заняткі ў музеі — ёсць «спецыфічным вынікам 2020 года».
— Канечне, развіццё музея звязана з пашырэннем беларускай прысутнасці тут. Увогуле літоўская дзяржава на падзеі 2020 года ў Беларусі адказала вялікім перажываннем, вялікім клопатам. Таму калі сюды пераехала так шмат беларусаў, гарадскія ўлады паставіліся з разуменнем і зацікаўленасцю ў стварэнні нейкай беларускай прасторы.
— То-бок музей, акрамя сваіх акрэсленых функцый, набывае яшчэ і якасці прасторы для камунікацыі?
— Так, і гэта цалкам, мне здаецца, натуральна, бо людзі былі вымушаны пакідаць сваё звыклае кола, з’язджаць у нешта новае, натуральна, што яны хочуць ствараць сваё нейкае новае тут. Асабліва мы гэта адчуваем з дзецьмі. Даволі шмат стараемся для іх працаваць. Насамрэч, зараз, думаю, маем самую вялікую ў Літве, а можа і ў Еўропе, дыяспарную праграму па нефармальнай дзіцячай адукацыі. Гэта важна, бо зразумела, што дзецям больш пакутна перажываць такую змушаную эміграцыю, бо дарослыя дакладна ведаюць, чаму яны з’ехалі, а для дзяцей гэта часта не так відавочна. І мы намагаемся забяспечваць стварэнне новага кола стасункаў.
— І як гэта адбываецца?
— У нас адбываецца беларуская школка. Мне гэты праект, насамрэч, вельмі падабаецца. Мне здаецца, ён вельмі файна развіваецца, мы яго запусцілі ўвосень 2021 года, то-бок ужо другі год навучання ідзе. У гэтым годзе ў нас блізу 150 дзяцей займаецца, для якіх працуе больш 15 гурткоў, у 2023-м будуць дадавацца новыя. Асноўныя кірункі гэта знаёмства са сваёй ідэнтычнасцю, са сваёй гісторыяй і культурай, «Беларусазнаўства» — так называецца гэты цыкл лекцый. Таксама ёсць навучанне беларускай мове для меншых дзяцей — ад трох год мы прымаем дзетак на навучанне роднай мове. Але таксама намагаемся падчас гэтых заняткаў і знаёміць дзяцей з Літвой, ладзіць нейкія экскурсіі і па-за горадам, і па горадзе, каб дзеці больш пабачылі краіну, у якой яны апынуліся і каб ім было прасцей інтэгравацца. Ёсць і іншыя гурткі, скіраваныя на развіццё іх талентаў, то-бок тут гаворка пра тэатр, маляванне, графічны дызайн, хэндмэйд і г. д. Канечне, вывучэнне літоўскай мовы, ангельскай мовы. Нарэшце, псіхалагічная падтрымка — і для падлеткаў, і для бацькоў. Шмат што варта абмеркаваць з псіхолагам з таго, што адбываецца ў беларускіх сем’ях на эміграцыі, бываюць праблемы, якія мы стараемся неяк медыяваць з дапамогай псіхолагаў.
Акрамя таго, мы вельмі радыя, што з’явіліся нейраатыпічныя групы — мы становімся больш інклюзіўнымі, адкрытымі для дзяцей з рознымі патрэбамі, маем спецыялізаванага адукатара.
— Настаўнікі ў вашай праграме — гэта віленскія беларусы ці беларусы з Беларусі?
— Мне вельмі радасна, што наш адукацыйны праект падтрымоўваюць беларускія адукатары, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны, настаўнікі і творцы, якія займаюцца адукатарскай дзейнасцю. Гэта было тое, над чым мы думалі, калі займаліся стварэннем установы — як даць магчымасці працы, магчымасці ўтрымання сябе беларусам у гэтай краіне. Натуральна, у Літве працаўладкавацца складана, значыць, для нас гэта таксама стала важнай задачай — даваць такія магчымасці, наколькі можам. Дзве настаўніцы ў нас — гэта беларускі, якія вельмі даўно жывуць у Літве, усе астатнія — тыя, хто прыехаў з Беларусі адносна нядаўна. І настаўнікі ў нас атрымоўваюць заробкі, гэта сталая сапраўдная праца. У адрозненне ад валанцёраў.
— А хто лічыцца валанцёрам?
— Мы ўсе ў гэтай прасторы — валанцёры. Тыя, хто займаецца самой арганізацыяй, робяць гэта на валанцёрскіх пачатках, па-за нашымі звычайнымі працамі. Працаўладкаванне ў літоўскім заканадаўстве — гэта вельмі фінансава складаная рэч. Тым больш, калі вядзецца пра фінансаванне беларускай культурніцкай дзейнасці, з якім ёсць, на жаль, складанасці. То-бок мець працоўную стаўку ў такой сферы — гэта штосьці па-за сучаснай рэчаіснасцю. Не вельмі лёгка.
— Хто дапамагае?
— Гэта і Еўразвяз, і літоўскія ўрадавыя ўстановы. Мы вельмі ўдзячныя арганізацыям, якія нас падтрымоўваюць. Зазначу, іх даволі шмат. І за кошт іх дапамогі насамрэч рэальна здзяйсняць усю гэту праграму мерапрыемстваў і падзеяў. Дэпартамент нацыянальных меншасцяў штогод падтрымоўвае маленькія праекты. Ёсць яшчэ некалькі еўрапейскіх арганізацый дапамогі.
Таксама ў нас вельмі цёплае супрацоўніцтва с Польскім інстытутам у Літве, у ім зараз працуе намесніцай дырэктара першая дарадца Амбасады Польшчы ў Літве Дарота Мамай. І яна ж была намесніцай дырэктара Польскага інстытута ў Мінску, але ў 2020 годзе была вымушаная пакінуць Беларусь. Але ўсё гэта нашае яна паспела пабачыць. І ў яе такая колькасць суперажыванняў да беларусаў, што некаторыя рэчы проста не трэба тлумачыць. Людзі бачылі ўсё ў Беларусі на свае вочы і ўсё разумеюць.
— Ці застаецца заяўлены ўвесну ўкраінскі напрамак дзейнасці?
— Так, застаецца. Заўжды здаецца, што можна было б рабіць больш, ну але робім, колькі можам. Вельмі важна было тады, вясной, паказаць выставу ўкраінскіх творцаў. Галерэйная прастора стала прасторай для перажывання. Увогуле музейная прастора і ёсць месцам, дзе нарматызавана перажываць розныя пачуцці, у тым ліку і траўматычныя. Ствараць прастору ў нейкай форме дыялогу з украінскімі творцамі, мне здаецца, ёсць важным спосабам пражывання гэтых пачуццяў.
Намагаемся ствараць і нейкія адукацыйныя магчымасці, у якіх могуць удзельнічаць украінскія дзеці. Маем праект з Польскім інстытутам, які дае магчымасць вывучаць польскую мову ўкраінскім дзецям — праз некалькі тыдняў распачынаецца новы курс. Практыка паказвае, што гэта сапраўды карысна для ўкраінскай супольнасці, бо з моўнага погляду ўкраінскім грамадзянам значна прасцей адаптавацца ў Польшчы, чым у Літве.
— А што ўласна музейная дзейнасць?
— У нас самым галоўным кірункам дзейнасці ад пачатку аднаўлення музея было захоўванне калекцыі. Тады, у 1990-я, паўстала такая сітуацыя, быў такі пераломны момант, калі ў Вільні было вельмі шмат беларусаў паважнага ўзросту, якія мелі надзвычай каштоўныя архівы, але не заўжды было каму іх перадаць. Ці не было дзяцей, ці дзецям было гэта ўсё не так ужо і важна. Бо тады, у 1990-я, ідэнтычнасць была, скажам так, вельмі плыткай, трэба было прыстасоўвацца да нейкіх новых умоваў жыцця, нашчадкам быў няважны лёс нейкіх папер, здымкаў і г. д. Тады і пачаўся збор і захаванне гэтых рэчаў, гэтым намагаемся прадуктыўна займацца і дагэтуль. Пастаянна вучымся дзесьці, як гэта рабіць больш правільна. Тут таксама вялізная падзяка Польскаму інстытуту ў Літве, які нас пазнаёміў з працай гістарычнага архіву Польшчы. Да нас нават прыязджала іх архіварыус, якая вучыла пэўным рэчам. Вельмі каштоўнае супрацоўніцтва вялікіх інстытуцый і трошкі меншых.
Іншая важная задача — гэта прадстаўленне экспанатаў. Калі мы пачалі працаваць у гэтым новым месцы, то грунтаваліся на тым, што з Беларусі з’ехала вельмі шмат творцаў і хочам даваць прастору для іх. Гэтым пакуль што і займаемся.
Але цяпер мяне асабіста даволі прыцягвае ідэя пастаяннай экспазіцыі. Мне здаецца, мы ўжо дараслі да гэтага. Мабыць, гэта можа стаць наступным крокам у развіцці музея, але ідэя яшчэ пакуль у працэсе стварэння, у тым ліку па фінансавых прычынах. Праз нейкі час яна будзе рэалізаваная, але наўрад ці хутка. Пакуль выбралі працаваць у якасці галерэі, каб разнастаіць трошкі рацыён культурнага спажывання беларусаў.
— Вам прыходзіцца стасавацца з новай публікай — у Вільні, як кажуць літоўскія ўлады, з’явілася ў апошнія два гады 50 тысячаў беларусаў. Падзеліцеся ўражаннямі зваротнай сувязі?
— Складаныя адчуванні. Сапраўды былі пэўныя нечаканасці ў гэтай камунікацыі… Ведаеце ж, Вільня ў беларускім менталітэце мае сваё асаблівае месца. І чаго, мабыць, я асабіста не зразумела спярша, пакуль вось не пакамунікавала з людзьмі, гэта таго, што месца Вільні вельмі моцна зварухнулася ў сэрцах шматлікіх беларусаў у эміграцыі тут.
З горада, куды ты прыязджаў адпачыць, Вільня шмат для каго стала месцам ледзь не пакуты.
Першапачаткова я бачыла нашу працу як агучванне Вільні ў якасці беларускай прасторы, яе правядзенне па лакацыям нейкіх беларускіх падзеяў і асобаў. А потым я зразумела, што частцы нашай новай аўдыторыі цікава не пра гэта. Яны хацелі б тут не быць… Канечне, гэта цалкам натуральная рэакцыя на вымушаны пераезд. І гаворка не ідзе агулам пра тое, што Вільня стала ва ўсіх асацыявацца з траўмай пераезду. Але вось панятак Сяргея Дубаўца пра тое, «як вільняваць», цяпер патрабуе нейкага пераасэнсавання, гэтае «вільняванне» трэба вельмі моцна перадумваць пасля 2020 года, вільняваць трэба, магчыма, вельмі іначай, чым да гэтых падзей.
Банальны досвед прыемнага і знакавага для беларусаў месца, у якое ты прыязджаеш у суботу на дзянёк адпачыць, пагуляць, сутыкнуўся с новым досведам месца, дзе табе трэба шукаць нейкія медычныя ўстановы, хадзіць у міграцыйную службу, мець справу з падаткавай службай і г. д. Праход па ўсёй гэтай бюракратыі, канечне, здымае трошкі гэты віленскі шарм.
Але агулам мне здаецца, што ўся гэтая сумная сітуацыя з вымушаным пераездам у той жа час ёсць такім вось blessing in disguise — схаваным добраславеннем, калі нейкія відавочныя няўдачы могуць мець нечаканыя пазітыўныя наступствы. Бо гэта вельмі інтэнсіўны практычны курс жыцця ў дэмакратычнай супольнасці — з усімі яго добрымі бакамі і не вельмі добрымі. Цудоўны досвед, які можна потым перанесці ў стварэнне дэмакратычнай Беларусі.
Ну і такі досвед трохі здымае ілюзіі, якія бываюць наконт дэмакратычных краінаў. Тут разумееш, што ў Літве, напрыклад, ёсць вельмі розныя людзі на палітычнай сцэне, з рознымі, часам непрымальнымі для цябе поглядамі — і гэта таксама падрыхтоўвае чалавека да разумення таго, што плюралізм дэмакратыі ўбірае ў сябе вельмі розныя з’явы і погляды. І ўсе яны маюць свае правы на стварэнне гэтай краіны, нават калі нейкая візія табе асабіста не вельмі пасуе.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org,
фота (акрамя пазначанага) з уласнага архіву Паўліны Вітушчанкі