Gazeta Wyborcza: На мяжы Беларусі і ЭЗ ад пачатку мігранцкага крызісу загінулі 126 чалавек

Мігранты на польска-беларускай мяжы. Архіўнае фота

З пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЭЗ загінулі 126 чалавек, вынікае са справаздачы, апублікаванай ў польскім выданьні Gazeta Wyborcza.

Са жніўня 2021 году па сакавік 2024 году задакумэнтавана 116 сьмерцяў, вынікае з справаздачы «Праходу няма. Сьмерць мігрантаў на мяжы Эўпазьвязу зь Беларусьсю», высновы якой публікаваныя на сайце выданьня Gazeta Wyborcza. Пра яшчэ дзесяць памерлых чалавек стала вядома пасьля заканчэньня працы над дакумэнтам.

Ня ўсе целы ўдалося апазнаць, сваякі шмат каго з загінулых ня знойдзеныя. Акрамя таго, ня менш як 9 жанчын страцілі цяжарнасьць падчас спробаў перайсьці мяжу.

11 целаў знайшлі ў рэках, якія мігранты спрабавалі пераплысьці, каб трапіць празь беларуска-польскую мяжу. Пяць чалавек загінулі ў аўтакатастрофах: машыны, якімі кур’еры спрабавалі іх перавезьці, траплялі ў аварыі ў спробе ўцячы ад паліцыянтаў або памежнікаў. Сярод частых прычынаў сьмерці — пераахаладжэньне і зьнясіленьне ад працяглага знаходжаньня ў прымежным лесе.

У некаторых выпадках людзі паміралі пасьля так званых пуш-бэкаў — гвалтоўных прымусаў мігрантаў вярнуцца ў Беларусь.

svaboda.org