Блогерка Ліза Ветрава, якая стварае папулярныя забаўляльна-адукацыйныя відэа ў TikTok і Instagram, паведаміла, што закрывае свой блог пра беларускую мову, аднак працягне здымаць відэа.
«Гэта рашэнне было прыняць складана. Разумею, што большасць тут з-за смешных відэа пра беларускую мову. Але я дужа стамілася рабіць выгляд, што гэта ўсё яшчэ пра мяне. Напачатку мая старонка расла арганічна са мной. Я сапраўды актыўна вывучала родную мову, чым і дзялілася. Але нядаўна, пасля выстаўлення камеры, я проста не змагла зняць жартоўны скетч. Хоць і цудоўна разумела, што відэа добра «зойдзе». Я адчула, што гвалтую сябе прымушаючы здымаць, нават дужа класныя сцэнары, бо гэта ўжо не я», — падзялілася блогерка.
Таксама Ліза Ветрава адзначыла, што яе «старонка ўсё шчэ пра Беларусь. І я працягну здымаць відэа. На розныя тэмы. І верагодна пра беларускую мову таксама, але па-іншаму. Насамрэч, я хачу размаўляць з вамі пра ўсё — пра наш характар, менталітэт, пра фемінізм, пра сэкс, пра стыль, пра кнігі, пра будучыню, пра ўсё».
На беларускую мову Ліза Ветрава перайшла ўлетку 2020-га і ў супрацы з грамадскай кампаніяй «Годна» стала яе папулярызатаркай. У 2022 годзе ёй давялося з’ехаць з Беларусі.