Кіраўніцтва «Белсату» пра абвінавачаньні ў свой бок: «Аргумэнт, што група TVP зазнала страты, недарэчны»

«Белсат»

Кіраўніцтва «Белсату» і былая дырэктарка каналу апублікавалі зварот, у якім адхілілі абвінавачаньні і заявілі, што ім, насуперак абставінам, удалося стварыць умовы для працы тэлеканалу і іншых ягоных плятформаў.

Агнешка Рамашэўска-Гузы, Вальдэмар Даманьскі, Вольга Швед, Аляксей Дзікавіцкі і Міраслаў Цівуновіч паставілі свае подпісы пад зваротам наконт сытуацыі з абвінавачаньнямі ў бок каналу «Белсат».

Такім чынам, цяперашняя і папярэдняя дырэкцыя каналу адказалі на публікацыю польскага журналіста-расьсьледніка Яцэка Харлуковіча на партале Onet. Паводле Харлуковіча, кіраўніцтва каналу падазраюць у заключэньні бяз тэндэру 248 кантрактаў. Як сьцьвярджаў партал, многія з гэтых кантрактаў не былі выкананыя.

У датычнасьці да фінансавых парушэньняў на тэлеканале «Белсат» падазраюцца 10 мэнэджараў мэдыя, у тым ліку былая дырэктарка Агнешка Рамашэўска-Гузы і яе экс-намесьнік, цяперашні кіраўнік тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі.

«Рашуча адкідаем абвінавачаньні ў наш адрас з боку тэлевізійнай групы TVP. Пратэстуем супраць зьнеслаўленьня як нас, так і „Белсату“ — незвычайна важнай як для беларусаў, так і для польскага грамадзтва інстытуцыі, будаваньню якой мы прысьвяцілі шмат гадоў жыцьця».

У звароце аўтары апісалі этапы разбудовы «Белсату» ня толькі як «традыцыйнай» тэлевізіі, але як мультымэдыйнай плятформы.

«Тэлеканал „Белсат“ ад пачатку свайго існаваньня выкарыстоўваў лічбавую тэхніку вытворчасьці і перадачы інфармацыі, у той час, калі на TVP яшчэ шырока выкарыстоўваўся магнітафонны запіс. На жаль, інфраструктура TVP была абсалютна непрыстасаваная для патрабаваньняў „Белсату“, то бок вяшчаньня за мяжу і ва ўмовах інфармацыйнай вайны. Вэб-сайты TVP былі ў зародкавым стане. Варта адзначыць, што дагэтуль у TVP адсутнічае журналісцкая сыстэма, якая падтрымлівае кірыліцу і мае адмысловыя панэлі для эфэктыўнага перакладу кантэнту. А „Белсат“ пастаянна выкарыстоўвае чатыры мовы. Ня кажучы ўжо пра тое, што сыстэма рэдагаваньня вэб-старонак на TVP яшчэ ня мае такіх функцый, як:

  • Стварэньне прывабнай фотагісторыі;
  • Вядзеньне тэкставых онлайн-рэпартажаў з акцый;
  • Прывабная структура тэксту і фота ў вялікім артыкуле;
  • Інтэграцыя вэб-сайтаў з парталам X (Twitter) і загрузка інфармацыі адтуль;
  • Інтэграцыя вэб-сайтаў зь YouTube і паказ кантэнту адтуль на сайце, што павялічвае колькасьць праглядаў на YouTube;
  • Рубрыка „Самыя папулярныя навіны“, якая патрабуе інтэграцыі з Google Analytics».

У 2015-м, сьцьвярджаюць аўтары звароту, тагачасны тэхнічны кіраўнік «Белсату» пераканаў кіраўніцтва каналу прыцягваць іншыя сродкі для разьвіцьця сэктару. Аўтары пішуць, што канал заўсёды дзейнічаў як «тэхналягічны востраў», бо толькі на некаторых кампутарах у журналістаў была магчымасьць падлучэньня да ўнутраных сыстэмаў TVP. Пры гэтым сыстэма дыстрыбуцыі ІТ не ўтварылася імгненна як адзіная схема, а вымагала доўгай працы і ўдасканаленьня. У выніку «журналісты „Белсату“ маглі ўваходзіць у сыстэму зь якога заўгодна пункту сьвету, рэдагаваць тэксты і дасылаць матэрыялы ў той ці іншы бок, не раскрываючы асабістых зьвестак і геалякацыі». У той жа момант унутраны VPN на TVP істотна абмяжоўваў доступ да атрыманьня інфармацыі, неабходнай для працы.

Супрацоўнікі фірмы Devkom, запрошанай «Белсатам» да супрацы, асабіста езьдзілі ў Беларусь настройваць кампутары супрацоўнікам каналу. Таксама праводзіліся тэсты сыгналу для гледачоў каналу ў тых мясцовасьцях, дзе быў слабы сыгнал і сустракаліся іншыя праблемы з трансьляцыямі. Для сыстэмаў Android i IOS на смартфонах у праграмістаў замовілі асобныя праграмы. Пры разьвіцьці наземнай лічбавай тэлевізіі замовілі і праграмы на тэлевізары для атрыманьня функцый SMART TV.

Затым каналу ўдалося разбудаваць сваю сыстэму «люстэрак», каб людзі атрымлівалі інфармацыю, нягледзячы на блякаваньне асноўнай старонкі ў сеціве.

Аўтары пахвалілі сыстэму бясьпекі, створаную запрошанай фірмай, бо зьвязаныя з уладамі Беларусі і Расеі хакеры ня здолелі яе ўзламаць і зрабіць на яе пасьпяховыя DDoS-атакі, хаця адначасова ім удалося гэта ў дзяржаўных інфармацыйных сыстэмах некалькіх краінаў. Пры гэтым на інфармацыйную структуру «Белсату» грошы асобна не выдзяляліся.

«Беручы пад увагу вельмі шырокі абсяг выкананых работ, нельга назваць выдаткі „Белсату“ вельмі высокімі. Аргумэнт жа, што група TVP зазнала страты, выдаткоўваючы грошы на бясьпеку дзейнасьці каналу ў інтэрнэце, зусім недарэчны, бо калі б „Белсат“ абапіраўся выключна на тэлевізійную тэхніку, выдаткі былі б значна вышэйшыя. Наступствам няспынных хакерскіх атак магло б стаць поўнае спыненьне дзейнасьці каналу ў сеціве, і шматмільённыя выдаткі Міністэрства замежных спраў Польшчы былі б проста змарнаваныя».

Аўтары звароту асьцерагаюцца, што ў выніку такіх гучных абвінавачаньняў, у тым ліку ў выстаўленьні фальшывых рахункаў ІТ-фірме, якая стварыла эфэктыўную сыстэму абароны, сыстэма дыстрыбуцыі будзе зьнішчана. Пры гэтым TVP ня будзе ў стане ані пераняць яе, ані замяніць.

Ацэнку сытуацыі з боку журналіста яны назвалі «некампэтэнтнай».

svaboda.org