Заўсёды кажу сваім дочкам: вашая мама бароніць Беларусь.
Новая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава ў шчырай размове з журналістамі «Белсату» апавядае пра нясвіжскае дзяцінства, самы нікчэмны ўчынак у жыцці і тлумачыць, чаму яна не феміністка і гендарныя квоты ў КР яе абражаюць.
– Узненавідзелі журналістаў за апошні тыдзень?
Анжаліка Мельнікава: – Не! Я добра разумею, як гэта важна – трымаць у фокусе пытанні Каардынацыйнай рады і пытанні ўсіх бягучых беларускіх справаў. Новыя твары – гэта заўсёды нейкая хваля і ўздым. І мне хацелася б зрабіць усё магчымае, каб было больш пазітыву і менш спрэчак, каб было больш справы і матывацыі для людзей. Каб людзі не гублялі веры. Таму дзякую вам за запрашэнне пагаварыць…
– Шчыра кажаце?
– Абсалютна шчыра! Вядома, мне цяжкавата было ў першыя дні, бо я не была публічным чалавекам. І за гэтыя гады я стала троху, напэўна, коснаязыкая. Ніколі так шмат на публіку не выступала… Ой, слухайце, можа, мне пінжак накінуць, бо ў мяне гэтыя тату, а вы мяне здымаеце?..
«Вашая мама бароніць Беларусь»
– Не, не трэба! А што на тату?
– Гэта я год таму набіла. На руцэ – ваярка. Гэта я, якая ёсць насамрэч: з катанамі і заўсёды імкнуся ў бой. А на спіне – таксама ронін, які прытуляе слабую дзяўчынку. І гэта пра мяне, якою хацелася б быць. Каб хтосьці мацнейшы за мяне прытуліў і абараніў.
– Вы вяртаецеся ўвечары дамоў, хаваеце сваю катану – і што адказваеце сваім дочкам, калі яны пытаюцца: «Мама, а дзе ты цяпер працуеш?»
– Заўсёды кажу сваім дочкам: вашая мама бароніць Беларусь, бароніць нашую годнасць, бо мы хочам людзьмі звацца, хочам быць часткай еўрапейскай сямʼі. Яны ведаюць, што я займаюся праектным менеджментам, у тым ліку ў IT-сферы. І мой асноўны заробак – у IT, а не ў палітыцы. Палітыка збольшага – гэта валанцёрства.
Нашто мне гэта трэба? Ну, нельга ўжо ісці назад. Па-другое, як ёсць крымінальныя справы, то няма розніцы – іх дзве ці дваццаць, як кажа Павел Латушка. І, па-трэцяе, у мяне ёсць азарт і амбіцыі. Мне здаецца, я са сваім досведам і якасцямі характару магу прынесці карысць нашаму дэмакратычнаму руху.
– Азарт? Гэта сапраўды азартная праца – старшыняваць у Каардынацыйнай радзе?
– Гэткі здаровы азарт, так! Ён у тым, што я хачу даказаць самой сабе найперш, што магу справіцца з такім складаным праектам. Хачу даказаць, што ў канцы кадэнцыі, праз два гады, будзе не 6,5 тысячы выбарнікаў, а, можа, 60 тысячаў. Хачу, каб вырасла вага Каардынацыйнай рады.
Мы цяпер толькі вучымся сапраўднаму парламентарызму. І мне нават падабаецца, што я не такі дасведчаны ў гэтай справе чалавек – будзем расці разам. Я заўсёды стаўлюся з увагаю да радаў іншых людзей. Люблю канструктыўную крытыку. Мяне з дзяцінства вучылі прыслухоўвацца да меркаванняў іншых. Я ж выдатніца, і мяне расцілі бабулі.
«Я такая «гламурная», што кожнае лета капала бульбу»
– Бабулі?..
– Так, адна мая бабуля, Іна Іванаўна, была настаўніцаю хіміі і біялогіі ў школе. І калі выйшла на пенсію – адразу ўзялася за мяне. Я чытала ўжо ў тры з паловаю гады. А маёй настольнаю кнігаю была «Агульная біялогія» за 9-ы клас [смяецца]. А другая бабуля, Марына Іванаўна, падарыла мне дзіцячую Біблію на беларускай мове. І калі мяне потым адпраўлялі ў беларускамоўную Нясвіжскую гімназію, то з моваю не было праблемаў. Пайшла туды ўжо падрыхтаваная. Маленькі такі прафесар.
– Калі б цяпер пра вас здымалі дакументальны фільм і трэба было ўзяць пару кадраў з вашага нясвіжскага дзяцінства, што б гэта было?
– Кадры майго яблыневага саду. Белы наліў і антонаўка. І пад гэтымі яблынямі – я, у блакітнай сукенцы з ружовымі кветачкамі. Смешная, мурзатая, з вялізнымі вачыма. Але ж я ўвогуле і не змянілася, скіну вам фотку [смяецца]. У Нясвіжскі парк прыязджала кожную восень. І студэнткай, і пазней, цяжарнаю, з вазкамі. І гэтыя дрэвы ўсё роўна падаваліся велізарнымі. Разумееце? Ты там сябе заўсёды адчуваеш дзіцём.
– У вас быў вялікі дом?
– Не, невялікі, але ў адной хаце жылі аж пяць пакаленняў сямʼі, мяне яшчэ прабабуля выхоўвала. Ну, можа, якіх 80 квадратаў. Побач – газон, які я стрыгла. Яблыні. І бульба, якую я штогод капала. Каб хто ведаў! Я такая «гламурная», што кожнае лета капала з бабуляю бульбу. А яна ж біёлаг, селекцыянерка, заўсёды мяне вучыла, як правільна выбіраць бульбу. Для насення – толькі з-пад самых багатых клубняў і найлепшую. Не дробную – найлепшую!
– Мы такую на дранікі бралі…
– Ну вось. А трэба на насенне. Важнае правіла! І ў нас пад канец жніўня заўсёды была выкапаная бульба. І гэта была мая ўлюбёная справа ў аграфітнесе.
«Анжаліка і кароль»
– Мельнікава – гэта мужава прозвішча?
– Так. У дзявоцтве я была Бялевіч. Вельмі ганарылася. Бялевіч Анжаліка Артураўна. А ведаеце, чаму мяне так бацькі назвалі? Мама і тата былі знаёмыя з першага класу. Ну і калі ён быў у восьмым класе, а яна ў дзявятым, пайшлі ў кіно на «Анжаліка і Кароль». І пасля фільму мой будучы тата сказаў: «Аксана, калі вырасцем і пажэнімся, у нас з табою народзіцца дзяўчынка з доўгімі залацістымі валасамі і вялікімі зялёнымі вачыма, і мы яе назавём Анжалікаю». Як сказаў, так і сталася.
Я ў сямʼі старэйшая. Маю яшчэ сястру і брата, адпаведна на 10 і 16 гадоў маладзейшых за мяне.
– А мама і тата дзе працавалі?
– Мае бацькі – звычайныя людзі. Мама – сацыяльная работніца. Бацька таксама працаваў на простых работах. Але я шмат часу праводзіла ў доме бацькоў свайго таты. Мой дзед быў дырэктарам нясвіжскага санаторыю, бабуля працавала там тэрапеўткаю. Былі вельмі інтэлігентныя. Дзед пісаў вершы, таксама і па-беларуску. Выдаў зборнік анекдотаў – душа кампаніі. Яны застаюцца для мяне прыкладам сямʼі і сапраўдных стасункаў. Аж цяпер мурашы па скуры! Пражылі ўсё жыццё разам, нарадзілі трох сыноў, увесь час хадзілі, трымаючыся за ручку…
– Гэта Бялевічы, так? І бабуля – полька?
– Так. Вось лёс і закінуў мяне ў Польшчу. Ніколі не думала, што так будзе. Нават карты паляка не афармляла. Хоць вучыла троху польскую. У 2020 годзе мы зʼехалі спачатку ва Украіну, а потым – у Беласток. Я, муж і дочкі.
«Мяне абвінавачваюць у тым, што я не феміністка»
– Раскажыце пра сваіх дачок.
– Малодшай, Таццянцы, у верасні споўніцца 6 гадкоў. Мая копія – як выкапаная! Такая ж танцорка, як і я. Старэйшай, Анютцы, 12 гадоў, таксама да мяне падобная з твару, але вышэйшая і дужэйшая за мяне. І абедзве вельмі творчыя. Малодшая вельмі пластычная, любіць танчыць. Старэйшая малюе анімацыі ды лепіць з пластыліну і з гліны малюткія дэталі, гэтак падобныя да жывых істотаў, што дзіву даешся. А яшчэ вельмі прыгожа спявае. Голас – як оперны.
І абедзве вельмі добра гуляюць у шахматы. Малодшая паставіла свайму бацьку ўжо 15 матаў. Проста мае талент на гэтыя хады. Яна ходзіць у тую ж прыватную школу, што і старэйшая, там садок пры школе.
– Прыватная школа – не таннае задавальненне…
– Ну так, бацька маіх дзяцей – айцішнік і праграміст – аплачвае прыватную школу і нашае жытло. Мы ў разводзе, але засталіся ў цывілізаваных стасунках. Мы, дарэчы, з былым мужам таксама адно аднаго з першага класу ведаем. Такая традыцыя нясвіжская [смяецца]. Ён добра ведае, што я вельмі клапатлівая мама, квактуха такая. Мужчыну, можа, гэта і не трэба. Таму я хачу… Не, пра гэта не будзем.
– Чаму?
– Бо мяне часам абвінавачваюць у тым, што я не феміністка. Ну, не феміністка я! І што мне рабіць? Лічу нармальным, калі мужчына адчыняе перада мною дзверы. А калі не адчыняе – таксама ўспрымаю нармальна, бо з павагаю стаўлюся да ўсіх людзей з рознымі на гэта поглядамі, у тым ліку да феміністак. Таму прашу шанаваць і мой погляд.
Прызнаюся, мне калі-нікалі ўжо хочацца бараніць мужчынаў, натуралаў і кансерватараў. Мужчынам таксама патрэбнае падтрыманне, яны жывуць пад моцным сацыяльным прэсінгам. І я думаю, сёння некаторыя часам спрабуюць хайпануць і зрабіць сабе імя на гэтых сур’ёзных і ўразлівых пытаннях. Я шаную права кожнага на самавызначэнне і самавыяўленне, але не трэба кідацца ў крайнасці. Усе мы людзі.
Як, напрыклад, было ў нас з гэтымі квотамі паводле гендару, калі падаваліся ў КР? Мне не спадабаўся гэты падыход, ён мяне абразіў. Я хачу, каб людзей, якія ідуць рэпрэзентаваць беларускі народ, ацэньвалі толькі паводле іхных прафесійных і, няхай, чалавечых якасцяў. Паводле таго, наколькі самааддана яны гатовыя працаваць, каб наблізіць нашую краіну да дэмакратычных пераменаў, зрабіць яе часткай еўрапейскай сям’і і цывілізаванага свету. Пры чым тут, прабачце, гендар?
– А як там у КР цяпер з гендарным балансам?
– Усе квоты былі ў парадку на момант выбараў. Патрабаванне да спісаў было такое: на кожную пяцёрку мужчынаў – не менш за дзве жанчыны. На мой погляд, гэтая квота прыніжае жанчыну. Прынамсі мяне. Але некаторыя накінуліся на мяне перад выбарамі, што пра гэта не варта казаць публічна.
– Цяпер ужо можна казаць?
– А тады мяне журналісты і не пыталіся, я б і раней сказала. Я ж законаў не парушаю, да ўсіх стаўлюся з павагаю, выказваю сваё меркаванне, як у нармальным дэмакратычным грамадстве. Але некаторыя, пэўна, зараз на мяне накінуцца. Ну і хай!
Я ведаю, што журналісты шукаюць заўсёды гэткую пярчынку. Бярыце! [Смяецца.] А то я такая ўся пазітыўная, што аж часам вясёлкаю хочацца званітаваць! Але я не банкнота на 500 еўраў, каб усім падабацца.
«Цяпер выбачаюся. Тою сволаччу была я…»
– Дык давайце яшчэ крыху паперчым. Раскажаце пра самы паскудны ўчынак, які вы зрабілі ў жыцці.
– Паскудны? Што ж такога нікчэмнага я зрабіла, божа мілы?.. Ведаю, што я не здрадніца і ў спіну нажа не ўсаджу. О, успомніла. З дзяцінства. Быў позні вечар, і саспелі чарэшні на суседняй вуліцы. Да мяне прыехаў мой стрыечны брацік, мы з ім пайшлі красці гэтыя чарэшні. І так здарылася, што адламалі вялізную галіну з ягадамі. Цёмна, сабакі брэшуць! Схапілі гэтую галіну – і бегма «на блокі», так мы называлі адно месца, дзе дом будаваўся. Абʼеліся, аж жываты круціла.
Але самы сорам быў, калі назаўтра ішлі па вуліцы за ручку, такія харошанькія і чысценькія. Праходзім паўз суседзяў, а яны абвязваюць паламанае дрэва, і, такія: «Ой, дзетачкі, бачыце, вунь сволачы нейкія ўначы галіну зламалі, давайце мы вас чарэшнямі пачастуем…» Які ж божы сорам! І я не прызналася тады, а яны нам насыпалі гэтых чарэшняў, і мы ішлі далей і елі іх, як толькі не лопнулі! Цяпер выбачаюся. Тою сволаччу была я…
«Я не Святлана Ціханоўская нумар два – я Анжаліка Мельнікава нумар адзін»
– На пасяджэнне КР не страшна ісці?
– Страшна троху хіба з таго, што я буду першы раз весці пасяджэнне. Але ведаеце… Яшчэ адна гісторыя. Сяджу ў дэкрэце, і мне кажуць у «Coca-Cola» – даём табе службовае аўта, як выйдзеш, таму трэба здаць на правы. Я скончыла аўташколу, села ў машыну. А на дварэ – зіма, галалёд. Страшна! Села і паехала, паціху, вельмі асцярожна. На наступны дзень было ўжо лепш. Праз тыдзень – яшчэ лепей. А праз год я ўжо наездзіла тысячы кіламетраў па Беларусі.
Таму так: як трэба, то трэба! Я разумею, што на мяне глядзяць, што гэта онлайн, што там будзе і прапаганда, і нейкія боты, і тыя, хто мне, можа, зайздросціць, думае, што я нейкая выскачка. Вунь ужо пісалі, што гэтая Анжаліка прэтэндуе на званне Святланы Ціханоўскай нумар два. Але ж не! Я Анжаліка Мельнікава нумар адзін. І ў мяне свой стыль, сваё разуменне. І я хачу зрабіць сваю справу. Калі камусьці нешта не падабаецца – калі ласка, у асабістыя!
– Казалі, што вашыя дачушкі добра гуляюць у шахматы. Якою фігураю вы сябе бачыце на шахматнай дошцы пад назваю жыццё?
– Ну, я ж сказала, я ваярка. Значыцца, у шахматах – афіцэр.
– Дзякуем за размову! Але чакалі, што пачастуеце нас кока-колаю…
– Ох, тут, на жаль, не маю колы. Але заўсёды пʼю і шаную яе. І, між іншым, калі я працавала ў карпарацыі, то беларуская «Coca-Cola» заўжды была наверсе сусветнага рэйтынгу. Бо я там працавала! Бо я заўсёды ў камандзе тых, хто будзе пераможцам. Так што мы – пераможам!