Як інфармуе афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Польшчы, ляўрэатам прэміі сёлета стаў Павал Латушка, «беларускі апазыцыянэр, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі».
Узнагароду ўручаць на ўрачыстай цырымоніі 18 верасьня ў Варшаве, паведаміў МЗС Польшчы. Прысуджэньне прэміі Паўлу Латушку ў гэтым годзе прапанаваў міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі, які праінфармаваў аб гэтым беларускага палітыка ў ініцыянаванай міністрам тэлефоннай размове.
Прэмія прысуджаецца МЗС Польшчы ў знак прызнаньня заслуг у прасоўваньні і падтрымцы дэмакратычных каштоўнасьцяў. Сёлетняе рашэньне было прынята аднагалосна капітулай, у якой старшынюе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса і ў склад якой таксама ўваходзяць міністры замежных спраў, юстыцыі, культуры Польшчы, старшыня Польскага Хэльсынскага фонду правоў чалавека і старшыня фонду «Інстытут Леха Валенсы».
Павал Латушка заявіў:
«Успрымаю гэта як важны палітычны мэсэдж з боку Польшчы аб стратэгічнай падтрымцы дэмакратычных памкненьняў беларусаў.
Адначасова гэта прызнаньне дзейнасьці ўсёй нашай каманды, якая вядзе барацьбу за свабодную, дэмакратычную, эўрапейскую і незалежную Беларусь, і ўсіх беларусаў, хто змагаецца за свабоду для беларускай нацыі.
Гэта вялікі гонар, але гэта і вялікая адказнасьць. Важна, што яе з намі гатовы падзяляць нашы партнэры, нашы саюзьнікі. Мы змагаемся з дыктатурай, мы змагаемся за Беларусь, і мы не адны».
- Ляўрэатам прэміі «Салідарнасьць» можа стаць толькі чалавек, які, дзейнічаючы ў духу міжнароднай салідарнасьці, робіць унёсак ва ўмацаваньне дэмакратыі і грамадзянскіх свабод у сьвеце. Прысуджэньне прэміі арганізацыям немагчыма.
- У 2014 годзе ляўрэатам прэміі стаў Мустафа Джэмілеў, украінскі лідэр барацьбы за правы крымскіх татараў, які неаднаразова намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- У 2015 годзе — Жанна Нямцова, журналістка, старэйшая дачка расейскага апазыцыянэра Барыса Нямцова.