Паэтка Юля Цімафеева: «Апошнія чатыры гады зьмянілі нашы жыцьці, погляд на сьвет, тэмы і спосаб пісьма»

Юлія Цімафеева

У Нарвэгіі выходзіць празаічная кніга паэткі Юлі Цімафеевай «Менскі дзёньнік». У ёй апісаныя падзеі ў Беларусі, якія пачаліся пасьля прэзыдэнціх выбараў у 2020-м і працягваюцца да сёньня. Гэта ўжо шосты пераклад кнігі на замежныя мовы.

Svaboda.org пагаварылі з аўтаркай пра памяць і літаратуру, горыч расстаньня з Радзімай і нараджэньне кнігі, яе шлях да замежнага чытача і разуменьне ў сьвеце беларускага болю. А яшчэ пра тое, як грамадзкія забурэньні дома і вайна ў суседзяў мяняюць асобу і творчасьць літаратара.

Пра памяць і літаратуру

— Што вам асабліва ўрэзалася ў памяць з падзеяў 9–10 жніўня 2020-га? Дзе і як яны вас (ці вы іх) засьпелі?

— 9 жніўня мы з маім мужам, пісьменьнікам Альгердам Бахарэвічам, хадзілі галасаваць. Павязалі на рукі белыя стужкі, каб незалежным назіральнікам было прасьцей нас улічыць, сфатаграфавалі свае бюлетэні, склалі іх гармонікам і кінулі ў скрынкі для галасаваньня. Пад вечар выбраліся туды зноў. Ля ўчастку, што месьціўся ў школе, сабраліся каля сотні чалавек. Мы стаялі і чакалі з усімі, пакуль выбарчая камісія вывесіць вынікі галасаваньня. Мабільны інтэрнэт не працаваў, але мы ўжо ведалі, што на некаторых участках выбарнікаў затрымліваў АМАП, таму крыху спужаліся, калі да школы пад’ехаў зацемнены знутры аўтобус. Далей я лепш працытую ўрывак зь «Менскага дзёньніка», у якім вельмі падрабязна апісваю першыя (пасьля)выбарчыя дні:

«Аўтобус ушчыльную набліжаецца да ганку і замірае. Настаўнікі і настаўніцы хуценька выбягаюць з-за дзвярэй і скачуць у яго цемру (кіроўцу, відаць, загадалі сьвятла не запальваць). Адно за адным, уціскаючы галовы ў плечы, яны ўцякаюць з участку пад аховай міліцыі. Усьвядоміўшы падман, мы пачынаем крычаць: „Ганьба! Позор! Трусы!“

Аўтобус, запоўнены настаўнікамі-фальсыфікатарамі, уключае матор і выяжджае за межы школы. Мы крычым гучней. У змроку салёну пасажыры адварочваюць твары, не жадаючы быць апазнанымі. <…>

Самыя хуткія і сьмелыя кідаюцца на ганак праверыць, ці вывесілі вынікі. Але за цёмным шклом — пустата».

Усю ноч мы з Альгердам чулі выбухі і бачылі водбліскі сьветлавых гранат, праз Тэлеграм сачылі за падзеямі. Наступнага дня выправіліся ў заліты сонцам горад, які прыкідваўся, што нічога асаблівага не адбылося, а ўвечары далучыліся да пратэстоўцаў ля станцыі мэтро «Пушкінская» і кінатэатру «Аўрора». Пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага мы прачыталі, калі ўжо вярнуліся дахаты.

Вельмі дзіўна ўсё гэта прыгадваць праз чатыры гады. У жніўні 2020-га падавалася, што мы заўжды будзем памятаць тыя дні па гадзінах, а цяпер я больш давяраю кнізе, чым уласнай памяці… Шмат што забываецца.

«Менскі дзёньнік» Юліі Цімафеевай у перакладзе

Пра пачуцьці віны і сораму пасьля ад’езду

— Вы з сваім мужам Альгердам Бахарэвічам былі ці ня першымі беларускімі літаратарамі, якія пакінулі краіну пасьля пачатку масавых пратэстаў. Зь якімі пачуцьцямі і думкамі зьяжджалі?

— Я б не сказала, што канец лістапада 2020-га, калі мы паехалі на стыпэндыю ў аўстрыйскі Грац, быў пачаткам масавых пратэстаў, хутчэй — пачаткам масавых рэпрэсіяў. У гэты час пратэсты ў цэнтры гораду зрабіліся немагчымымі, людзі зьбіраліся ў некалькіх месцах «на раёнах». Апошні раз мы выходзілі на нядзельны марш на праспэкце Пушкіна за некалькі дзён да вылету.

Безумоўна, мне асабіста было цяжка зьяжджаць у Грац. Я сапраўды думала, што мы едзем на стыпэндыю на паўгода, але ў пачатку 2021-га і тым больш вясной зрабілася ясна, што вяртацца ня варта. Ад’езд знаёмых і незнаёмых рабіўся усё больш масавым, вясной і летам зьехалі нават тыя, хто зімой нас асуджаў.

Маімі галоўнымі пачуцьцямі ў першыя месяцы за мяжой былі віна і сорам. Мне было вельмі балюча сачыць за апошнімі зімовымі пратэстамі 2021 году. Мы пастаянна чыталі беларускія навіны і, так бы мовіць, мэнтальна заставаліся ў Беларусі. Дзіўнае адчуваньне: цела гуляе пустымі і ціхімі вулачкамі Грацу (а гэта ж быў каранавірусны час), а мае думкі — на шырокіх менскіх праспэктах ці ў дварах хрушчовак. Мне стала крыху лягчэй, калі я амаль нагала пастрыглася пад машынку, нібыта зрэзаўшы перажываньні апошніх месяцаў. Магчыма, гэта дапамагло не скаціцца ў прорву дэпрэсіі.

Цяпер мы з Альгердам жывём у Нямеччыне, але, шчыра кажучы, нават праз чатыры гады я не адчуваю, што цалкам знаходжуся тут: мне быццам бы сьняцца два сны адначасова. У адным мы ідзём па вуліцы Якуба Коласа, стаіць лета, вецер калыша бярозы. А ў другім глядзім на нямецкую моладзь, што гуляе ў бадмінтон ці загарае ў гамбурскім парку…

Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч

Пра ідэю і нараджэньне «Менскага дзёньніка»

— А як нарадзілася ідэя вашага англамоўнага «Менскага дзёньніка»?

— Гэтая кніга паўстала зь невялікага эсэ пра штодзённае жыцьцё ў пратэставым Менску, якое я напісала па-ангельску на замову Financial Times. Тэкст выйшаў пад назвай «1 кастрычніка 2020 году», гэта быў не зусім дзёньнікавы запіс, але я ня стала спрачацца з рэдактарамі паважанай газэты. Пазьней ён быў перадрукаваны ў швэдзкай газэце. Буйное выдавецтва Norstedts зацікавілася дзёньнікам і хацела выдаць яго цалкам, але дзёньніка як такога не існавала. Было толькі перажытае мной і намі ды моцнае жаданьне гэта ўсё апісаць. Такім чынам, за два тыдні разам са швэдзкай паэткай і перакладніцай Ідай Бёр’ель мы стварылі першую вэрсію кнігі, якая зьявілася ў канцы 2020-га пад назвай «Dagar i Belarus». Яна ўключала ў сябе падзеі кастрычніка і пачатку лістапада, калі падчас пратэстаў упершыню быў затрыманы мой брат Пятро.

Пра тое, як «Менскі дзёньнік» зацікавіў іншаземцаў

— Раскажыце, калі ласка, пра шлях «Менскага дзёньніка» да замежнага чытача.

— «Менскім дзёньнікам» гэтая кніга стала толькі вясной 2021-га. Альгерд натхніў мяне працягнуць працу і апісаць жнівеньскія падзеі, а наш нямецкі сябар і выдавец Андрэас Ростэк параіў дадаць частку пра першыя месяцы ў Грацы. Такім чынам, у 2021 годзе ў бэрлінскім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшла поўная вэрсія кнігі ў перакладзе Андрэаса з ангельскай. «Менскі дзёньнік» таксама перакладзены на літоўскую мову, выходзіў асобным выданьнем у Нідэрляндах, скарочана друкаваўся ў маім паэтычным зборніку ў ЗША. Летась я сама пераклала яго на беларускую, выданьне пабачыла сьвет у лёнданскім выдавецтве «Скарына».

Кнігі беларускай пісьменьніцы

Пра вайну ва Ўкраіне і Беларусь як частку «Ўсходняга блёку»

— Неўзабаве адбудзецца прэзэнтацыя нарвэскага выданьня. І гэта пяты пераклад «Менскага дзёньніка». Чаму, на вашу думку, і праз чатыры гады не згасае цікавасьць да яго? Здавалася б, вайна ва Ўкраіне перакрэсьліла беларускую тэматыку ў сьвеце.

— Фактычна гэта шосты пераклад. Ініцыятаркай выданьня «Менскага дзёньніка» па-нарвэску стала паэтка Айна Вілангер, зь якой мы пазнаёміліся пазалетась на фэстывалі памяці Міхася Стральцова ў Вільні, калі я перакладала магічную паэзію Айны на беларускую. Затым мы з Альгердам прыехалі на выступ у Осла, дзе зноў сустрэліся з Айнай, там яна і падзялілася ідэяй выдаць «Менскі дзёньнік» у Нарвэгіі. Кніга выйдзе ў выдавецтве H//O//F у перакладзе Мартына Інгебрыгстэна. У сярэдзіне жніўня я паеду на прэзэнтацыю кнігі ў межах фэстывалю Møllebyen Litteraturfestival (MLF).

Што да вашага наступнага пытаньня: так, напраўду, калі ў суседняй краіне вайна, на якой штодзень гінуць мірныя жыхары, палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не трапляюць у загалоўкі сусьветных навінаў. Тыя два гады, калі сьвет глядзеў на пратэсты ў Беларусі з захапленьнем, мінулі. Наша краіна і наша культура, як і раней, почасту незаўважная, нябачная. Для большасьці эўрапейскіх абываталяў мы не існуем, мы проста нейкая частка «Ўсходняга блёку».

Менавіта таму я вельмі ўдзячная Айне, а таксама людзям у іншых краінах, якія тым ці іншым чынам стараюцца прыцягваць увагу заходняй публікі, з аднаго боку, да гвалту і несправядлівасьці, якія чыніліся і чыняцца цяпер у Беларусі, а з другога — да таго добрага і цікавага, што ў нас ёсьць, да прыкладу, у літаратуры. Мы ня маем інстытуцыі, якая б займалася прасоўваньнем беларускіх кніг за мяжой, якая б фінансавала пераклады і друк. Большасьць перакладных беларускіх кніг зьяўляюцца плёнам працы энтузіястаў і энтузіястак: апантаных перакладнікаў і перакладніц, цікаўных журналістаў і журналістак, невялікіх выдавецтваў, якія не ідуць пратаптанымі сьцежкамі…

Пра разуменьне іншаземцамі штодзённага беларускага болю

— Якія пытаньні найчасьцей задаюць вам замежныя чытачы на літаратурных сустрэчах? Ці заўсёды адэкватна яны ўспрымаюць напісанае вамі? Што ёсьць найбольшай праблемай у разуменьні іншаземцамі выкладзенага вамі ў дзёньніку беларускага болю?

— Мая кніга ад пачатку пісалася для замежнай аўдыторыі, пісалася так, каб быць зразумелай і чапляць. Я б не сказала, што нешта ў ёй знаходзіць неразуменьне. Наадварот, я чула, як чытачы блізка прымаюць да сэрца тое, што я апісваю.

Галоўныя героі маёй кнігі не адважныя, бясстрашныя і дасьведчаныя змагары. У Дзьмітрыя Строцава ёсьць верш 2020-га году «Мы з жонкай не рэвалюцыянэры». Тое самае я магу сказаць і пра сваю апавядальніцу і яе мужа (бо ўсё ж яны не да канца тоесныя нам з Альгердам). Гэта сямейная пара, якая баіцца, уцякае, плача, але ўсё адно лічыць сваім абавязкам выходзіць на вуліцы, каб пратэставаць супраць тэрору ўладаў.

Я не апісваю сапраўдных жахаў; на шчасьце, мне не давялося трапіць у ІЧУ ці ў СІЗА. Я апісваю беларускую штодзённасьць тых некалькіх пратэставых месяцаў. Таму, магчыма, гэтая кніга і кранае заходніх чытачоў, бо, у сутнасьці, расказвае пра людзей, досыць падобных да іх саміх, і гэтым людзям даводзіцца выходзіць на вуліцы і супрацьстаяць уласнай дзяржаве.

Што да сама часта задаванага пытаньня. Напэўна, яно пра тое, што стала з Кошкай, яшчэ адной свабодалюбівай гераіняй маёй кнігі.

Дарэчы, перакладаючы «Менскі дзёньнік» з ангельскай на беларускую, мне даводзілася яго крыху рэдагаваць ня толькі з матываў бясьпекі тых, каго я ў ім згадваю, але і каб яго ўспрымала больш адэкватна беларуская публіка.

Юлія Цімафеева

Пра тое, як гвалт і забурэньні мяняюць асобу і творчасьць аўтара

— А як паўплывалі грамадзкія забурэньні ў Беларусі і расейская агрэсія супраць Украіны на вашу паэтычную творчасьць? Што зьмянілі?

— Безумоўна, гэтыя чатыры гады мяне, як і нас усіх, моцна зьмянілі. Зьмяніліся нашы жыцьці, погляд на сьвет і, вядома, тэмы і спосаб пісьма. Але на гэта паўплывалі ня толькі забурэньні і вайна, але таксама й ад’езд, знаёмства з рознымі людзьмі й гарадамі, выступы перад замежнай і новай беларускай публікай.

У 2020-м я, як і многія беларускія аўтары і аўтаркі, адчувала зьняменьне пасьля нечаканага маштабу гвалту, учыненага дзяржавай супраць уласных грамадзян. Другі раз аняменьне напаткала нас у лютым 2022-га, пасьля поўнамаштабнай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне, саўдзельніцай якой стала і беларуская дзяржава.

Страту голасу я паспрабавала пераадолець, зьвярнуўшыся да іншай мовы. Ангельская, якой напісаныя «My European Poem» і «Менскі дзёньнік», дала мне магчымасьць уявіць сябе іншай пісьменьніцай, бо ня толькі наша паходжаньне і асяродзьдзе ўплываюць на сьветаўспрыманьне і пісьмо, але і сама мова часта дыктуе, што і, галоўнае, як нам гаварыць. Але адступацца ад беларускай мовы я не зьбіраюся. Наадварот, за гэтыя гады я ўсьвядоміла, што менавіта беларуская мова, як нітка, вядзе мяне празь лябірынты новага і руіны мінулага жыцьця.

Цяпер, адарваная ад родных, ад любімых вясковых прастораў, ад гораду, дзе я была шчасьлівая, я пераасэнсоўваю досьвед перасяленьня і выгнаньня ня толькі ўласны, але і досьвед маёй сям’і цягам ХХ стагодзьдзя. Спадзяюся, з гэтага вырасьце новая кніга.

svaboda.org