Пра асаблівасці перакладу аднаго з найвядомейшых твораў фэнтэзі ў сусветнай літаратуры — «Валадар парсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна — на сустрэчы ў кніжным клубе «Кнігаўка» ў Варшаве распавёў паэт і перакладчык Ігар Кулікоў. Менавіта намаганнямі мовазнаўцы ўжо другая кніга трылогіі — «Дзве вежы» — загучала па-беларуску. Раман, надрукаваны ў выдавецтве «Янушкевіч», сёння паступіў у продаж.
Нагадаем, што Ігар Кулікоў, які перастварыў на беларускую мову і першую частку трылогіі — «Брацтва пярсцёнка», з’яўляецца знаўцам санскрыту, стараісландскай і стараанглійскай моваў. У даробку перакладчыка — «Чытво» Чарлза Букоўскі, Першае кола Рыгведы, урыўкі з Магабгараты, «Ліст Ніґлатворы» Джона Р. Р. Толкіна, выбранае з Роберта Фроста. За пераклад «Стараангельскай паэзіі» Ігар быў адзначаны Прэміяй імя Карласа Шэрмана (узнагарода ўручаецца за найлепшы паэтычны пераклад). Аўтар шасці зборнікаў паэзіі — «Паварот на мора» (2011), «Свамова» (2013), «Сівер-гара» (2015), «Валадар загадак» (2017), «Храм ракі» (2019), «Вецер нішто і рэха цьмы» (2021). Праца над трылогіяй Дж. Р. Р. Толкіна, можна сказаць, падсумавала і злучыла паэтычны і перакладчыцкі досвед творцы.
На сустрэчы спадар Ігар распавёў, чаму ўсё ж немажлівы пераклад «Валадара пярсцёнкаў», які задаволіў бы ўсіх, якія творы ўплецены ў тканку кнігі, і як гэта ўплывала на пераклад, колькі моў насамрэч ужываецца ў рамане, і чаму Толкін фактычна называе яго «перакладам на англійскую».
На імпрэзе кніжнага клуба выдавец Андрэй Янушкевіч афіцыйна аб’явіў аб старце продажу кнігі і нагадаў, што цяпер прадукцыю яго выдавецтва можна знайсці як на сайце кампаніі, так і на платформах Allegro і Amazon.