22 студзеня на віленскіх могілках Росы адбыліся ўрачыстасці ў гонар 160-гадовага юбілею пачатку паўстання 1863-1864 гадоў. У іх прынялі ўдзел презідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ, лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская, прадстаўнікі каталіцкай царквы і дыпламатычнага корпусу.
Удзельнікі ўрачыстасцяў усклалі вянкі і кветкі да месца пахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у капліцы на могілках.
Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб падкрэсліць еднасць лёсаў тых народаў, якія выступілі ў той час супраць Расійскай імперыі. Ля ўваходу ў капліцу, дзе пахаваны каліноўцы, ганаровая варта трымала чатыры сцягі: літоўскі, польскі, украінскі і беларускі бел-чырвона-белы. Гэтая тэма гучала і ў прамовах выступоўцаў, якія прадстаўлялі гэтыя народы.
Гітанас Наўседа падкрэсліў, што ў нашым рэгіёне гэта была самая працяглая ўзброеная барацьба супраць Расійскай імперыі ў ХІХ стагоддзі, якая аб’яднала народы з агульным гістарычным досведам. “У гэтай капліцы пахаваны правадыры і ўдзельнікі паўстання — толькі малая частка тых, хто аддаў свае жыцці ў няроўнай барацьбе з маскоўскім зміем… Не толькі сёння, але заўсёды яны заслугоўваюць нашай павагі і ўдзячнасці, як самы яскравы сімвал свабоды і самаахвяравання”, — казаў ён у сваім выступленні.
Наўседа таксама працытаваў словы аднаго з кіраўнікоў паўстання, ураджэнца Валыні Зыгмунта Серакоўскага, якія той прамовіў, ужо стоячы пад шыбеніцай на Лукішках: “Я не згодзен! Я пратэстую!”. “Спробы расійскага рэжыму перапісаць гісторыю і адмаўляць нацыянальную ідэнтычнасць украінцаў сведчаць аб тым, што свабода па суседзтве з тыраніяй не з’яўляецца чымсьці відавочным, — працягнуў Наўседа. — Не пагаджайцеся і не падпарадкоўвайцеся, як гэта калісьці зрабіў Зыгмунт Серакоўскі!”.
Амбасадарка Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска казала, што хоць паўстанне і пацярпела вайсковую паразу, але яно застаецца жывым прыкладам барацьбы за свабоду, дае мужнасць і процістаіць расійскай тыраніі.
Амбасадар Украіны ў Літве Пётр Бешта падкрэсліў, што паўстанне вучыць таму, што кожная бітва — гэта крок да незалежнасці. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што 160 год таму ў паўстанцаў не было такой моцнай міжнароднай падтрымкі, якая ёсць цяпер ва Украіны.
Святлана Ціханоўская, у сваю чаргу, казала, што мэты паўстанцаў трэба адстойваць безупынна — калі імперыя грукаецца ў наш дом і імкнецца нас знішчыць ці падпарадкаваць. Сіла паўстанцаў, якую яны знайшлі, каб процістаяць імперыі, казала яна, гэта тая сіла, якую яны перадалі нам праз паўтара стагоддзі. Гэтая сіла, падкрэсліла яна, — у любові да сваёй зямлі, да свайго народа. Гэтая сіла — у свабодзе, гэтая сіла — у смеласці, якую кожны з нас здольны знайсці ў сабе, каб здзейсніць подзьвіг. Завяршыла Святлана Ціханоўская сваю прамову спасылкай на словы Кастуся Каліноўскага, якія яна адзначыла як нацыянальную ідэю Беларусі: “Толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой ня будзе чужой улады”.
Усе прамовы, з якімі высокія госці мерапрыемства выступалі ў памяшканні капліцы, трансляваліся на вялікія экраны, усталяваныя звонку, каб іх мелі магчымасць пабачыць і пачуць тыя, хто сёння прыйшоў на Росы ўшанаваць памяць паўстанцаў.
Сярод прысутных найбольшай колькасцю была прадстаўлена беларуская дыяспара, якая пражывае ў Вільні.
Сённяшнія ўрачыстасці на Росах — не апошніе мерапрыемства, прымеркаванае да юбілею пачатку паўстання. У аўторак у віленскім Палацы вялікіх князёў літоўскіх адбудзецца дыскусія: “Чатыры народы пра паўстанне”, дзе са сваімі прамовамі выступяць прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны.