Функцыя 360-градуснага агляду наваколля ад Apple распаўсюдзіцца і на Беларусь

Іконка дадатку мапаў Apple на фоне Нясвіжскага замку. Фота: vecteezy / Apple

Гэта вынікае з багаў бэта-тэставання браўзернай версіі Apple Maps, паведамляе буйны партал MacRumors.

Па інфармацыі MacRumors, бэта-тэставанне браўзернай версіі дадатку Apple Maps выпадкова выкрыла будучыя зоны пакрыцця функцыяй «Агледзецца», якая дазваляе аглядаць усе асноўныя аўтастрады, гарадскія дарогі і вуліцы розных населеных пунктаў на 360 градусаў.

Адной з такіх будучых зонаў пакрыцця стане ўся Беларусь, вынікае з базавага коду і багаў бэта-тэсту мапаў Apple. Панарамная візуалізацыя месцаў можа быць заснавана на фатаграфіях за 2023 год, піша MacRumors.

Вынікі бэта-тэсту таксама сведчаць аб тым, што функцыя «Агледзецца» таксама распаўсюдзіцца і на такія краіны, як Марока, Егіпет, Іарданія, Сірыя, Ліван, Кітай, Турцыя, Балгарыя, Мексіка і Славакія.

Для многіх з вышэйпералічаных краін гэта будзе першы выпадак, калі стануць даступныя высакаякасныя выявы вуліц і наваколля, бо канкурэнтны дадатак Street View ад Google мае ў гэтых краінах меншую якасць і дэталізацыю панарамных фатаграфій.

nashaniva.com