Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла, што дазволы для некаторых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ўсё ж уязджаць у Літву прынятыя дзеля неабходнасці падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, паведамляе Tv3.lt.
«Літва, як член Еўрапейскага саюза, паслядоўна і сістэматычна прымяняе правілы ЕС. Разам з тым, ацэньваючы дзеянні іншых рэгіянальных партнёраў, практычныя аспекты забароны і працягваючы дыялог з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, ацэньваючы неабходнасць падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, мы адпаведна прымяняем варыянты, прадугледжаныя рэгламентам», — гаворыцца ў адказе МЗС, перададзеным агентсву BNS 16 жніўня.
Як паведаміла раней літоўская мытня, з 17 жніўня грамадзяне Беларусі, якія маюць літоўскую візу, дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве і едуць з асабістымі мэтамі, змогуць уязджаць у Літву на аўтамабілі.
Таксама будуць прапускаць аўтамабілі грамадзян краін ЕС, якія жывуць у Беларусі і едуць у ЕС з асабістымі мэтамі.
Забарона па-ранейшаму, аднак, захаваецца для службовых аўтамабіляў або аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах ці прызначаных для продажу.
Рашэнне аб прымяненні выключэнняў прыняла створаная ўрадам Каардынацыйная камісія па міжнародных санкцыях.
Забарона на ўезд у Літву легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі ўступіла ў сілу 18 ліпеня. Тыя, хто прыбыў раней, на працягу наступных паўгода — да 18 студзеня 2025-га — павінны выехаць або перарэгістравацца. Пасля гэтай даты яны не змогуць знаходзіцца ў Літве, а іх уладальнікаў чакае штраф і канфіскацыя аўтамабіля.
Аднак забарона не распаўсюджваецца на аўтамабілі з дыпламатычнымі нумарамі, калі яны неабходныя для дзейнасці дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў або для асабістага карыстання дыпламатаў.
У Літву таксама прапускаюць аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, калі яны выкарыстоўваліся для перавозкі парэшткаў памерлых.
Прадстаўніца Віленскай тэрытарыяльнай мытні Індрэ Странчыкайце паведаміла BNS, што за месяц — да 16 жніўня — на памежным пункце ў Медніках (на беларускім баку Каменны Лог) не прапусцілі ў Літву 49 аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі, а на пункце ў Салечніках (у Беларусі Беняконі) развярнулі 17 машын.