Віленскі Беларускі Музей імя Івана Луцкевіча ладзіць выставу чыстай паперы

На выставе са збораў архіву Віленскага Беларускага Музея імя Івана Луцкевіча паказаныя сшыткі, паштоўкі, блянкі, аркушы, аркушыкі, нататнікі, кувэрты, прамакаткі, папяровыя коркі, ватман, аргаліт, капірка, альбомы для фотаздымкаў, пэрфакарты, каталёжныя карткі, трафарэты, факсы ды іншае.

Усе матэрыялы адабраныя па выніках разбору ды вопісу фондаў архіву. У зборы кожнага чалавека апрача карэспадэнцыі, чарнавікоў, накідаў, малюнкаў ды засушаных кветак між старонак, застаецца й не выкарыстаная папера. Людзі накладаюць яе на будучыню, зьбіраюцца даслаць паштоўку, намаляваць карціну, напісаць верш, але часам не.

Такім чынам, выстава знаёміць наведнікаў з няздзейсненай часткай адзінаццаці фондаў архіву ВБМ, дысыдэнтаў, настаўнікаў, ссыльных, вязьняў, мастакоў, журналістаў, дасьледнікаў: Зоі Коўш, Зоські Верас, Алега Аблажэя, Аляксея Анішчыка, Адольфа Клімовіча, Янкі Тулейкі, Надзеі ды Язэпа Шнаркевічаў, Сяржука Вітушкі, газэты Наша Ніва й калгасаў памежжа. Матэрыялы выставы ахопліваюць перыяд у сто гадоў, з 1910-ых па 2010-ыя.

Выстава распавядае аб старых тэхналёгіях пісьма, аб вечным дэфіцыце паперы ў паваенным СССР, які прымушаў запасацца паперай, аб падпольным самадруку, аб графаманіі, аб калекцыянаваньні, аб эстэтыцы старой паперы й аб тым, чым, як і дзе ўсё гэта сканчаецца. Для назвы выставы выбрана габрэйскае слова гефкер, якое вызначае нічые, тое, што нікому не патрэбна.

Стварэньнем гэтай выставы Віленскі Беларускі Музэй адзначае сканчэньне папярэняга этапа працы са сваім архівам, калі былі разабраныя фонды й выданы даведніх па іх, і пачатак наступнага этапу, калі пачнецца масавае сканаваньне й электронная публікацыя матэрыялаў архіву ВБМ з 1910-ых па 1950-ые гады. Праект аблічбаваньня пачынаецца ў верасьні 2024 і будзе йсьці працягам года пры фінансавай ды тэхнічнай падтрымцы Брытанскай бібліятэкі.

Выстава будзе адчыненая працягам восеньскіх месяцаў. Экспазыцыя забяспечаная даведнікам беларускай, літоўскай і ангельскай мовамі й саўнд-трэкам з запісамі беларускай цішы, дасланымі сябрамі музэя. На працягу восені музэй запросіць на куратарскія туры па выставе. 

Уваход на выставу вольны.

budzma.org