У выдавецтве Polackija Labirynty, якое цяпер выпускае беларускія кнігі ў Польшчы, выйшла другое выданне поўнага перакладу эпічнай паэмы Гамера “Іліяда”. Перакладчык Лявон Баршчэўскі, які здзейсніў пераклад за 128 дзён, перагледзеў і папраўвіў тэкст, удакладніў каментары.

Міфалагічна-гераічны эпас “Іліяда”, стварэнне якога, каля сярэдзіны VIII ст. да н. э., прыпісваецца паўлегендарнаму грэцкаму песняру Гамеру, а запіс быў упершыню зроблены двума стагоддзямі пазней, стаў здабыткам не толькі прыгожага пісьменства Старажытнай Грэцыі.

Дзякуючы перакладам на вялікую колькасць моў свету, твор заняў пачэснае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры. Сюжэт паэмы будуецца на эпізодзе Траянскай вайны, якая, паводле сведчання большасці сучасных гісторыкаў, магла мець месца на мяжы ХIII і ХII ст. да н. э.

Першае выданне ў двух томах пабачыла свет у менскім выдавецтве “Энцыклапедыкс” у красавіку і чэрвені 2024 году. Цяпер поўны тэкст “Іліяды” разам з каментарамі, змешчанымі ў зносках, слоўнікамі, спісам дадатковых крыніц, звярстаны ў адну кнігу з цвёрдай вокладкай.

Цяпер кнігу можна купіць праз Allegro.pl па адмысловай цане. У кастрычніку кошт павысіцца, а масавы продаж пачнецца на фестывалі PRADMOVA.

bellit.info