Па нядзелях у Беластоку можна сустрэць людзей, якія натхнёна танчаць проста на вуліцы. Гэта аматары беларускіх традыцыйных танцаў, якія прывезлі такі звычай з сабой у эміграцыю, а таксама палякі-мінакі, якія далучаюцца да іх. Журналістка MOST наведала беластоцкую імпрэзу і даведалася, чаму людзі выходзяць на вуліцы, каб патанчыць.
А шостай вечара аматары танцаў збіраюцца на пляцоўцы каля Беластоцкага драматычнага тэатра. Гэта пераважна жанчыны — мужчын усяго некалькі. Прастора запаўняецца гукамі музыкі. Першыя некалькі танцаў удзельнікі быццам крыху саромеюцца: імкнуцца займаць як мага менш прасторы, але паступова набіраюць тэмп. Мінакі спыняюцца, каб паглядзець на беларусаў, а дзве дзяўчынкі-падлеткі далучаюцца да танцораў.
Так было калісьці і ў Беларусі.
— Тады танцы збіралі шмат людзей, якія прыходзілі ненаўмысна — проста ішлі па сваіх справах і далучаліся, — успамінае адна з удзельніц мерапрыемства Алеся (імя змененае). — Мы захацелі такое зрабіць і тут.
Танцаваць можна без дадатковых дазволаў
Пасля 2020 года ў Беларусі вулічныя танцы задушылі, як і іншую вулічную актыўнасць. Але неўзабаве эмігранты аднавілі іх у Польшчы. Традыцыйныя танцы ладзяць цяпер не толькі ў Беластоку, але і ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Кракаве і Познані.
У Беластоку танчыць разам эмігранты пачалі паўтара года таму ў беларускім хабе «Новая зямля». Але зараз, калі надвор’е дазваляе, збіраюцца на свежым паветры. Рэпертуар даволі разнастайны: ёсць у ім полька, лявоніха, базар.
— Мы ад самага пачатку хацелі танцаваць на вуліцы, — распавядае Алеся. — У памяшканні душна, а на вуліцы могуць і мінакі далучыцца.
Доўгі час удзельнікі не маглі разабрацца, ці дазваляе польскае заканадаўства танчыць на вуліцы. Нават накіроўвалі лісты ў мясцовыя адміністрацыі (ужонды), але адказы мясцовых улад падаваліся незразумелымі. Толькі сёлета беларусы даведаліся, што танцаваць можна без атрымання дадатковых дазволаў.
«Трэба майму дзядулі распавесці пра вашыя танцы, ён такое любіць»
Пляцоўку абіралі, каб яна была непадалёк ад цэнтральнай вуліцы. Але ў цені дрэваў, каб можна было схавацца ад спёкі. Парк каля драмтэатра падышоў ідэальна — і ўжо ў сярэдзіне траўня беларусы затанчылі на беластоцкай вуліцы. Побач ёсць фантаны, так што дзеці ўдзельнікаў гуляюць з вадой, пакуль бацькі танцуюць.
Тым часам назіраем, як дзве польскія дзяўчынкі, якія далучыліся да беларусаў, крыху саромеюцца і сыходзяць. Але хутка з’яўляецца ўжо дарослая полька. Жанчына ведае ўсе рухі і танчыць вельмі прафесійна. Мяркуем, што яна часта прыходзіць сюды, але аказваецца, да беларусаў яна далучылася ўпершыню.
— Я раней танчыла ў гурце. Вашыя танцы падобныя да польскіх, — тлумачаць жанчына. — Вельмі мне спадабалася. Файна, што ў такім месцы і што вы запрашаеце людзей да сябе.
— Трэба майму дзядулі распавесці пра вашыя танцы, ён такое любіць, — дадае яе сяброўка.
Як пазбегнуць выпадковага інфаркту
Алеся і нас запрашае далучыцца да танцаў. Вытрымліваем толькі адно кола. З боку здаецца, што рухі зусім не складаныя, але на справе аказваецца, што дыханне збіваецца, а ногі не слухаюцца. Каб пазбегнуць выпадковага інфаркту, садзімся на лавачку адпачыць.
Валерыя ўжо год ходзіць на танцы кожную нядзелю. Сёння дзяўчына апранула спадніцу і кашулю з прыгожай вышыўкай — гэта ўсё зроблена яе рукамі. А вось фартух Валерыя прывезла з Беларусі, яго зрабіла яе бабуля.
— Бабулі ўжо за 70 гадоў, яна нарадзілася ў Расіі, але ўсё жыццё пражыла ў беларускай вёсачцы пад Мінскам. Гэта традыцыйная беларуская вышыўка, — дэманструе свой строй дзяўчына.
«Адрэзаць галаву? Але ў нас няма галавы»
Адзін з удзельнікаў танцаў Валянцін (імя змененае) кажа, што ў Беларусі танцаў на вуліцах амаль не засталося. Зараз гэта хутчэй выключэнне з правіл.
— Раней фармальна людзі павінны былі атрымліваць дазвол на танцы. Але з гэтым пытанняў не ўзнікала. У Мінску, напрыклад, танчылі каля ратушы. У іншых гарадах, як правіла, гэта адбывалася каля дамоў культуры.
Валянцін адзначае, што гэта быў элемент грамадзянскай актыўнасці, нізавая ініцыятыва. Таму пасля 2020 года танцаваць і аказалася небяспечна. Аматары перасталі выходзіць на вуліцы.
— Тут страчаны не фонд, праграма ці штат кваліфікаваных супрацоўнікаў. Страчана магчымасць рэалізоўваць гэтую ініцыятыву.
Ён адзначае, што ў дэцэнтралізацыі, неарганізаванасці руху танцаў у Беларусі былі свае плюсы.
— Чым гэтыя ініцыятывы былі менш фармальнымі, тым прасцей ім было захавацца. Адрэзаць галаву? Але ў нас няма галавы. Таму такія ініцыятывы вельмі жывучыя, — лічыць Валянцін.
«Арыентуемся на найбліжэйшую нядзелю — і так трываем ужо паўтара года»
Удзельнікі танчаць амаль тры гадзіны з невялікімі перапынкамі. Увечары наступае восеньская прахалода, але, здаецца, танцоры яе не заўважаюць. Беларусы плануюць танцаваць да канца верасня, а пасля будуць шукаць закрытую пляцоўку.
— Мы на далёка ніколі не загадваем, увесь час арыентуемся на найбліжэйшую нядзелю і так трываем ужо паўтара года, — усміхаецца Алеся.
Жанчына адзначае, што некаторыя з удзельнікаў сумняваліся, ці варта ладзіць танцы і весяліцца, калі ў Беларусі палітвязні, а ва Украіне — вайна. Але пасля вырашылі, што гэта спосаб захаваць сябе і разгрузіцца.
— Гэта месца, дзе можам сустрэцца і нават не пагаварыць, а проста сумесна правесці час. Бо мова танцаў — міжнародная і досыць зразумелая для ўсіх, — лічыць Алеся.