Кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч не стаў пераможцам конкурса на пасаду рэктара.
На гэтую пасаду абралі іншую асобу.
Імя новага кіраўніка вну, верагодна, стане вядомае ў самы бліжэйшы час.
«Для абароны прыватнага жыцця прэтэндэнтаў і ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, ЕГУ не абвяшчае персанальную інфармацыю кандыдатаў, — паведамляюць ва ўнівесітэце. — ЕГУ правядзе перамовы аб заключэнні кантракту з фіналістам конкурса і, пры паспяховым завяршэнні гэтых перамоваў, Савет кіраўнікоў і Агульны сход аб’явяць аб выбары новага рэктара ЕГУ, як мяркуецца, да канца бягучага месяца».
Як паведамляла “Народная Воля”, міжнародны адкрыты конкурс на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта быў аб’яўлены яшчэ ў маі.
“Пошук новага рэктара быў ініцыяваны Агульным сходам саўладальнікаў і кіраўнічай радай ды апублікаваны на сайце ЕГУ разам з кантактнай інфармацыяй Камітэта пошуку, – пісалі на сайце ўніверсітэта. — Камітэт пошуку, які складаецца з 11 чальцоў, быў сфармаваны Кіраўнічай радай для вызначэння і адбору найлепшых кандыдатаў на пасаду рэктара. У адкрытым конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ прынялі ўдзел 17 кандыдатаў.
Камітэт па пошуку адабраў трох кандыдатаў, якія будуць разгледжаны Кіроўнай радай 12 студзеня 2023 года. У адпаведнасці з заканадаўствам (Закон аб абароне дадзеных, Палажэнне аб Камітэце па пошуку, Правілы правядзення працэдуры выбару рэктара Грамадскай установы «Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт» у 2022 годзе) асабістая інфармацыя кандыдатаў не падлягае разгалошванню.
На заключным этапе найлепшы кандыдат будзе прапанаваны Кіраўнічай радай Агульнаму сходу саўладальнікаў, які прыме рашэнне аб кандыдатуры новага рэктара да сакавіка 2023 года.
Аб выніках прызначэння рэктара будзе праінфармаваная супольнасць Універсітэта, сродкі масавай інфармацыі, Міністэрства адукацыі, навукі і спорту Літоўскай Рэспублікі».
Дарэчы, са штогадовых адкрытых ўніверсітэцкіх справаздач стала вядома, які заробак атрымлівае рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Лічбы ўражваюць.
Так, паводле справаздач за 2020–2021 гады, заробак рэктара быў 148.367 еўра, заробак прэзідэнта ЕГУ – 23.926 еўра (у 2019–2020 гадах – 89.319 еўра. У 2020–2021 гадах у параўнанні з 2019–2020 гадамі, зробак рэктара быў павялічаны на 30.970 еўра, або на 26,4%.
“У выпадку абрання рэктарам мушу атрымліваць вялікі па беларускіх, ды і еўрапейскіх памерах заробак, – абяцаў адзін з вядомых прэтэндэнтаў на пасаду рэктара ЕГУ навуковец Павел Церашковіч. – Сваім першым загадам скарачу яго сабе і рэшту перадам для стварэння ў ЕГУ некалькіх працоўных месцаў для беларускіх інтэлектуалаў-уцекачоў. Гэта не папулізм. Гэта падзяка тым маім сябрам, без якіх мая сям’я не выжыла б у першыя месяцы эміграцыі…”
Але Павел Церашковіч не стаў пераможцам гэтых выбараў.
Паглядзім, які план на ЕГУ мае новы рэктар.